03.03.2018 10:31

Аксиома Анастасия, Парадокс Персей и Август Ян

Источник

Cястра і два брата Халіманцэвічы з Маладзечна. Яны яшчэ малыя, але ўжо відавочна, што вылучаюцца сярод сваіх равеснікаў, прычым не толькі імёнамі, якія прыдумаў тата.

Сёння ў нашай  рубрыцы, у якой мы расказваем пра людзей з рэдкімі і незвычайнымі імёнамі, -- адразу трое ўдзельнікаў – Аксіёма Анастасія, Парадокс Пярсей і Аўгуст Ян

— Калі нарадзілася дачка, мне было 37 гадоў. Гэта вельмі доўгачаканае і жаданае дзіця, — гаворыць тата Сяргей. – Разам з жонкай Інай мы надзвычай уважліва рыхтаваліся да такой значнай па-
дзеі ў нашым жыцці. Мне адразу хацелася даць дачцэ якое-небудзь незвычайнае імя. Са звычайным нецікава! Трэба, каб была індывідуальнасць.

Так дзяўчынка стала Аксіёмай; ёй цяпер дзевяць гадоў.

— У перакладзе са старажытнагрэчаскай мовы гэта імя, ці, сказаць больш правільна, матэматычны і філасофскі тэрмін, азначае «ісціна, відавочная сама па сабе». Менавіта так я ўспрыняў нараджэнне дачкі, — працягвае Сяргей. – Але разумеў, што з узростам ёй можа не падабацца імя, таму вырашыў запісаць у дакуменце падвоенае – Аксіёма Анастасія. На мой погляд, гэтыя імёны сугучныя. Пакуль жа дачцэ больш падабаецца, калі яе называюць Аксіёмай.

Нараджэнне другога дзіцяці – сына – для бацькоў стала абсалютнай нечаканасцю, нават, як заўважаюць яны самі, парадоксам. Так хлопчыка і вырашылі назваць – Парадокс (са старажытнагрэчаскай мовы перакладаецца «нечаканы, дзіўны») з дадатковым іменем Пярсей (як звалі адважнага сына Зеўса). Цяпер Парадоксу Пярсею шэсць гадоў.

— Многім дзецям вельмі падабаецца сынава імя, асабліва Парадокс. Некаторыя нават просяць бацькоў, каб і да іх імёнаў зрабілі такую «прыстаўку», — далучаецца да размовы Іна.

Трэцяе дзіця тата захацеў назваць з «прывязкай» да беларускай гісторыі, карані якой бяруць пачатак у Вялікім Княстве Літоўскім. Так у адзін з жнівеньскіх дзён з’явіўся Аўгуст Ян. Цяпер яму тры гады. Бацька таксама лічыць сімвалічным, што першае імя сына пачынаецца з першай літары алфавіта, а другое – з апошняй.

Аўгуст Ян.                                                                   Аксіёма Анастасія і Парадокс Пярсей. 



— Магчыма, паўплывала ранейшая туга па малой радзіме. Да 25 гадоў я жыў у Рызе. Туды ў свой час накіравалі майго бацьку працаваць у марскім гандлі, — гаворыць Сяргей.

— Мой муж ва ўсім незвычайны чалавек! У яго і прафесія рэдкая – архітэктар. Таму чакаць ад яго можна самага неверагоднага. Але падтрымаць ідэю так назваць дзяцей для мяне было надзвычай складана.
Яшчэ больш складана прынялі яе нашы бацькі. Здаецца, бабулі і цяпер знаходзяцца ў лёгкім шоку, — працягвае Іна.

Дзеля таго, каб Аксіёма, Парадокс і Аўгуст гарманічна развіваліся, сям’я жыве на тры населеныя пункты – Маладзечна, Ратамку і Мінск. Асноўнае месцажыхарства – наш горад. Школу і сад дзеці наведваюць у сталіцы, куды іх на аўтамабілі адвозіць мама. Дарэчы, па прафесіі Іна педагог і выхоўвае дзяцей, як кажуць, з веданнем справы. Бацькі захацелі, каб дачка і сын навучаліся ў беларускамоўных установах. Акрамя гэтага, Аксіёма і Парадокс займаюцца вялікім тэнісам, шахматамі і музыкай у класе фартэпіяна. Хутка да іх далучыцца і Аўгуст.

Мама і тата робяць для развіцця дзяцей усё магчымае. У Ратамцы, дзе жыве бабуля Марына (мама Сяргея), яны абсталявалі сапраўдную сцэну і ладзяць тут сямейны беларускамоўны фестываль «Аксіёма запрашае сяброў!». Гасцей сюды запрашаюць дзеці. Удзельнікі рыхтуюць творчыя нумары, а гаспадары – сімвалічныя падарункі. Ідэя правядзення належыць Сяргею. Такім чынам бацькі ствараюць для дзяцей прастору для рэалізацыі творчага патэнцыялу і даюць ім магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі арганізатараў, нават улічваюць пажаданні малога Аўгуста.

Сям’ю таксама яднаюць падарожжы. Пераважна Халіманцэвічы вандруюць на машыне. Гэты Новы год, напрыклад, сустракалі ў Фінляндыі. Да порта дабіраліся на аўто, а потым разам з ім перабраліся на паром.

Фота: архіў сям’і ХАЛІМАНЦЭВІЧ.  

Калі ў вас, вашых блізкіх, знаёмых, сяброў рэдкае імя, ёсць цікавая гісторыя, звязаная з ім, раскажыце нам пра гэта. Тэл. 77-19-61.

Прочитано 1547 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить