27.04 11:57

Пра што гаварылася ў пасланні Прэзідэнта

Источник

24 красавіка 2018 года Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь (артыкул 84), звярнуўся з пасланнем да беларускага народа і парламента аб становішчы ў дзяржаве і аб асноўных напрамках унутранай і знешняй палітыкі.

Пра што гаварылася  ў пасланні Прэзідэнта president.gov.by


Што маем, не захоўваем...
«Чалавецтва знаходзіцца на раздарожжы. Мы ўступілі ў эпоху нявызначанасці, непрадказальнасці і працяглай нестабільнасці, — адзначыў на пачатку свайго звароту кіраўнік дзяржавы. — На планеце больш няма месца, дзе можна схавацца, адгарадзіцца і безудзельна назіраць за тым, што адбываецца».
Паводле слоў Прэзідэнта, сёння асабліва востра адчуваецца, як лёгка страціць бяспеку і якіх неймаверных намаганняў каштуе яе захаваць. «Нацыянальны эгаізм, грэбаванне інтарэсамі сваіх партнёраў і нават саюзнікаў, эгацэнтрызм, парушэнне міжнародных нормаў становяцца неад’емнай часткай палітыкі вядучых сусветных гульцоў. Планету захліснулі гандлёвыя войны. У гэтых абставі-
нах асабліва актуальныя міралюбная, збалансаваная знешняя палітыка, якую праводзіць Беларусь, а таксама нашы ініцыятывы: прасоўванне ідэй сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе, партнёрства розных інтэ-
грацыйных аб’яднанняў, абнаўленне агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва», — заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што для саюзнікаў Беларусь з грамадска-палітычнай згодай, міжканфесійным мірам і беспраблемнай для суседзяў і іншых дзяржаў палітыкай уяўляе сабой асаблівую каштоўнасць.

Бяспека – у адзінстве народа
Сёння асабліва важна ўтрымліваць раўнавагу ўнутры краіны, лічыць Прэзідэнт.
Любыя дасягненні цывілізацый, любыя матэрыяльныя даброты і амбіцыйныя асабістыя поспехі гаснуць перад абліччам пагрозы, таму ў нашай краіне ўсведамляюць, што бяспека — у адзінстве нашага народа, у моцнай унутранай і знешняй палітыцы дзяржавы. Стабільнасць і з’яднанасць грамадства даліся нам нялёгка, нам ёсць што губляць і ёсць што абараняць. Адказнасць за парадак і мір ляжыць на кожным — пачынаючы са сваёй сям’і і дома і заканчваючы цэлай краінай. «Калі мы разам — толькі тады мы сіла. І зможам супрацьстаяць любым выклікам», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Дзякуючы працы і інтэлекту
Незалежнасць дзяржавы, яе аўтарытэт, спакой у грамадстве, якасная адукацыя, высокая культура і дасягненні ў спорце ў першую чаргу залежаць ад паспяховасці эканомікі. «Мы, як ніхто іншы, пацвярджаем гэтае правіла. Свой поспех — у адрозненне ад іншых краін, багатых на прыродныя рэсурсы, — мы ствараем толькі працай і інтэлектам свайго народа. І ў гэтым наша перавага, — адзначыў беларускі лідар. — Для
правільнага выбару дзеянняў унутры краіны мы павінны чуйна і правільна разумець развіццё сучаснага свету. А яно вызначаецца трыма ключавымі фактарамі: ростам новых
тэхналогій, уздымам рынкаў, якія развіваюцца, татальнай глабалізацыяй усіх сусветных працэсаў».

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь не стане закрывацца ад свету, нягледзячы на санкцыйныя войны, якія рыкашэтам закрануць і нас, — ці гэта будзе праз фінансавы, ці праз гандлёвы канал. «Наша задача — быць адкрытымі для лепшага. Мэта — расці хутчэй, чым іншыя, і такім чынам скарачаць адставанне ад развітых краін. У гэтым залог якасных змен, якія нам патрэбныя і дазволяць падымаць узровень дабрабыту грамадзян Беларусі аднос-
на іншага свету», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Замахнуцца на 100 мільярдаў долараў
«Эфектыўнасць, з якой працавала наша краіна, і карпатлівая праца беларускага народа далі станоўчы вынік. Сумеснымі намаганнямі негатыўныя тэндэнцыі апошніх гадоў мы быццам бы пераадолелі», — сказаў беларускі лідар.

Узровень інфляцыі — нізкі, аб’ёмы экспарту аднаўляюцца, а структура плацежнага балансу паляпшаецца. Акрамя таго, бюджэтныя сродкі выдаткоўваюцца толькі па мэтавых праграмах і пад канкрэтныя задачы, а па росце ВУП Беларусь выходзіць з двухгадовай рэцэсіі. «Галоўнае цяпер — надаць пазітыўным зменам незваротны характар», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Сярэднетэрміновая мэтавая ўстаноўка даведзена да ўсіх. Яна застаецца нязменнай — дасягненне да канца наступнай пяцігодкі валавога ўнутранага прадукту не менш за 100 мільярдаў долараў ЗША».
Несумненна, для рыўка неабходны маштабныя рашэнні, таму стратэгічныя крокі патрэбныя ва ўсіх сферах. «Сённяшняя эканоміка — гэта не толькі МАЗ, «БелАЗ» і МТЗ. Усёй выканаўчай вертыкалі трэба аказваць усебаковую дапамогу бізнесу ў стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, якія забяспечаць пазітыўную дынаміку развіцця кожнага рэгіёна краіны».

На першым месцы — чалавек
Беларускі лідар падкрэсліў, што найважнейшая каштоўнасць у бягучым стагоддзі — гэта чалавечыя капітал, інтэлект і энергія, таму неабходна забяспечыць трансфер «мазгоў» да нас. Каб у Беларусь — чысты, спакойны і камфортны куток Еўропы — як магнітам, цягнула самых лепшых і разумных.
Што мы гатовыя прапанаваць? Стабільныя і камфортныя ўмовы вядзення бізнесу, што павінна быць нашым нацыянальным брэндам, і дружалюбнасць. Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна фарміраваць атмасферу новага бізнес-клімату, асновай якога павінны стаць дзелавыя адносіны і ўзаемны давер.

Адпавядаць рэчаіснасці
Асобна кіраўнік дзяржавы закрануў пытанне магчымай карэкціроўкі Канстытуцыі, якое апошнім часам актыўна абмяркоўваецца ў сродках масавай інфармацыі. «Шаноўныя сябры, раз і назаўсёды хачу сказаць: я ніколі не дзейнічаў несумленна ў адносінах да нашых людзей. І ніколі на гэта на пайду. Я ведаю, адкуль прыйшоў і як перамог на прэзідэнцкіх выбарах. Я абяцаў і ніколі не парушу сваю клятву, чаго б мне гэта ні каштавала. Бо будзе як учора ў Арменіі. З народам гуляць нельга».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер нам не да рэферэндумаў — трэба ў гэтай бурлівай, хаатычнай, бязладнай, небяспечнай сітуацыі ў свеце выстаяць. Прэзідэнт паўтарыў сваю пазіцыю: Канстытуцыя, як і любы нарматыўны акт, будзе ўдасканальвацца, бо нарматворчасць — гэта жывы, дынамічны працэс, гэткі ж, як само жыццё.

«Абяцаю вам, што ніколі не пастаўлю вас і спецыялістаў, суддзяў, народ перад выбарам змен канстытуцыйных асноў дзяржавы пад нейкую асобу. Ніколі гэтага не будзе», — звярнуўся Прэзідэнт да парламентарыяў.

Менш слоў — больш справы!
Падрыхтоўкай да Паслання кіраўнік дзяржавы назваў важныя мерапрыемствы, якія прайшлі на працягу года і на якіх ужо былі разгледжаны актуальныя пытанні развіцця краіны, абазначаны асноўныя напрамкі работы.
На нарадзе па развіцці вёскі быў ахоплены ўвесь спектр праблем галіны — ад прынцыпаў работы са стратнымі прадпрыемствамі да развіцця малых населеных пунктаў і прыцягнення моладзі да работы на зямлі. «Таму мной было прынятае рашэнне аб’явіць гэты год Годам малой радзімы, і я па-
прасіў усіх, хто толькі можа, паехаць на суботнік у свае родныя мясціны і тым самым прадэманстраваць людзям, што мы хаця б невялікую долю сваёй працы ўкладаем туды», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
У час рэспубліканскай нарады па ЖКГ вызначана, што далейшае ўдасканаленне наяўнай сёння структуры жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінна праводзіцца на падставе разумнай цэнтралізацыі і дастатковай свабоды дзеянняў на месцах.

На пасяджэннях Савета Бяспекі пастаўлены задачы па ўмацаванні правапарадку і законнасці, забеспячэнні спакойнага жыцця людзей.

З педагагічным актывам краіны намечаны шляхі ўдасканалення сістэмы адукацыі і яе пераходу на якасна новы ўзровень. На другім З’ездзе вучоных зацверджана доўгатэрміновая праграма інавацыйнага развіцця Беларусі. Разам з прадпрымальнікамі вызначаны ўмовы вядзення бізнесу і развіцця прыватнай ініцыятывы. Адбылася шчырая размова з творчай моладдзю, старшакласнікамі, журналісцкай супольнасцю. Дэталёва разабраныя праблемы ў спорце.

Сёння асноўная задача — рэалізацыя ўсіх прынятых рашэнняў. Менш слоў — больш справы — вось прынцып, які павінен стаць галоўным у стылі і метадах работы кіраўнікоў усіх узроўняў. Ды і не толькі кіраўнікоў. Калі прынятыя рашэнні не будуць рэалізаваныя, можа паўтарыцца сітуацыя, якая склалася з выкананнем маштабных інвестыцыйных праектаў, закліканых надаць імпульс рэгіянальнаму развіццю і нават дзяржаўнаму ў цэлым. У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў заводы ў Светлагорску і Добрушы, нагадаў пра цяганіну на аб’ектах нафтахіміі, будаўніцтва, лёгкай прамысловасці, адзначыў адсутнасць нават кароткатэрміновай стратэгіі ў цэментнай галіне. Асобнай тэмай Прэзідэнт назваў атамную электрастанцыю: «Мне дагэтуль ніхто выразна не далажыў, як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на шкоду, якую замест карысці часта прыносяць пасярэдніцкія структуры паміж вытворцамі беларускай прадукцыі і спажыўцамі. Самым згубным чынам на стан эканомікі ўплывае карупцыя. «Барацьба з ёй на ўсіх узроўнях была і будзе самай рашучай і празрыстай», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. «Вельмі шкада, што мы па-ранейшаму змагаемся з наступствам, а не з прычынай гэтай з’явы. Калі распачынаем крымінальную справу — «б’ём па руках» дзялкоў, якія зарвалі-
ся, па сутнасці, рэагуем на факт, які адбыўся. А трэба ліквідаваць менавіта прычыны — папярэдзіць карупцыйныя з’явы. І гэта ўжо прамы абавязак кіраўнікоў любога ўзроўню, ці то міністр, дырэктар дэпартамента або старшыня выканкама», — сказаў беларускі лідар.

Наш дабрабыт – на знешніх рынках
«Наша краіна экспартуе дзве траціны вырабленага прадукту. А значыць, наш дабрабыт — на знешніх рынках. Для нарошчвання прысутнасці на знешніх рынках мы павінны эфектыўна ўбудавацца ў глабальныя і рэгіянальныя вытворчыя ланцужкі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Для гэтага неабходна наладзіць у Беларусі высакаякасную вытворчасць гатовага прадукту. Вытворчасць, якая адпавядае стандартам найбольш развітых краін, можна стварыць або самім, або сумесна з замежнымі інвестарамі».
Прэзідэнт заклікаў уцягваць у экспартны кірунак малы і сярэдні бізнес, асабліва ў сферы паслуг. «Турызм, медыцына, спорт — гэта тыя галіны, дзе мы фактычна топчамся на месцы, хоць ёсць усе магчымасці для дынамічнага нарошчвання іх экспартнага складніка», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Патэнцыял інтэграцыі і добрых адносін
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў складанай міжнароднай абстаноўцы саюзны праект з Расіяй не толькі не згубіў сваёй значнасці, але мае асаблівую каштоўнасць. Разам з тым інтэ-
грацыйны патэнцыял узаемадзеяння выкарыстоўваецца не ў поўнай меры і не заўсёды эфектыўна. «Пытанні допуску нашых тавараў на расійскі рынак ужо нагналі аскому! Два дзясяткі гадоў кажам пра фарміраванне агульнага рынку, а праблемы то ў адной, то ў іншай сферы — харчаванне або энергарэсурсы — узнікаюць як па графіку».

Па розных прычынах не ўдаецца рэалізацыя многіх праектаў і ў рамках ЕАЭС. «І калі на так званыя знешнія фактары ўплыву не акажаш, то тое, што адбываецца ўнутры саюза, цалкам залежыць ад краін-
удзельніц, ад нас саміх», — не сумняваецца беларускі лідар.
Прычыну Аляксандр Лукашэнка бачыць у непаслядоўнай пазіцыі партнёраў па эканамічным саюзе. «Або мы рухаемся наперад, або імітуем рух. Апошняе недапушчальна!».

Галоўная мэта застаецца нязменнай
«Беларусь змагла заняць уласную нішу ў свеце, яна стала самастойным рэгіянальным гульцом. Глабальныя знешнепалітычныя ініцыятывы, у аснове якіх ідэі бяспекі і супрацоў-
ніцтва, сталі лагічным выкананнем аб’яднальнага парадку дня, які прапаноўваецца Мінскам сусветнай супольнасці», — паведаміў Прэзідэнт.

Ён акцэнтаваў, што беларуская шматвектарная знешняя палітыка застаецца паслядоўнай і прадказальнай. «Мы працягваем выбудоўваць супрацоўніцтва з рознымі партнёрамі, ураўнаважваць свае інтарэсы паміж рознымі полюсамі сілы, культываваць новыя геапалітычныя апоры і «падушкі бяспекі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі няма залішніх геапалітычных амбіцый, аднак няма і комплексу аўтсайдара. Мы — еўрапейская краіна з развітай эканомікай, спакойнай грамадска-палітычнай сітуацыяй, міжканфесійным мірам і прыстойнай знешняй палітыкай, якая не стварае для кагосьці праблем, а дапамагае іх вырашаць, калі пра гэта просяць.

Мы будуем дзяржаву для народа. На першым плане — умацаванне эканомікі і прымнажэнне дабрабыту людзей.

«Якой будзе Беларусь заўтра — залежыць ад кожнага з нас, — адзначыў Прэзідэнт. — Калі мы будзем працаваць годна, сумленна, то сумеснымі намаганнямі зможам дамагчыся пастаўленых мэт і зрабіць жыццё беларускага народа лепшым. І мы зробім гэта, таму што ведаем, куды ідзём і чаго хочам».


Прочитано 2330 раз
БЕЛТА

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить