04.05.2018 15:55

Дэпутат Людміла Канановіч: «За чалавекам бачыць сям'ю»

Источник

Як не трапіць у спіс дармаедаў, ці, больш правільна, «не занятых у эканоміцы»? Што рабіць, калі цяжка знайсці работу?.. Змяненні, якія нядаўна былі ўнесены ў Дэкрэт №1, мы абмеркавалі з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай выбарчай акрузе №72 Людмілай Канановіч.


— Людміла Мікалаеўна, на што найперш накіраваны змяненні Дэкрэта №1?
— На максімальнае садзейнічанне органаў улады грамадзянам у працаўладкаванні і ўвогуле на стымуляванне працоўнай занятасці і самазанятасці, падтрымку прадпрымальніцкіх ініцыятыў, дапамогу ў сацыялізацыі тым, хто аднойчы збочыў з жыццёвага шляху. Галоўны сэнс абноўленага Дэкрэта №1 – каб людзі працавалі і тым самым прымалі ўдзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Фарміраванне сучаснага рынку працы павінна ажыццяўляцца комплексна на падставе ўзгодненых дзеянняў усіх зацікаўленых органаў і службаў, у тым ліку бізнесу. Мэта відавочная – павышэнне якасці жыцця і недапушчэнне росту беспрацоўя. Гэтыя паказчыкі, у першую чаргу, адлюстроўваюць дэмаграфічныя і сацыяльныя працэсы ў грамадстве, эканамічны статус і ўзровень даходаў насельніцтва. Правядзенне палітыкі садзейнічання занятасці стане адным з асноўных паказчыкаў якаснай работы кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Уводзіцца новае паняцце «тэрыторыі з напружанай сітуацыяй на рынку працы». Іх пералік будзе зацвярджацца штогод. Сёлета такі ўжо ёсць. У Мінскай вобласці сем праблемных рэгіёнаў. Увогуле ў спісе 48 тэрыторый па краіне на асаблівым кантролі па занятасці насельніцтва.  

— Таксама перагледжаны пералік тых, хто будзе з’яўляцца, як кажуць абывацелі, дармаедам…
— У Дэкрэце №1, як і ва ўсіх астатніх заканадаўчых актах, слова «дармаед» няма. Ёсць абазначэнне — «не занятыя ў эканоміцы». Палажэнне аб тых, хто можа трапіць у названую катэгорыю, зацверджана Саветам Міністраў ад 31 сакавіка. Гэта грамадзяне Беларусі, іншаземцы і асобы без грамадзянства (з дазволам на пастаяннае пражыванне), якія не працуюць і не вучацца, не займаюцца прадпрымальніцтвам, рамёствамі, творчай ці іншай дзейнасцю (усе віды пазначаны ў Пастанаўленні). Са спіса выключаюцца тыя, хто па аб’ектыўных прычынах не можа быць заняты ў эканоміцы. Напрыклад, інваліды; маці, якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў або дзіця-інваліда да 18 гадоў ці больш за траіх непаўналетніх дзяцей; пенсіянеры; зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных; тыя, хто страціў работу па ўважлівых прычынах (на працягу шасці месяцаў ад даты звальнення); хто адбывае пакаранне і інш..

— Як будзе маніторыцца спіс «не занятых у эканоміцы»?
— У першую чаргу, гэта работа Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Яно вызначана ўладальнікам базы грамадзян, не занятых у эканоміцы. Інфармацыю пра іх будуць даваць дзяржаўныя органы пачынаючы з раённага ўзроўню. Абавязковыя звесткі – ідэнтыфікацыйны нумар; прозвішча, імя і імя па бацьку (калі ёсць) на рускай мове; дата нараджэння; пол; грамадзянства; даныя аб рэгістрацыі па месцы жыхарства (знаходжання); даныя пашпарта ці іншага дакумента, што пацвярджае асобу. Міністэрству сувязі і інфарматызацыі даручана забяспечыць фінансаванне мерапрыемстваў па стварэнні і аўтаматызацыі працэсу фарміравання агульнадзяржаўнай базы даных. Гэтаму пасадзейнічае і РУП «Нацыянальны цэнтр электронных паслуг». Звярну ўвагу на тое, што перш чым база «не занятых у экано-
міцы» сфарміруецца канчаткова, мясцовыя органы ўлады павінны дайсці да кожнага, хто можа быць уключаны ў яе.

— Вялікая роля адводзіцца камісіям па працаўладкаванні. Раскажыце, калі ласка, пра іх больш падрабязна.
— Забяспечваць дзейнасць камісій будуць раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты. Узначаляць іх старшыні раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў, у склад увойдуць прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых службаў – ідэалогіі, медыцыны, адукацыі, праваахоўных органаў, упраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва, а таксама рэспубліканскіх дзяржаўных грамадскіх аб’яднанняў, дэпутаты ўсіх узроўняў і інш. Трэба зазначыць, што абноўлены Дэкрэт №1 дае камісіям больш шырокія паўнамоцтвы. Яны ствараюцца не толькі для садзейнічання занятасці, аказання дапамогі ў працаўладкаванні, але і для таго, каб убачыць, у якой сітуацыі знаходзіцца сям’я. І калі трэба, падключыць да рашэння праблем іншыя службы. Кожны складаны выпадак будзе разглядацца комплексна. Прычым заяву можа пакінуць не толькі той чалавек, які сутыкнуўся з праблемай, але і яго блізкія. Калі ж усе прынятыя меры па садзейнічанні занятасці, а таксама прафілактычныя мерапрыемствы не прынясуць эфектыўнасці і чалавек не ўладкуецца на работу, будзе весці асацыяльны лад жыцця, камісія мае права прыняць рашэнне аб яго накіраванні ў лячэбна-папраўчую ўстанову.

Камісія таксама акажа кансультацыйную, метадычную, прававую дапамогу і арганізуе работу па паведамленні грамадзянам, ці знаходзяцца яны ў базе «не занятых у эканоміцы». Вельмі важны кірунак — каардынацыя шырокага інфармавання насельніцтва па тлумачэнні сацыяльна-працоўных гарантый, якія дае дзяржава, а таксама арыентацыя на ажыццяўленне легальнай дзейнасці.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 2134 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить