16.04 16:33

Тэатр. «Некалькі пралётаў уверх»

Источник

Мінскі абласны драматычны тэатр не стамляецца здзіўляць прыхільнікаў Мельпамены прэм’ерамі. Чарговая адбылася ў пачатку красавіка. Трагікамедыя «Некалькі пралётаў уверх» сабрала нямала станоўчых водгукаў.

Тэатр. «Некалькі пралётаў уверх» "Маладзечанская газета"

Вы згодныя дзве гадзіны правесці… на лесвічнай пляцоўцы шматпавярхоўкі? Не ў сумоце і адзіноце, а ў кампаніі крэатыўнага тэлевядучага Кірыла Цандлера (Аляксей Карпец) і Дзеда Мароза (Вячаслаў Сікора). Яшчэ не вырашылі? Пагаджайцеся хутчэй! Будзе цікава ўбачыць інтэлігентнага суседа Віталія Бельскага (Сяргей Карзей), ветэрана (Барыс Донін), сучасную моладзь (Валерый Бабкін, Кацярына Панедзька). У сюжэтную лінію свой уклад уносіць і даволі неадназначны персанаж -- чалавек без імя і пэўнага месца жыхарства (Валерый Новік). Усе яны героі трагікамедыі «Некалькі пралётаў уверх», у аснову якой пакладзена гісторыя дваіх маладых мужчын, якія некалі вучыліся разам у тэатральным інстытуце і сябравалі. У пачынаецца ўсё з таго, што вядомы тэлевядучы вяртаецца дамоў напярэдадні Новага года. Раптам становіцца вядома, што яго кінула жонка. Мужчына рашаецца на нестандартны ўчынак. Ён выцягвае святочны стол на лесвічную клетку, каб адсвяткаваць навагоднюю ноч без гасцей, у кампаніі… ліфта. Але знайшліся людзі, якія «падкарэкціравалі» гэты план згодна з рэжысёрскай задумай Дзяніса Нупрэйчыка.

Новая работа Дзяніса Нупрэйчыка

… Ён можа многае. Напрыклад, зрабіць так, каб пайшоў снег (праўда, штучны і на сцэне), каб раптам загучала ці сціхла музыка. Але гэта дробязі. Ён можа змяніць ход падзей у жыцці герояў ці нават… саміх герояў. Ён не фокуснік-ілюзіяніст, ён рэжысёр-пастаноўшчык.

У канцы мінулага года ў Мінскі абласны драматычны тэатр прыйшоў працаваць рэжысёр  Дзяніс Нупрэйчык. Яго творчы лёс звязаны са знакамітым тэатрам-студыяй «Дзе-Я», які ў свой час атрымаў назву «Новы драматычны тэатр г. Мінска». Сярод узнагарод тэатра, у якім Дзяніс Вадзімавіч працаваў галоўным рэжысёрам, дыплом за высокі прафесійны ўзровень ІІІ Міжнароднага форума «Залаты Віцязь» і ХІІ Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Дзяніс Нупрэйчык і выканаўца галоўнай ролі трагікамедыі Валерый Новік высока адзначаны за работу ў спектаклі «Зацюканы апостал».

У нашым тэатры яго рэжысёрскім дэбютам стала пастаноўка спектакля «Красоткі» па матывах п’есы амерыканскага драматурга Айвона Менчала. Магчыма, нехта назаве спектакль жаночым, у той час як «Некалькі пралётаў уверх» на многія рэчы раскрывае мужчынскі пункт гледжання. Але гэта хутчэй умоўнасці. Кожнаму з нас без спасылак на якія-небудзь акалічнасці не лішнім будзе «капануць» глыбей, каб хоць крыху ўзняцца над жыццёвай мітуснёй.

Рэжысёр Дзяніс Нупрэйчык.



Па словах дырэктара МАДТа Юрыя Крывенькага, права на гэту пастаноўку ў рэспубліцы мае толькі наш тэатр, што ганарова і адказна. Не выключаю, што нехта меў шчасце ўбачыць спектакль маскоўскага тэатра «Современник», у якім занятыя Сяргей Гармаш і Леанід Ярмольнік. Але і гэта таксама повад, каб прыйсці ў Мінскі абласны драматычны і яшчэ раз сустрэцца з героямі п’есы расійскага драматурга Радзівона Аўчыннікава «З надыходзячым!».

Як расказаў Дзяніс Нупрэйчык, над пастаноўкай працавалі дружна, іншым разам да позняга вечара, адчувалася зацікаўленасць кожнага ў раскрыцці характару свайго героя і поспеху агульнай работы. Дарэчы, нядаўна трупу папоўнілі акцёры Вячаслаў Сікора і Валерый Новік, якія ўнеслі ў спектакль сваю энергетыку. Глядач атрымае асалоду ад ігры не толькі галоўных герояў, але і акцёраў другога плана, без якіх поўнай карціны не атрымалася б. Многае нараджалася, як кажуць, «па ходзе» і арганічна ўпляталася ў канву дзейства -- вясёлага і сумнага, рамантычнага і непрадказальнага да апошняй хвіліны. Падзеі развіваліся, закручваліся, напальваліся, а думалася пра тое, як важна ў нейкі момант спыніцца хоць на хвіліну. Спыніцца і ўзяць сябе ў рукі, каб не зламаць ушчэнт усё жыццё. Сваё ці іншага чалавека.

-- Спачатку спектакль хацелі назваць «Маленькія трагедыі». Вядома ж, без замаху на творчасць класіка. Сутнасць у іншым. У кожнага чалавека свой боль, свая маленькая трагедыя. І каб аднойчы Новы год сустрэць прасветленым, супакоеным, увайсці ў яго без цяжару сварак і крыўдаў, трэба навучыцца дараваць, -- гаворыць Дзяніс Вадзімавіч.

Новы год – дата сімвалічная. Гісторыя зусім не пра свята. Кропкай адліку можа стаць любы дзень, калі мы нарэшце зразумеем нешта жыццёва важнае, разбяромся ў хітраспляценні няпростых чалавечых стасункаў. І хто ведае, магчыма, адбудзецца цуд. Мы паглядзім уверх і… замест звычайнай столі ўбачым нябесную прыгажосць. «Некалькі пралётаў уверх» і пра гэта таксама.

Наступны паказ  п'есы адбудзецца 27 красавіка.



Прочитано 793 раз Последнее изменение 16.04 16:33
Людміла Цар

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить