18.05 10:25

У Маладзечне прайшла нарада ідэалагічнага актыву

Источник

Тэмамі чарговай нарады з ідэалагічным актывам раёна сталі ключавыя аспекты паслання Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, а таксама падрыхтоўка і правядзенне XVII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2017». Пытанні, вынесеныя на парадак дня, сапраўды важныя. Яны тычацца асноўных напрамкаў развіцця краіны на бліжэйшую перспектыву і адметнай культурнай падзеі ў рэспубліцы.

У Маладзечне прайшла нарада ідэалагічнага актыву "Маладзечанская газета"



Стаўка на эфектыўнасць

Па першым пытанні выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Маркевіч. Ён падкрэсліў, што ў сваім пасланні Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на асноўных тэматычных блоках: эканоміцы, занятасці насельніцтва, заработнай плаце, цэнавай палітыцы, прадпрымальніцтве, дзяржаўным кіраванні, інфармацыйных тэхналогіях, нацыянальнай бяспецы і інш.

Прэзідэнт вызначыў асноўныя задачы ў эканамічнай сферы. Гэта стварэнне канкурэнтаздольных вытворчасцей, развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, прыцягненне інвестыцый, укараненне інфармацыйных тэхналогій, ухіленне бюракратычных перашкод для вядзення бізнесу. Немалаважнае значэнне мае пошук новых рынкаў збыту для айчынных тавараў.

Па меркаванні дэпутата, многае па гэтых напрамках ужо зроблена. Дабіцца большых вынікаў дазволіць актыўная пазіцыя мясцовых органаў улады. На думку выступоўцы, развіццю рэальнага сектара паспрыялі б больш даступныя банкаўскія крэдыты для грамадзян і суб’ектаў гаспадарання.

І. Маркевіч адзначыў важнасць стварэння новых рабочых месцаў у краіне. Такую задачу ў ліку іншых паставіў у сваім пасланні Аляксандр Лукашэнка. Ад яе вырашэння залежаць сацыяльная стабільнасць у грамадстве і дабрабыт насельніцтва. Пры гэтым неабходна і надалей змагацца з сацыяльным утрыманствам. Людзі павінны ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, а не перакладаць дадзены абавязак на іншых.

-- Прэзідэнт нездарма засяродзіў увагу на павышэнні прэстыжу дзяржаўнай службы. І сапраўды, без адукаваных, кваліфікаваных, адданых сваёй справе кіраўнікоў складана дасягнуць патрэбнага эфекту. Органам дзяржкіравання, мясцовым адміністрацыям, кіраўнікам прадпрыемстваў і ўстаноў трэба больш актыўна ўключацца ў адбор і прасоўванне таленавітых маладых людзей, -- зазначыў парламентарый.

Фестывалю насустрач

-- Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі мае статус нацыянальнага, -- падкрэсліла ў сваім выступленні дырэктар Палаца культуры Маладзечна Святлана Сарока. -- У час правядзення фестывалю маладзечанцы павінны засведчыць, што вартыя прымаць культурны форум такога маштабу і ўзроўню.
Дырэктар Палаца нагадала, што XVII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі будзе прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Тэмай іх творчасці будуць прасякнуты ўсе мерапрыемствы.

Падрыхтоўка да форуму вядзецца поўным ходам. Плануецца арганізаваць паэтычныя пляцоўкі, сустрэчы выдатных дзеячаў айчыннай культуры з працоўнымі калектывамі, канцэрты, выставы, конкурсы выканаўцаў і інш. Праграма свята вельмі насычаная.

У Маладзечне будуць прадстаўлены творчыя калектывы з усёй рэспублікі, якія на высокім узроўні пакажуць увесь спектр беларускай культуры. Некаторыя мерапрыемствы пачнуцца 31 мая. Арганізатары прадугледзелі таксама святочны феерверк.

-- Нацыянальны фестываль пацвердзіць статус Маладзечна як культурнай сталіцы Мінскай вобласці. Ён павысіць прывабнасць горада і прыцягне дадатковую колькасць турыстаў. Галоўная ідэя культурнага форуму -- далучэнне да нацыянальных каштоўнасцей, папулярызацыя роднай мовы і твораў беларускіх кампазітараў і паэтаў, адкрыццё новых імён -- будзе дасягнута, -- упэўнена Святлана Сарока.

Прочитано 923 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить