Реклама на сайте - up
21.04 8:48

Семен Шапиро -- про деньги, работу и санкции

Источник

Чарговая прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры для прадстаўнікоў рэспубліканскіх, рэгіянальных і расійскіх СМІ прайшла ў пасёлку Дружны Пухавіцкага раёна.

Семен Шапиро -- про деньги, работу и санкции "Маладзечанская газета"

У аўтобус да журналістаў на мяжы Мінскага і Пухавіцкага раёнаў падсеў кіраўнік апошняга старшыня райвыканкама Сяргей Ленкавец. Ён аказаўся на дзіва дасведчаным субяседнікам і добрым апавядальнікам: упэўнена аперыраваў лічбамі, расказваў пра гісторыю і сённяшні дзень Пухавіччыны, прыгадваў пра дасягненні, не абмінаў праблемы. Ёсць яны ў аграрным сектары раёна і ў сацыяльнай сферы. Так, трэба прыкласці сур’ёзныя намаганні ў кірунку занятасці насельніцтва, павышэння эфектыўнасці працы і росту заработнай платы. Разам з тым, прызнаўся Сяргей Дзмітрыевіч, раён зрабіў значны крок наперад – уласныя даходы летась на 95 працэнтаў пакрылі расходы, ужо сёлета пухавічане плануюць выйсці на бездатацыйную работу. Станоўча ўплываюць на эканоміку раёна прамысловыя прадпрыемствы, такія як кампанія «Марозпрадукт», ЦЭЦ-5 – філіял РУП «Мінскэнерга», ЗАТ «Август-Бел», ААТ «Завод горнага воску». Зрэшты, шматлікай журналісцкай браціі выпадала пераканацца ў гэтым: усе названыя суб’екты гаспадарання значыліся ў праграме выязной прэс-канферэнцыі.

Смак далёкага дзяцінства

Кампанія «Марозпрадукт» займае пазіцыі лідара на беларускім рынку марожанага. У 2013 годзе ў Мар’інай Горцы пачаў дзейнічаць сучасны завод, які штомесяц можа выпускаць да 1500 тон марожанага. А за год – 18000 тон. Да прыкладу, гэта 260 мільёнаў упаковак марожанага «28 капеек», альбо звыш 26 упаковак на кожнага беларуса. Марожанае з Мар’інай Горкі (пламбір у вафельных і кардонных стаканчыках, у абалонцы, на палачцы самага рознага смаку і з рознымі напаўняльнікамі) прадаецца не толькі ў Беларусі, але і ў краінах блізкага і далёкага замежжа. У перспектыве выхад на рынак краін Еўрапейскага Саюза, Лацінскай Амерыкі. Сёння ва ўсіх падраздзяленнях кампаніі працуе каля 800 чалавек

Аб’ект высокага напружання

ЦЭЦ-5 лічыцца чацвёртай па магутнасці (5 млрд кВт/гадз. у год) і самай маладой цеплаэлектрацэнтраллю ў Беларусі.

На яе месцы спачатку планавалася пабудаваць да 1999 года першую ў рэспубліцы атамную станцыю электрычнай магутнасцю 2 тыс. МВт і цеплавой на 1 тыс. 800 Гкал/гадз., для забеспячэння цяплом сталіцы. Быў распрацаваны праект, распачаліся агульнабудаўнічыя работы… Але тут адбылася чарнобыльская катастрофа. Узвядзенне атамнай у Пухавіцкім раёне спынілі, а на выбранай пляцоўцы пачалося будаўніцтва ЦЭЦ на арганічным паліве. У 1999 годзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ажыццявіў сімвалічны пуск першага энергаблока. У 2012-м быў уведзены ў эксплуатацыю другі энергаблок. Электраэнергія паступае ў энергасістэму краіны, цеплавая энергія і гарачая вада – у пасёлкі Дружны, Рудзенск, Свіслач.

Філіял ЦЭЦ-5 з’яўляецца найбуйнейшым плацельшчыкам у бюджэт, тут працуе без малога 1000 чалавек, абсалютная большасць работнікаў мае вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. У філіяле практычна не назіраецца цякучасці кадраў, сярэдні заробак летась склаў 942 рублі. Сёлета плануецца перавысіць мяжу ў 1000 рублёў.

Гарачы «Август» 2008-га

Журналісты са стажам прыгадалі, як вясной і летам 2008 года вакол рашэння аб будаўніцтве ў Пухавіцкім раёне гэтага прадпрыемства вяліся гарачыя дэбаты: у пасёлку Дружны праходзілі мітынгі пратэсту, складаліся петыцыі, скаргі ляцелі ва ўсе інстанцыі. Нават у міжнародныя арганізацыі. Узвядзенне расійскай фірмай «Август» (дарэчы, яе генеральным дырэктарам з’яўляецца ўраджэнец Ваўкавыска Аляксандр Ускоў) прадпрыемства па выпуску сродкаў аховы раслін ад хвароб, шкоднікаў і пустазелля падавалася як змова паміж мясцовымі ўладамі і хімічнай карпарацыяй. Найбольш заўзятыя барацьбіты за чысціню навакольнага асяроддзя, якія ў асноўным жылі ў Мінску, прарочылі амаль што экалагічную катастрофу.

Прайшоў час – і сёння на завод водзяць экскурсантаў, каб засведчыць: вытворчасць па сваёй бяспечнасці адпавядае самым жорсткім сусветным стандартам, сучасныя тэхналогіі і палітыка высокай адказнасці за якасць прадукцыі і работы прыцягальныя для маладых і перспектыўных людзей. Да прыкладу, сярэдні ўзрост работнікаў складае 40 гадоў. А ўсяго на вытворчасці налічваецца звыш 340 чалавек.

Акрамя добрай зарплаты – летась сярэднямесячны заробак у ЗАТ «Август-Бел» склаў 1229 рублёў – супрацоўнікам прадстаўляецца салідны пакет гарантый і льгот: карпаратыўная мабільная сувязь, падвоз на работу і дамоў службовым транспартам, бясплатныя абеды ў сталовай прадпрыемства, добраахвотнае страхаванне медыцынскіх расходаў, аказанне матэрыяльнай дапамогі ў розных выпадках, аднаразовыя выплаты…

Цяпер завод «Август-Бел» з’яўляецца лідарам па выпуску сродкаў аховы раслін у Рэспубліцы Беларусь, пры гэтым доля экспарту ў агульным аб’ёме склала амаль 70 працэнтаў. Якасць прадукцыі і бяспека вытворчасці з’яўляюцца прыярытэтамі прадпрыемства, спрыяюць дынамічнаму развіццю сельскай гаспадаркі краіны.

Гор няма, а воск ёсць

У 1961 годзе ў пасёлку Свіслач пачаў працаваць завод горнага воску. Сыравіна на прадпрыемства павінна была паступаць у выглядзе мінералаў, што сустракаюцца ў трэшчынах зямной кары ў асноўным у горных пародах. У нашы дні сыравінай з’яўляецца нафта. На прадпрыемстве выпускаюць розныя змазкі, мадэльныя саставы для дакладнага ліцця, кансервацыйныя і гідраўлічныя змазкі, змазкі для канатаў, воск свечачны і ахоўны і г.д. Цяпер завяршаюцца клінічныя выпрабаванні пакрыцця для лячэння ран – напрацоўка ў галіне нанатэхналогій. Завод у глыбінцы дае работу без малога тром сотням чалавек.

У фармаце дыялогу

У другой палове дня журналісты сабраліся на прэс-канферэнцыю. Старшыня аблвыканкама нагадаў, што ў мінулы раз было вырашана весці дыялог на беларускай мове, і ён ад прапановы не адмаўляецца. Цяпер усё залежыць ад волі журналістаў: як яны будуць задаваць пытанні.

А іх было нямала. Гэта і перспектывы супрацоўніцтва Мінскай вобласці з кітайскімі правінцыямі, экспартныя ўзаемаадносіны з Расійскай Федэрацыяй, будаўніцтва дарог, развіццё аграрнага сектара ў цэнтральным рэгіёне, працаўладкаванне грамадзян… Словам, прадстаўнікоў СМІ цікавілі самыя розныя праблемы і адносіны да іх кіраўніка вобласці.

Адведзеная для справаздачы газетная плошча не дазваляе поўнасцю перадаць размову. Засяроджу ўвагу, на мой погляд, на самых цікавых адказах старшыні аблвыканкама на пытанні журналістаў.

Адносіны да крытыкі ў СМІ

– Калі мяне пачне задавальняць тое, як у сродках масавай інфармацыі пішуць пра Мінскую вобласць, то гэта будзе не зусім добра. Без крытыкі няма руху наперад. Калі рыхтаваўся да нарады ў Прэзідэнта па пытаннях будаўніцтва і ўтрымання мясцовых дарог, то мне прапанавалі цэлы стос публікацый аб праблемах і набытках у гэтай галіне. І я валодаў інфармацыяй, мог адказаць на канкрэтнае пытанне.

Дзе ляжыць мільён

– Хацеў бы давесці да ведама ўсіх кіраўнікоў: Шапіра нікому грошай не дае. За імі трэба ісці не ў прыёмную старшыні аблвыканкама, а на ферму, у поле. У некаторых раёнах дояць па 20 літраў малака ад каровы, а ў іншых – па 9. Вось дзе рэзервы, дзе можна знайсці дадатковыя мільёны.

Далей кіраўнік вобласці патлумачыў: калі ў бюджэце знаходзяцца дадатковыя сродкі, то іх дзеляць сумленна, з удзелам старшынь райвыканкамаў. Як кажуць, прынародна. У аблвыканкаме застаюцца толькі рэзервы на выпадак надзвычайных сітуацый, ліквідацыі наступстваў стыхій прыроднага і тэхнагеннага характару.
С. Шапіра прыгадаў той час, калі самому даводзілася звяртацца па дапамогу, працягваць руку:

– У мяне ў калгасе было пяць тысяч авечак. Я запрашаў начальнікаў, частаваў іх і прасіў ці то цэмент, ці то лес, ці фарбы… Мне яшчэ тады гэта так абрыдла, што цяпер зноў наступаць на старыя граблі не жадаю. Мне з Мінска далёка не ўсё відаць, што трэба найперш зрабіць у рэгіёне. І калі я асабіста пачну размяркоўваць грошы, то на Мядзельшчыне пачнуць вугром частаваць, у іншым раёне – шашлыком… І толькі будзе пан Шапіра ездзіць па вобласці.

Не вайна, а непаразуменне

– Паміж Расіяй і Беларуссю няма ніякай вайны, у тым ліку вайны санкцыйнай, калі вылучаюцца прэтэнзіі да якасці беларускай сельгаспрадукцыі. Гэта проста непаразуменне. Ветэрынарным службам абедзвюх краін трэба больш цесна ўзаемадзейнічаць і дамаўляцца.

Такое меркаванне склалася ў старшыні аблвыканкама пасля нядаўняй сустрэчы з кіраўніком Рассельгаснагляду:
– Сяргей Данкверт адэкватны чалавек, ён цвяроза ацэньвае сітуацыю. Разам з тым ён дзейнічае амаль што на мяжы ў адстойванні інтарэсаў Расіі.

У свой час Расійская Федэрацыя прапісала ў адпаведных санітарных дакументах норму па нулявым утрыманні антыбіётыкаў у малацэ і мясе. На практыцы такой чысціні дасягнуць немагчыма. Такім чынам, з’явіўся інструмент уздзеяння на гандлёвых партнёраў, які можна час ад часу ўключаць у работу. Праўда, перакананы Сямён Шапіра, супраць сяброў яго выкарыстоўваць не зусім добра.

Чалавек і работа: хто каго шукае?

– Прэзідэнт даручыў да 1 мая ўладкаваць на працу грамадзян, якія не маюць работы. Мы павінны выканаць даручэнне. У кожным раёне створаны і працуюць камісіі, я пільна сачу за іх работай. Людзі звяртаюцца. Ёсць вакансіі. Нехта пагаджаецца з прапановай камісіі, нехта адмаўляецца – кожны вырашае асабіста, што рабіць. Скажу толькі, што яшчэ нікому не адмоўлена ў працаўладкаванні. У вобласці ствараюцца і надалей будуць стварацца новыя рабочыя месцы.

Старшыня аблвыканкама спыніўся таксама на працэсе аптымізацыі сельгаспрадпрыемстваў. Да прыкладу, на Маладзечаншчыне плануецца аб’яднаць у адну структуру акцыянерныя таварыствы «Селеўцы» і «Хоўхлава»; камбінат хлебапрадуктаў з «ЯхімоўшчынаАгра», «ХажоваАгра-2009» і «Палачанамі»; філіял аграфірма «Лебедзева» – з «Заскавічамі» і «Маркава». Праўда, патрэбныя вельмі сур’ёзныя разлікі: ці пацягне «лакаматыў» гэтыя «вагоны».

Сямён Шапіра прыгадаў, што ў 1983 годзе ў Мінскай вобласці налічвалася 518 калгасаў і саўгасаў, цяпер засталося крыху больш за 300. А вынікі іх работы несупастаўляльныя. Гэта заканамерны працэс канцэнтрацыі, спецыялізацыі і кааперавання.

Фота: Сяргей САДОЎСКІ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/ofitsialno/item/1189-semen-shapiro-pro-dengi-rabotu-i-sanktsii.html#sigProId05a157a2d4
Прочитано 505 раз Последнее изменение 21.04 8:48
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить