19.07 12:33

Як выпускнік маладзечанскага каледжа ў Кітай лятаў

Источник

Смажаныя жабкі, фотасесія ля Шанхайскай вежы, сувенірны рубанак з бамбуку… Гэта не ўсе ўспаміны аб паездцы ў Кітай выпускніка Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа Ціхана Кавальчука.   

Як выпускнік маладзечанскага каледжа ў Кітай лятаў "Маладзечанская газета"

У складзе маладзёжнай зборнай ад нашай рэспублікі ён выступіў на міжнародным чэмпіянаце рабочых прафесій «World Skills-2017», які прайшоў у адным з самых буйных гарадоў Кітая Шанхаі.

Ціхан з дзяцінства захапляецца разьбой па дрэве, вырабляе сувеніры, упрыгажэнні і прадметы інтэр’ера з гэтага матэрыялу. Захапленне перадалося яму ад мамы і бабулі. Акрамя таго, хлопец выдатна малюе, аддае перавагу пейзажам і партрэтам. «Арудуе» мастак-самавучка звычайнай шарыкавай ручкай з чорным стрыжнем.
Яшчэ школьнікам Ціхан прымаў удзел у алімпіядзе па працоўным навучанні і быў сярод лепшых у Пухавіцкім раёне (родам ён з Мар’інай Горкі). У выбары прафесіі ніколькі не вагаўся і вырашыў вывучыцца на сталяра-дрэваапрацоўшчыка ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы. Неардынарныя здольнасці выхаванца адразу заўважылі педагогі. А пад кіраўніцтвам майстра вытворчага навучання Мікалая Цалко хлопец паспяхова выступаў у конкурсах прафесійнага майстэрства сярод сваіх равеснікаў.

 Перш чым паехаць у Кітай на «World Skills-2017», Ціхан перамог на адборачных турах у раёне, вобласці, рэспубліцы. І такім чынам трапіў у склад маладзёжнай зборнай ад Беларусі. У рамках міжнароднага чэмпіянату праводзіліся спаборніцтвы сярод прадстаўнікоў 26 рабочых прафесій. Нашы суайчыннікі выступілі ў 15 намінацыях. Маладзечанец быў адзіным беларускім сталяром. Ён спаборнічаў з канкурсантамі з Кітая, Аўстрыі, Аўстраліі, Расіі. Заданне да чэмпіянату было агучана за два месяцы ў інтэрнэце. Удзельнікам прапанавалі за 13 гадзін «з нуля» зрабіць драўлянае акно з узорыстай рамай па дакладным праекце. А потым паўтарыць яго на чэмпіянаце. Такім чынам, усе канкурсанты былі ў роўных умовах. Мікалай Цалко да тонкасці адтачыў працэс вырабу акна са сваім вучнем. Яны нават стажыраваліся ў прафесіяналаў з Мінска і Віцебска.

… Восем гадзін палёту на самалёце з Масквы да Шанхая — і маладзечанец на «World Skills-2017». Праводзіліся спаборніцтвы на працягу двух дзён па шэсць з паловай гадзін. Строгія і прафесійныя суддзі да мікронаў вымяралі параметры конкурсных работ. Ацэньвалі па стобальнай сістэме, абавязкова ўлічвалі дакладнасць выканання праекта, акуратнасць і хуткасць. Вынікі мацнейшых удзельнікаў адрозніваліся на сотыя (!) бала. Ціхан замкнуў пяцёрку мацнейшых. І журы высока ацаніла работу. Хлопца адзначылі дыпломам і ў знак прызнання яго майстэрства падарылі сувенірны рубанак з бамбуку далікатнай ручной работы. А п’едэстал гонару занялі прадстаўнікі Кітая, Аўстрыі, Аўстраліі.

Найвышэйшых вынікаў на «World Skills-2017» беларусы дасягнулі ў цырульніцкім мастацтве і робататэхніцы. Канкурсанты заваявалі адпаведна сярэбраны і бронзавы медалі.

Для гасцей Паднябеснай падрыхтавалі цікавую экскурсію па Шанхаі, пазнаёмілі з ладам жыцця мясцовых жыхароў. Ціхана асабліва ўразіла выстаўка драўляных вырабаў ручной работы, якія, дарэчы, у Кітаі высока цэняцца. Сфатаграфаваўся ён і ля Шанхайскай вежы – адной з самых высокіх у свеце (632 метры, што адпавядае 128-павярхоўцы). Вельмі прыгожае ў горадзе і вячэрняе асвятленне. Пачаставалі гасцей і экзатычнай стравай з жабак, на смак яны нагадваюць звычайную курыцу.

Сёлета Ціхан атрымаў прафтэхнічную адукацыю ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы. Цяпер збіраецца тут жа набыць прафесію тэхніка-будаўніка на аддзяленні «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва» (гэта ўжо сярэдняя спецыяльная адукацыя). У перспектыве Ціхан марыць арганізаваць уласную справу па
апрацоўцы і вытворчасці вырабаў з дрэва.

Фота: архіў Ціхана КАВАЛЬЧУКА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/obrazovanie/item/1464-yak-vypusknik-maladzechanskaga-kaledzha-kitaj-lyata.html#sigProId9d3a5e11de
Прочитано 1018 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить