21.12.2017 15:49

Красненская СШ. Школа, у якую хочацца вярнуцца

150 гадоў таму ў Красным адкрылася першая навучальная ўстанова. У гісторыка-краязнаўчым музеі Красненскай СШ захоўваецца копія «Справаздачнай ведамасці» за 1905 год, дзе пазначана, што з 1 сакавіка 1867 года ў гэтым населеным пункце арганізавана народнае вучылішча. Гэта дата стала кропкай адліку ў гісторыі пастаяннай сістэмы адукацыі ў Красным, дастойнай пераемніцай якой з’яўляецца мясцовая школа. Учора ў ёй адбылося вялікае свята ў гонар юбілею.

Ад народнага вучылішча да рэсурснага цэнтра

Новы стэнд, прысвечаны багатай «біяграфіі» школы, з’явіўся ў яе гісторыка-краязнаўчым музеі. Дзякуючы яму сённяшнія вучні могуць даведацца, дзе і як вучыліся іх прадзеды, дзяды, бацькі. Народнае вучылішча для хлопчыкаў, жаночая царкоўнапрыходская школа, польская сямігодка і, нарэшце, пасля 17 верасня 1939 года -- савецкая сямігадовая школа, якая пасля вайны стала сярэдняй. Гэта велізарны пласт гісторыі, лёсы дастойных педагогаў. Трэба аддаць належнае сённяшняму калектыву школы, які захоўвае традыцыі і прымнажае іх новымі здабыткамі. Сёння Красненская СШ – гэта амаль 500 вучняў, паўсотні педагогаў, трэцяя частка якіх яе выпускнікі.  

«Трымаць марку красненцаў, да спраў падыходзіць творча, з агеньчыкам – такое крэда дырэктара Клаўдзіі Манькоўскай, яе намеснікаў Ганны Бяліцкай, Алы Шыдлоўскай, Ларысы Карчміт, Дзіяны Кучко, усіх педагогаў. Цяжка пералічыць усе карысныя справы, цікавыя праекты, перамогі ў конкурсах. Але варта адзначыць, што Красненская СШ увайшла ў трыццатку школ Беларусі, якія з’яўляюцца членамі Асацыяцыі «Адукацыя для ўстойлівага развіцця» і паспяхова рэалізуюць сацыяльныя праекты па вывучэнні гісторыі, ушанаванні памяці землякоў, паляпшэнні экалогіі і г.д. Дзякуючы гэтаму школа з’яўляецца рэсурсным цэнтрам, пляцоўкай для пераймання вопыту не толькі для беларускіх, але і замежных калег, партнёраў. Адна з тэм, над якой апошнія гады плённа працуе калектыў, – увекавечванне памяці красненскіх яўрэяў, якія былі знішчаны ў гета ў гады вайны.

Каравай для Героя Савецкага Саюза

«Я заўсёды хацела працаваць менавіта ў сваёй роднай школе, -- прызнаецца залатая медалістка ў мінулым, а сёння намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ларыса Карчміт. Яна з цеплынёй прыгадвае дырэктара школы Тамару Пінчук, з якой падтрымлівае цёплыя адносіны, свайго незабыўнага класнага кіраўніка, заснавальніка школьнага музея Ганну Новікаву. «Мы вялі перапіску з воінамі танкавай брыгады пад кіраўніцтвам Героя Савецкага Саюза Рыгора Кіяшкі, якая вызваляла нашу вёску. Памятаю, колькі было хвалявання, калі мы сустракалі Рыгора Кіяшку, а мне было даручана ўручыць яму каравай…». Настаўнікам фізвыхавання працаваў бацька Ларысы Карчміт Іван Мацкевіч, заслужаны настаўнік БССР. З залатым медалём закончылі школу яе дачка Вольга і сын Уладзіслаў, які ў мінулым годзе перамог у рэспубліканскім конкурсе «Лідар года-2016». Гэта толькі адна сям’я, лёс якой цесна пераплецены з роднай школай. А іх дзясяткі…

«Наш брэнд -- «Зарніца»

У школе ёсць традыцыя, якая захоўваецца з савецкіх часоў. Гэта спартыўна-патрыятычная гульня «Зарніца», якая аб’ядноўвае пакаленні. Нават бацькі вучняў стараюцца ў адзін з майскіх дзён быць разам з імі, настолькі захапляльна праходзяць спаборніцтвы, эстафеты, традыцыйны касцёр, узнагароджванне з нязменнымі пераходнымі кубкамі.
Моцныя тут і традыцыі па працоўным навучанні. У 1980-я гады аб мясцовых вучнёўскіх брыгадах пад кіраўніцтвам Сяргея Труса ведалі ва ўсёй рэспубліцы. І цяпер у школе ёсць свая цяпліца, вучэбна-доследны ўчастак. Разам з настаўніцай працоўнага навучання Святланай Смоліч юныя эксперыментатары разводзяць земляных чарвякоў, прадукты жыццядзейнасці якіх выкарыстоўваюцца як ўгнаенне. У будучыні гэты эксперымент можна стаць выдатнай бізнес-ідэяй для школы.

«Экадом#Краснае»

Так называецца экакаманда, у якую ўвайшлі 13 сем’яў вучняў і трое педагогаў – удзельнікі міжнароднага экалагічнага праекта. Пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі Марыны Роўда яны даследуюць экалагічнасць бытавой хіміі, касметыкі, прадуктаў, а вынікі выкладваюць у аднайменнай групе «ВКонтакте». Сёння ў іх каля 300 падпісчыкаў, работа шырока каменціруецца. Вопыт каманды быў высока ацэнены на міжнародным конкурсе «Зялёныя блогі», яе ўдзельнікаў узнагародзілі паездкай у Вільнюс.

Тут расцвітала папараць-кветка

Ганарыцца школа сваімі знакамітымі выпускнікамі. Сярод іх беларускі пісьменнік, аўтар п’есы «Папараць-кветка» Іван Козел. Нядаўна на сустрэчу з калектывам школы прыязджаў яго сын Аляксандр, скульптар і пісьменнік, прэзентаваў  сваю новую кнігу. Падтрымліваюць тут сувязь з 86-гадовым Сямёнам Грынгаузам, былым вязнем фашысцкага гета, першым залатым медалістам школы, які жыве ў Ізраілі, зрабіў вялікі ўклад у развіццё сістэмы адукацыі гэтай краіны. Са сцен школы выйшла цэлая плеяда навукоўцаў, ваенных, грамадскіх дзеячаў: прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук Валянцін Арловіч, кандыдат фізіка-матэматычных навук Іван Рухля, кандыдат медыцынскіх навук Тамара Козел (яе сястра Марыя Козел – заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь па плаванні), генерал-лейтэнант Антон Надольскі, былы старшыня Рэспубліканскага Чырвонага Крыжа Аляксей Раманоўскі. Плённа супрацоўнічае школа ў рабоце над гістарычнымі праектамі з былым выпускніком, а цяпер супрацоўнікам Мінскага абласнога краязнаўчага музея Сяргеем Старыкевічам.

Настаўніцкая «Паўлінка»

Школе заўсёды шанцавала на дырэктараў. У 1960-я гады яе ўзначальвалі Віталій Спірчонак і Мікалай Маеўскі, у 1970-я – Мікалай Яцыновіч і Вацлаў Рушлевіч, пры якім быў узведзены новы трохпавярховы корпус. У няпростыя 1990-я дырэктарам установы быў Аляксандр Строк, намаганнямі якога быў пабудаваны закрыты пераход са старога корпуса ў новы. XXI стагоддзе школа сустрэла пад кіраўніцтвам Тамары Пінчук. І вось ужо 13 гадоў установу ўзначальвае Клаўдзія Манькоўская, якой удалося стварыць дружны і вельмі творчы калектыў, што ў чарговы раз пацвердзіла юбілейнае мерапрыемства. Настаўнікі паставілі ўрывак з Купалаўскай «Паўлінкі», спявалі ў вакальнай групе. Дзякуючы былому і цяперашняму прафсаюзным лідарам Святлане Чарняевай і Аксане Навумавай тут весела праходзяць капуснікі, віншаванні з юбілеямі.  

Экскурсія па-англійску

Дзесяцікласніцы Даша Чаеўская, Аліна Карловіч, Насця Ярашэвіч з шостага класа праводзяць экскурсіі як па школьным музеі, так і па Красным. Восенню школа прымала нямецкую дэлегацыю, дзяўчатам давялося весці экскурсію на англійскай мове, і яны выдатна справіліся. «Гэта было няцяжка, англійскую мы вывучаем з трэцяга класа, а цяпер выбралі яе як адзін з профіляў», -- расказваюць дзесяцікласніцы, якія, дарэчы займаюцца ў педагагічнай групе. Не выключана, што па даўняй традыцыі хто-небудзь з іх вернецца пасля ўніверсітэта ў родную школу і ўпіша ў яе гісторыю сваю старонку.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/obrazovanie/item/2044-krasnenskaya-ssh-shkola-u-yakuyu-khochatstsa-vyarnutstsa.html#sigProIdddea772340
Прочитано 6327 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.