28.07 11:50

Дэпутацкі прыём. Жыллё, экалогія, эканоміка…

Источник

Зварот да дэпутата — адзін з найбольш эфектыўных спосабаў для выбаршчыкаў вырашаць свае набалелыя пытанні. Людзі ўпэўненыя: народны выбраннік абароніць іх інтарэсы, улічыць меркаванні, дасць слушную параду, знойдзе выйсце з пэўнай сітуацыі. Вось чаму асабістыя прыёмы парламентарыяў не застаюцца па-за ўвагай жыхароў акругі. Так было і ў час чарговага прыёму, які праводзіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе №73 Іван Маркевіч.

Дэпутацкі прыём. Жыллё, экалогія, эканоміка… "Маладзечанская газета"


— Дапамажыце атрымаць жыллё, — звярнуўся мужчына сярэдніх гадоў, жыхар вуліцы Шаранговіча. — Я адзін выхоўваю траіх непаўналетніх дзетак. Займаем два жылыя пакоі ў прыватным доме. Ацяпленне пячное, прычым адзін з пакояў наогул не ацяпляецца. Сам знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку. Стаю на ўліку паляпшэння жыллёвых умоў. Прашу садзейнічання перасяліцца хаця б у блок у інтэрнаце. Дзеці павінны пражываць у лепшых умовах…

Сітуацыю патлумачыў начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Сяргей Бохан. Ён паведаміў, што мужчына можа звярнуцца з адпаведным хадайніцтвам да кіраўніцтва арганізацыі, дзе працаўладкаваны. Яно, у сваю чаргу, мае права папрасіць суб’екты гаспадарання, у распараджэнні якіх знаходзяцца інтэрнаты, у парадку чарговасці ўсяліць сям’ю. Аднак сітуацыя ўскладняецца тым, што мужчыну і дзецям фактычна ёсць дзе жыць.

Найбольш рэальная магчымасць вырашыць жыллёвае пытанне – удзельнічаць у камерцыйным будаўніцтве. Чарговы набор дольшчыкаў пачнецца ў бліжэйшы час. Сям’я мнагадзетная, і калі яна будзе прызнаная сацыяльна неабароненай, жыллё для яе можа быць пераведзена ў катэгорыю сацыяльнага.

— Трэба паслухаць спецыяліста і зрабіць, як ён раіць. Пра будучыню дзяцей неабходна паклапаціцца ўжо цяпер. Ваша пытанне бярэцца на кантроль, — падсумаваў вынік размовы Іван Маркевіч.

Чытайце таксама: У ліпені 2017 года прыёмы жыхароў Маладзечанскага раёна і прамыя тэлефонныя лініі праводзяць дэпутаты, адказные асобы розных служб Маладзечанскага раёна і Мінскай вобласці.

Наступную наведвальніцу, жыхарку вёскі Маліноўшчына, непакоіць непрыемны пах з боку Малінаўшчызненскага спіртагарэлачнага завода «Аквадыў».

— Калі вецер дзьме з напрамку «Аквадыву», на вуліцы знаходзіцца проста немагчыма, а ў хаце зачыняем вокны, — наракала жанчына. — Ад непрыемнага паху церпяць і непаўналетнія ўнукі, якія прыязджаюць да мяне ў госці. Трэба нешта рабіць, бо жыць у вёсцы і дыхаць «сапсаваным» паветрам – няправільна.

Па словах галоўнага ўрача занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Міхаіла Грабоўскага, спецыялісты рэгулярна даследуюць канцэнтрацыю шкодных і забруджвальных рэчываў як на тэрыторыі прадпрыемства, так і па перыметры санітарна-ахоўнай зоны. Перавышэнне ПДК не выяўлялася. Такім чынам, здароўю мясцовых жыхароў і работнікаў завода нішто не пагражае. Што тычыцца паху, то парог яго ўспрымання ў кожнага чалавека розны. Да таго ж няма нарматываў, якія вызначаюць параметры такога «забруджвання».

— Ачыстка сцёкаў на «Аквадыве» праводзіцца ў адпаведнасці з дзеючымі нормамі, — паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Чарноў. — Сховішча для захоўвання брагі ізаляванае, пах ад яе нават на невялікай адлегласці практычна не адчуваецца. На працягу бліжэйшых двух гадоў плануецца асвоіць тэхналогію поўнай перапрацоўкі брагі (цяпер яна, у асноўным, вывозіцца на палі ў якасці ўгнаення).

— Сітуацыя спрэчная, — адзначыў Іван Маркевіч. — Каб разабрацца ў ёй, трэба абавязкова ў бліжэйшы час выехаць на месца. У спецыяльную групу, акрамя мяне, увойдуць прадстаўнікі раённай улады, сельскага выканаўчага камітэта, занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, раённай інспекцыі па ахове прыроды, іншыя спецыялісты. Па выніках маніторынгу будзе прынята ўзважанае рашэнне.

На прыём да дэпутата прыйшлі яшчэ чацвёра выбаршчыкаў. Сярод іх —жыхарка Маладзечна, якая мела намер вырашыць пытанне рэгістрацыі аднаго з суб’ектаў гаспадарання па месцы яе жыхарства без яе згоды, а таксама жыхар Мінска, які перадаў прапановы па ўдасканаленні дзейнасці ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Забудова».

Іван Маркевіч прыняў усіх наведвальнікаў. Кожны зварот узяты на кантроль.

Алег БЯГАНСКІ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/ofitsialno/item/1488-deputatski-pryjom-zhylljo-ekalogiya-ekanomika.html#sigProId7563d9b788
Прочитано 1015 раз Последнее изменение 28.07 11:50
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить