26.07 9:15

Маладзечанскі музычны каледж распачаў прыём дакументаў

Источник

З 20 ліпеня пачаўся прыём дакументаў у каледжы нашага горада. Аб асаблівасцях сёлетняй уступнай кампаніі мы даведаліся ў прыёмнай камісіі музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага, якую ўзначальвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Георгій Юрэвіч.

Маладзечанскі музычны каледж распачаў прыём дакументаў "Маладзечанская газета"

— Я з першага класа марыла быць мастаком, — дзеліцца з намі Крысціна Ільіч, якая на другі дзень работы камісіі падала дакументы на дэкаратыўна-прыкладное аддзяленне.

Дзяўчына закончыла дзевяць класаў СШ №5, адначасова з атэстатам аб базавай адукацыі атрымала дыплом і мастацкай школы. Паколькі Крысціна непаўналетняя, яна прыйшла ў музычны каледж разам з мамай Аляксандрай. У групе падтрымкі – і малодшая сястрычка Ульяна. «Крысціна добра малюе, стварае прыгожыя рэчы з саломкі, умее рабіць выцінанкі. Наогул, рукі ў яе ўмелыя: за што не возьмецца, усё атрымліваецца», — з гордасцю гаворыць маці.

— Прыемна чуць, што ў Крысціны ёсць мара і яе выбар асэнсаваны, — падключаецца да размовы адказны сакратар прыёмнай камісіі Наталля Бірукова. – Такіх абітурыентаў большасць, а інакш і не можа быць у нашай творчай установе. 20 ліпеня, у першы дзень прыёму дакументаў, іх падалі 17 чалавек. У нашым каледжы мараць вучыцца не толькі маладзечанцы, але і моладзь з Барысава, Смаргоні, Ашмянаў, Стоўбцаў. Прыязджаюць і жыхары далёкага замежжа: у мінулым годзе паступіў хлопец з Казахстана, сёлета атрымаў дыплом літовец.

Дарэчы, 34 гады таму Наталля Анатольеўна пасля восьмага класа таксама выбрала гэтую навучальную ўстанову (на той час музвучылішча), каб прадоўжыць удасканальваць сваё майстэрства ігры на баяне. Працавала ў Чыс-
цінскай музычнай школе, а потым вярнулася ў Маладзечна, шмат гадоў загадвае выканальніцкім аддзяленнем. Педагог успамінае, што ў часы яе паступлення конкурс сярод баяністаў быў тры чалавекі на месца (набіралі іх 16), а ўсяго на першы курс – пад 200. На той час выпускнікі музвучылішча былі вельмі запатрабаванымі: не толькі ў буйных гарадах, але і ў многіх вёсках дзейнічалі музычныя школы, клубы, Дамы культуры. Цяпер іх колькасць скарацілася, а значыць, патрабуецца менш кадраў. Сёлета (згодна з планам) трэба набраць 58 чалавек на бюджэтнае навучанне і аднаго на платнае на аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Калі цяперашнія абітурыенты здаюць толькі экзамен па спецыяльнасці (экзамены пачнуцца з 4 жніўня), то трыццаць гадоў таму былі абавязковымі пісьмовыя і вусныя іспыты па рускай мове і літаратуры. Што тычыцца конкурсу, то летась ён быў на аддзяленне дэкаратыўна-пракладнога мастацтва і вакальнае. Дарэчы, калі конкурс на тую ці іншую спецыяльнасць складае больш за 1,5 чалавека на месца, для абітурыентаў прадугледжваецца экзамен – дыктоўка па рускай ці беларускай мове (летась праводзіць яго неабходнасці не было).

Як і ў мінулыя гады, каледж прапануе абітурыентам дзевяць спецыяльнасцей. Адметна, што, асвойваючы іх, навучэнцы набываюць некалькі сумежных. Да прыкладу, той, хто вучыцца на спецыяльнасці «Інструментальнае выкананне», набывае кваліфікацыю артыст, кіраўнік калектыву, настаўнік. Навучэнцы дэкаратыўна-прыкладнога аддзялення становяцца адначасова мастакамі і настаўнікамі.

Адзінае адрозненне ад леташняй уступнай кампаніі — зменены графік прыёму дакументаў. Калі ў 2016-м іх прымалі з 15 ліпеня па 6 жніўня, то сёлета – з 20 ліпеня па 3 жніўня для абітурыентаў на аснове базавай адукацыі, па 9 жніўня – на аснове сярэдняй адукацыі, якія паступаюць на вакальнае аддзяленне. Прыёмная камісія знаходзіцца на першым паверсе і чакае абітурыентаў з 9 да 18 гадзін, выхадны дзень – нядзеля. У нядзелю, 6 жніўня (у апошні дзень прыёму дакументаў) яна будзе таксама працаваць.

Фота: Аляксей Платко.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/obrazovanie/item/1483-maladzechanski-muzychny-kaledzh-raspacha-pryjom-dakumenta.html#sigProId1586925f1c
Прочитано 977 раз Последнее изменение 26.07 9:15
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить