Мерапрыемства прайшло на базе СШ №5. Яго ініцыятар кіраўнік тэатральнай студыі «Казка» Галіна Іванькіна расказвае, што ў конкурсе ўдзельнічалі дзеці 8-10 гадоў. Яны падрыхтавалі цікавыя візітныя карткі, у якіх прадставілі сябе, свае захапленні і таленты. Усе ўдзельнікі адказвалі на пытанні вядучых Юліі Дземідовіч і Мацвея Рака ў інтэлектуальнай латарэі. Дзяўчынкі дэманстравалі любімыя летнія ўборы, хлопчыкі спаборнічалі ў армрэстлінгу. Свята падарыла гледачам добры настрой, шмат жартаў і гульняў. Удзельнікаў падтрымлівалі іх бацькі, сябры.
Званне «Міс Лета-2018» заваявала Аня Падвальнікава. Яна займаецца ў тэатральнай студыі «Казка», марыць пакарыць сцэну і стаць актрысай. На конкурсе Аня артыстычна дэманстравала прыгожую блакітную сукенку, якую ёй прыслалі з Амерыкі.
«Містарам Лета-2018» стаў Ягор Бажко, якія перамог таксама ў намінацыі «Містар Сіла». Ён прызнаўся, што хоча стаць ваенным і марыць аб тым, каб у свеце не было войнаў.
Акрамя галоўных намінацый, было прадугледжана шмат іншых. Першай і другой «Віцэ Міс Лета-2018» сталі Ксенія Дземідовіч і Віка Владыка, «Міс Зачараванне» — Паліна Круплевіч, «Міс Натхненне» — Анжаліка Грывіцкая, «Міс Фота» — Віка Цар. У намінацыі «Містар Талент» перамаглі Марк Войтка і Ігар Дрозд, «Містар Інтэлект» — Данііл Лалецін, «Містар глядацкіх сімпатый» — Раман Бажко, «Містар фота» — Аляксей Мілюцін.
Усе ўдзельнікі конкурсу ўзнагароджаны дыпломамі ад ЦТДіМ «Маладзік». Дзяўчынкам аб мерапрыемстве будуць нагадваць памятныя стужкі і кароны, якія для іх вырабілі ў студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Народныя крыніцы» (кіраўнік Вольга Маслава), хлопчыкам – гальштукі-«бабачкі» са скуры ад студыі «Натхненне» (кіраўнік Святлана Бялова). Таксама канкурсанты атрымалі падарункі ад прадпрыемства «Дыліс-Касметык», кампаній МТС, «Дзіната» і «Стильная открытка».
Фота: Кацярына ДВАРЭЦКАЯ.