15.06.2018 8:33

У кожнага свая «Вераніка» (Апытанне)

Источник

Тым часам журналісты «Маладзечанскай газеты» зазірнулі за кулісы «зарападу». Паколькі на гала-канцэрце былі прадстаўлены самыя папулярныя кампазіцыі, мы пацікавіліся ў артыстаў, які, на іх погляд, самы «хітовы» хіт беларускага аўтара, і пагутарылі пра лёсавызначальныя ў іх творчай кар’еры песні. Адразу заўважым, што спевакам не проста было вызначыцца з адзінай кампазіцыяй, бо яны перакананы ў тым, што беларуская эстрада шматгранная, разнастайная, багатая.


Ядвіга ПАПЛАЎСКАЯ:
— Хіт выбірае народ. Таму на гэту тэму лепш гаварыць з ім. Для мяне асабліва значныя беларуская народная песня «Чарэнушачка» і «Журавінка» кампазітара Уладзіміра Карызны на словы Юрыя Семянякі. З іх пачыналіся «Верасы».

Іна АФАНАСЬЕВА:
— Цяпер, калі мноства кампазіцый «перапета» на розныя лады, хочацца класікі і аўтэнтычнасці. Вылучу блізкі мне твор «Ой, рэчанька, рэчка» ў выкананні Надзеі Мікуліч. У дзяцінстве пачула яе па радыё і засталася вельмі ўражанай. З цягам часу спявала яе сама. Я ў захапленні і ад беларускай народнай песні «…Ой, калядачкі, бліны-ладачкі» ў выкананні Уладзіміра Мулявіна і яго «Песняроў».

Алёна ЛАНСКАЯ:
— Сапраўдным эталонам лічу кампазіцыю «Летняя ночка Купальная» з рэпертуару легендарных «Песняроў». Толькі з узростам да чалавека прыходзіць мудрасць, ён пачынае ўсведамляць духоўнасць. Разумець, што для яго значыць малая радзіма. Названая песня гучыць у маім сэрцы, асабліва калі бываю ў роднай вёсачцы Лежнеўка, што на Магілёўшчыне, і ўспамінаю, як зусім юнай разам з сяброўкамі пляла купальскія вяночкі.

Аляксей ХЛЯСТОЎ:
— Для мяне адна з самых трапяткіх песень — «Вераніка». Яе выконваюць многія выканаўцы, і я ў тым ліку. Але кожны інтэрпрэтуе яе па-свойму. Спяваў «Вераніку» на адным з юбілейных творчых вечароў Ігара Лучанка, які напісаў музыку да прыгожага вершаванага твора Максіма Багдановіча, і быў вельмі рады, што кампазітару спадабалася маё выступленне ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Наогул, артыст не існуе без каманды – аўтараў твора, аранжыроўшчыкаў, музыкантаў… Толькі ад сумеснай зладжанай работы залежыць, ці стане песня хітом.

Макс ЛОРЭНС:
— Сапраўдны хіт — «Вераніка»! З гэтай кампазіцыяй прыехаў і на гала-канцэрт «Маладзечна-2018». Калі можна так сказаць, я ўклаў у яе асабісты музычны густ і ўсё самае лепшае. У 2003 годзе, калі яна з’явілася ў маім рэпертуары, прапанаваў дзёрзкую версію ў стылі R’n’B і ўзяў Гран-пры на «Славянскім базары ў Віцебску». Прыемна, што маё выступленне адобрыў і кампазітар Ігар Лучанок. Наогул, у названай кампазіцыі бачу гісторыю свайго бацькі, якая пераплятаецца з тэмай выміраючых беларускіх вёсак. У яго роднай вёсачцы Гадзілавічы, што на Гомельшчыне, таксама шмат апусцелых дамоў.

Саша НЭМА:
— Для мяне хітовая тая кампазіцыя, якую з першых акордаў пазнаюць не толькі ў роднай краіне, але і за яе межамі. На мой погляд, гэта песня «Зачарованая» ў выкананні Валерыя Дайнэкі. Яна таксама ёсць у маім рэпертуары. Гэта няпросты ў вакале музычны твор. Стараюся не сапсаваць яго, каб ён заставаўся пазнавальным. Наогул, імкнуцца да падабенства з арыгіналам не варта. «Зачарованую» найчасцей спяваю за мяжой, каб паказаць прыгажосць беларускай мовы і культуры. З гэтай песняй раней заняў другое месца на Міжнародным конкурсе эстрадных выканаўцаў «Усходні базар» у Ялце.

Аляксандр САВАНЕЦ:
— Найбольш значны для мяне твор — «Жураўлі на Палессе ляцяць». Менавіта з яго пачаўся мой творчы шлях на вялікую сцэну. Гэта песня, выкананая «Песнярамі», унікальная, сапраўдны ўзор беларускай эстрады. Я спяваю яе так, як адчуваю. Найвялікшая пахвала для мяне – добрыя словы кампазітара Ігара Лучанка, які чуў маё выкананне.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 1166 раз Последнее изменение 15.06.2018 8:33
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить