03.10 14:47

У полі зроку дэпутатаў райсавета -- сёння і заўтра нашай медыцыны

Источник

Калі абстрагавацца ад высокіх матэрый і штампаў, то што чалавека найбольш хвалюе ў жыцці? Вядома ж, здароўе. Уласнае. Дзяцей, блізкіх людзей. Здароўе – гэта эквівалент шчасця. Ні больш ні менш.

У полі зроку дэпутатаў райсавета  -- сёння і заўтра нашай медыцыны "Маладзечанская газета"

Менавіта пра стан медыцынскай дапамогі насельніцтву і арганізацыю прафілактычнай работы па папярэджванні захворванняў на тэрыторыі Маладзечаншчыны і вялася размова на чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў.

Сесія, па традыцыі, стала выязной: адна справа — пачуць, і зусім іншая – пачуць і ўбачыць, каб затым асэнсаваць. Спачатку яе ўдзельнікі, а гэта прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, кіраўнікі медыцынскіх устаноў раёна (удзел у рабоце сесіі браў таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван Маркевіч) наведалі некалькі профільных аб’ектаў. Першым з іх стала раённая бальніца №2, якая колькі гадоў таму прайшла стадыю сур’ёзнага рамонту і цяпер выклікае самыя добрыя ўражанні ў пацыентаў і наведвальнікаў. Загадчыца бальніцы Дар’я Калядзіч расказала пра перамены, што адбыліся ва ўстанове апошнім часам, пазнаёміла з магчымасцямі і ўмовамі арганізацыі стацыянарнай спецыялізаванай дапамогі, падзялілася бачаннем перспектывы. Наступным адрасам наведвання стаў пасёлак Сасновы Бор, аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва. Як патлумачыла Наталля Калягіна, загадчыца аддзялення, тут век вякуюць тыя, хто застаўся ў адзіноце і па нейкіх прычынах не можа знаходзіцца па месцы ранейшага жыхарства. Такіх на сёння 16 – адзінаццаць жанчын і пяцёра мужчын, у асноўным былыя вяскоўцы. Наталля Аляксееўна адказала на пытанні, правяла па жылых і службовых памяшканнях. Дзяржава пайшла насустрач людзям, для іх створаны належныя ўмовы пражывання, абслугоўвання і лячэння. Ды і сам будынак, у якім раней размяшчаўся дзіцячы сад, дагледжаны, знаходзіцца ў жывапісным месцы.

У вёсцы Краснае ўдзельнікаў выязнога пасяджэння сустрэла Зоя Курэц, загадчыца мясцовай урачэбнай амбулаторыі. Зоя Мікалаеўна сама выбіралася ў раённы Савет дэпутатаў, цяпер прадстаўляе інтарэсы землякоў у складзе дэпутатаў Красненскага сельскага Савета. За доўгае шчыраванне на ніве аховы здароўя ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі». Амбулаторыя разлічана на пяцьдзясят наведванняў за змену, сваю работу накіроўвае на шырокую прафілактыку і зніжэнне захворваемасці мясцовага насельніцтва, ранняе выяўленне хворых, дыспансерызацыю, аказанне кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, прапаганду здаровага ладу жыцця. У зоне абслугоўвання амбулаторыі – больш за 3000 чалавек. Амбулаторыя чатыры разы прызнавалася лепшай у вобласці.

Паколькі пленарная частка выязной сесіі павінна была прайсці ў Чысцінскім сельскім Доме культуры, то ў пасёлак і накіраваўся аўтобус з дэпутатамі.

Не ведаю нават, наколькі медыцынскую ўстанову, зрэшты, як і сацыяльны прытулак, можна назваць цёплым домам, але Чысцінская ўчастковая бальніца выглядае вельмі прыстойна. Адметная яна і месцам знаходжання, і персаналам сваім. Яе загадчыца ўрач-тэрапеўт першай кваліфікацыйнай катэгорыі Наталля Люцко шмат гадоў узначальвае калектыў. Першую катэгорыю маюць загадчыкі аддзялення рэабілітацыі Уладзімір Швакель і інфекцыйнага аддзялення Уладзімір Насыр. У структуры бальніцы таксама тры фельчарска-акушэрскія пункты – Відзеўшчынскі, Раёўскі і Лосеўскі. На тэрыторыі, якую абслугоўвае ўчастковая бальніца, налічваецца без малога восем тысяч чалавек.
Наталля Рыгораўна пазнаёміла калег-дэпутатаў з умовамі працы работнікаў установы, з магчымасцямі па рэабілітацыі хворых, расказала аб праблемах, з якімі даводзіцца сутыкацца медыкам на перыферыі. Адна з іх – дэфіцыт сродкаў на рамонт памяшканняў: планаў у Люцко і яе калег нямала. Зрэшты, пакрысе яны рэалізуюцца.

З бліжэйшай перспектывы пачаў сваё выступленне перад удзельнікамі сесіі і выконваючы абавязкі галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя «Маладзечанская цэнтральная раённая бальніца» Іван Лужынскі. Ён засяродзіў увагу на тым, што ў бліжэйшыя тры гады плануецца выканаць комплекс мерапрыемстваў па ўкараненні новых высокатэхналагічных метадаў дыягностыкі і лячэння для насельніцтва Маладзечанскага, а таксама Валожынскага, Вілейскага, Мядзельскага раёнаў: чакаецца пастаўка за кошт цэнтралізаваных сродкаў кабінета магнітарэзананснай тамаграфіі, ангіяграфічнага комплексу і кабінета рэнтгеналагічнай камп’ютарнай тамаграфіі. Рашэнне пастаўленай задачы, перакананы Іван Станіслававіч, наўпрост адаб’ецца на даступнай і якаснай медыцынскай дапамозе насельніцтву, зніжэнні захворваемасці, раннім выяўленні фактараў рызыкі і паляпшэнні якасці дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі, урэшце, на дэмаграфічнай сітуацыі.
Сёння ў Маладзечанскім раёне ў сферы аховы здароўя працуюць 3454 чалавекі, у тым ліку 564 — урачы, 1500 – асобы з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй. Паказчык укамплектаванасці ўрачамі складае без малога 76 працэнтаў, сярэднім медперсаналам – 88 працэнтаў. Не хапае найперш «вузкіх» спецыялістаў. Разам з тым наша цэнтральная раённая бальніца з’яўляецца базай па падрыхтоўцы медыцынскіх сясцёр і фельчараў медыцынскага каледжа, урачоў-інтэрнаў па тэрапіі, неўралогіі, стаматалогіі, акушэрстве-гінекалогіі і іншых. Прыцягненне і замацаванне медыцынскіх кадраў, у тым ліку маладых спецыялістаў, праз паляпшэнне жыллёвых умоў, матэрыяльнае стымуляванне і садзейнічанне прафесіянальнаму росту – задача нумар адзін для адміністрацыі ЦРБ.

Па выніках дзейнасці сістэмы аховы здароўя вобласці ў 2016 годзе Маладзечанскі раён займаў восьмую пазіцыю сярод 23 рэгіёнаў і апярэджваў такія буйныя раёны, як Барысаўскі, Салігорскі, Слуцкі. Па выніках работы ў 2014-2015 гадах – сёмае і восьмае месцы адпаведна.

Як паведаміў далей І. Лужынскі, распрацаваны меры, накіраваныя на паляпшэнне эфектыўнасці і якасці медыцынскай дапамогі насельніцтву. Для гэтага спатрэбяцца дадатковыя фінансавыя сродкі: на набыццё ўльтрагукавога сканера для радзільнага дома, сучаснага аперацыйнага афтальмалагічнага мікраскопа і апарата для выдалення катаракты для вочнага аддзялення бальніцы №1. Пералічанае абсталяванне дапаможа павысіць якасць паслуг і павялічыць іх колькасць, а таксама дазволіць увесці экспарт платных паслуг для пацыентаў з іншых абласцей.
На якасці медыцынскага абслугоўвання жыхароў горада і сельскіх населеных пунктаў спыніліся ў сваіх выступленнях загадчыца паліклінікі №3, дэпутат па Паліклінічнай выбарчай акрузе №15 Наталля Капцюг і загадчык хірургічнага аддзялення паліклінікі №1, дэпутат па Скарынаўскай выбарчай акрузе №13 Сяргей Фалько. Сутнасць праблемы ў недастатковай колькасці ўрачоў рознага профілю: адсюль і высокая нагрузка, «канвеер» у час прыёму. Многія грамадзяне імкнуцца адразу запісацца да «вузкага» спецыяліста. А першае наведванне яго без заключэння ўрача агульнай практыкі – гэта, вобразна кажучы, змарнаваны час. С. Фалько пажартаваў, што не развітаецца з дэпутацкім мандатам, пакуль побач з паліклінікай не будзе пабудавана аўтамабільная паркоўка для пацыентаў, ды і сам будынак лячэбнай установы не пройдзе праз рамонт.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец пагадзіўся з апошнім: паліклініка №1 мае вострую неабходнасць у рамонце, як і ў арганізацыі месцаў для паркоўкі. Раённыя ўлады ў наступным годзе сур’ёзна зоймуцца вырашэннем акрэсленых праблем.

– Медыцынскае абслугоўванне ў Маладзечанскім раёне знаходзіцца на дастаткова высокім узроўні, – выказаўся А. Яхнавец. – На патрэбы галіны выдзяляецца 38 працэнтаў сродкаў раённага бюджэту (да прыкладу, на адукацыю – 36 працэнтаў). Разам з тым раённыя ўлады не задавальняе работа па прыцягненні і замацаванні маладых спецыялістаў, новых кадраў. Не будзе маладых урачоў – не будзе каму працаваць на сучасным абсталяванні.

Кіраўнік раёна заклікаў павышаць якасць медабслугоўвання, у тым ліку і праз сістэму медаглядаў, асабліва вяскоўцаў.

Сваімі разважаннямі на актуальную тэму стану медыцынскай дапамогі насельніцтву і арганізацыі прафілактычнай работы па папярэджанні захворванняў на Маладзечаншчыне падзяліўся старшыня райсавета дэпутатаў Віктар Невяровіч.

Пытанні, узнятыя дакладчыкам і дэпутатамі, і адказы на іх знайшлі сваё адлюстраванне ў рашэнні трыццатай сесіі райсавета дэпутатаў 27-га склікання.

Фота: Аляксандр ЛАЗОЎСКІ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/ofitsialno/item/1691-u-poli-zroku-deputata-rajsaveta-sjonnya-i-za-tra-nashaj-medytsyny.html#sigProId8dc9457c9d
Прочитано 2276 раз
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить