26.04 16:35

Бібліяноч у Маладзечне: зачараванымі вуліцамі – да гарадскіх таямніц

Источник

«Маладзечна: з мінулага ў будучыню» -- пад такім дэвізам прайшла трэцяя за апошнія гады бібліяноч у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча. Яна прысвячалася Году малой радзімы, а таксама 630-годдзю Маладзечна, якое мы адзначым гэтым летам.

Бібліяноч у Маладзечне: зачараванымі вуліцамі – да гарадскіх таямніц "Маладзечанская газета"

Разам з юнымі і дарослымі чытачамі па кніжных лабірынтах падарожнічала і журналіст «Маладзечанскай газеты».

«Такога торта мы не бачылі!»
Так усклікалі ўсе, хто ў вячэрні час пераступаў парог бібліятэкі сямейнага чытання «Верасок», дзе працавалі адразу дзве пляцоўкі. Велізарны трохпавярховы торт з кардону для юбілейнага Маладзечна «спякла» мастак Алена Каўбасюк. Шкада, што ад яго не адрэжаш кавалачак, затое кожны мог упрыгожыць яго ружамі, зробленымі сваімі рукамі. Майстар-клас па іх вырабе праводзіла Марыя Кімпель. Дарослыя і дзеці спрытна падкручвалі нажніцамі рознакаляровыя пялёсткі з гафрыраванай паперы. Не прайшло і гадзіны, як бялюткі торт «расцвёў», а сумесная творчасць з’яднала дзяцей і дарослых.

Прадказанні з кніжных старонак

Увесь тыдзень рыхтаваліся бібліятэкары, каб дастойна сустрэць чытачоў, у чарговы раз здзівіць іх. У «Вераску» малышы маглі расфарбаваць малюнкі з гарадскімі сюжэтамі. Школьнікі з задавальненнем удзельнічалі ў краязнаўчым квэсце. Якую з вуліц горада вы б назвалі вуліцай Мудрасці? Аказваецца, гэта вуліца імя Францыска Скарыны, нашага першадрукара. А з чым асацыіруецца вуліца крылатых выказванняў? Безумоўна ж, з баечнікам Крыловым. Назву кожнай з сямі «зашыфраваных» вуліц бібліятэкары тлумачылі, пашыраючы кругагляд сваіх чытачоў. Усе ўдзельнікі падарожжа маглі сфатаграфавацца ў прыгожых фотазонах, загадаць жаданне ля студні пажаданняў, якая пасярод бібліятэкі была створана з кніг. А яшчэ можна было падысці да таямнічага бібліяаракула – Таццяны Скібіцкай, назваць старонку кнігі і радок (хто з нас не ведае такі спосаб гадання) і даведацца, што яго чакае…

«Дыван пажаданняў»

Многія з юных наведвальнікаў прысаджваліся на «дыван пажаданняў», каб прысвяціць радкі роднаму гораду да яго 630-годдзя. У большасці з іх дзеці зычылі, каб Маладзечна было чыстым і прыгожым, каб хутчэй уключылі фантан у парку, каб было ў нас больш гасцей. Адно з пажаданняў асабліва спадабалася бібліятэкарам: «Роўных дарог, новых дамоў, дворнікам – большай зарплаты, дарослым – больш работы, а дзецям – бясплатнай піццы…».

Як па-англійску апельсін?

На гэтыя і іншыя пытанні бібліятэкара залы літаратуры на замежных мовах Таццяны Летуновай дружна адказвалі самыя юныя ўдзельнікі бібліяночы – дзеці ад 4 да 6 гадоў, якія наведваюць дзіцячую пляцоўку з элементамі англійскай мовы. Яна дзейнічае амаль год, і ў тых, хто хадзіў пастаянна, склаўся немалы запас англійскіх слоў. Бацькі, бабулі і дзядулі, якія прыводзяць малышоў на заняткі, таксама міжволі вучаць англійскі, дома разам з дзецьмі паўтараюць пройдзенае.
Дарослых аматараў нямецкай мовы валанцёр з Германіі Табеа Зандэр запрасіла паўдзельнічаць у настольных гульнях. Разам з ёй маладзечанцы падарожнічалі па гарадах, удасканальвалі свае веды.
Інтэлектуальны турнір

Пакуль адны рабілі сэлфі ў прыгожых фотазонах ці разгадвалі красворд, тры маладзёжныя каманды спаборнічалі ў інтэлектуальным турніры «Маладзечна -- стары і новы». Яго аўтар і вядучая Таццяна Чаброўская прапанавала камандам медыцынскага каледжа, ГА «Белая Русь» і ГА БРСМ шмат цікавых пытанняў па гісторыі нашага горада. Перад турнірам каманды маглі пагартаць гісторыка-дакументальную хроніку «Памяць», прысвечаную нашаму раёну (перад пачаткам гульні кнігі забралі). За адну хвіліну моладзь павінна была даць адказ на пытанне ў пісьмовай форме. Журы пад старшынствам дырэктара цэнтральнай раённай бібліятэкі Марыі Стасяловіч ацэньвала правільнасць адказаў. Пасля трох напружаных раўндаў перамагла каманда «Белай Русі».

Сімвал – падушка

Ніхто з наведвальнікаў не пакінуў бібліятэку без прыемных сувеніраў, сюрпрызаў. Спецыяльна да падзеі былі надрукаваны каляндарыкі, закладкі. Тым, хто адгадваў адно са слоў вялізнага красворда па гісторыі Маладзечна, супрацоўнікі абанемента ўручалі цукеркі. А бібліятэкары «Вераска» разам з загадчыцай Лідзіяй Якуш змайстравалі некалькі дзясяткаў міні-падушак – сімвалаў бібліяночы.

А ў гэты час…

Як расказала Марыя Стасяловіч, «Бібліяноч-2018» прайшла не толькі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, «Вераску», але і ў гарадскіх філіялах №1, №2, №7.

Акрамя таго, у Чысцінскай і Радашковіцкай бібліятэках упершыню адбыліся «Бібліяпрыцемкі», прысвечаныя Году малой радзімы. У Чысці сімвалам гэтай падзеі сталі матылькі, выявы якіх былі паўсюдна. І дзеці, нібы матылькі, «ляталі» па бібліятэцы: наведалі выстаўку майстроў, прымалі ўдзел у інтэлектуальнай гульні, здзейснілі віртуальнае падарожжа па Маладзечне, разгадвалі пытанні віктарыны, з задавальненнем рабілі аквагрым.

У Радашковічах «Бібліяпрыцемкі» праходзілі пад назвай «Ад малой радзімы – да вялікай краіны». Юныя наведвальнікі інсцэніравалі казку і разгадвалі герояў мультфільмаў, удзельнічалі ў майстар-класе. Дарослых чытачоў запрасілі на адкрыццё гісторыка-краязнаўчай экспазіцыі «Радашковічы: мінулае і сучаснае».

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/kultura/item/2692-bibliyanoch-u-maladzechne-zacharavanymi-vulitsami-da-garadskikh-tayamnits.html#sigProId1f9aedccb8
Прочитано 1531 раз Последнее изменение 26.04 16:35
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить