09.01 15:55

Вышытыя мары Людмілы Кот

Источник

Факт агульнавядомы: тое, аб чым мы марым, рана ці позна становіцца явай. Каб жаданні збываліся хутчэй, псіхолагі раяць прагаворваць іх альбо напісаць на паперы. Але ёсць яшчэ адзін дзейсны спосаб, які адкрыла для сябе вядучы эканаміст хлебазавода Людміла Кот: свае мары трэба… вышыць на палатне. Пакуль завершыш працаёмкую карціну, глядзіш — і запаветная мара збудзецца. Нядаўна Людміла прадэманстравала карціны-летуценні на першай сваёй выстаўцы ў бібліятэцы-філіяле №1 па вул. Будаўнікоў, 24.

Вышытыя мары Людмілы Кот "Маладзечанская газета"


Трымаць іголку ў руках яна навучылася яшчэ дашкольніцай.

—  Дзякуй за гэта маёй дарагой матулі Валянціне Паўлаўне, якая і вышываць, і вязаць навучыла. І сама заўсёды была для мяне прыкладам у рукадзеллі, — успамінае Людміла Валянцінаўна. — Яна купляла адрэзы тканіны і шыла сабе і мне аднолькавыя сукенкі. Цяпер гэта вельмі модна, калі сям’я апранаецца ў адным стылі. А яшчэ ў сярэдняй школе №5 мне вельмі пашанцавала з першай настаўніцай Ірынай Іванаўнай Місуна, якая вяла для дзяўчынак гурток па рукадзеллі і вучыла нас усяму, што ўмела сама.  

І ўсё ж сур’ёзнае і, скажам так, мэтанакіраванае захапленне вышыўкай прыйшло да Людмілы ў дарослым узросце. Дзесяць гадоў таму ёй падарылі камплект для рукадзелля – ікону Ісуса Хрыста. За тыдзень вышыла яе жанчына і нібыта атрымала благаслаўленне на занятак, які прыносіць ёй шмат радасці, расслабляе пасля няпростай работы, дамашніх спраў. Цяпер у яе калекцыі каля ста карцін, дваццаць з якіх яна размясціла на выстаўцы. Адразу кідаецца ў вочы, што яны не адзіночныя, а аб’яднаныя адной тэматыкай у камплекты – дыпціхі, трыпціхі. І гэта выдатнае рашэнне для аздаблення інтэр’ераў дома. Нельга не адзначыць і арыгінальнае абрамленне. Большасць рамак рукадзельніца робіць сама: абцягвае іх скурай, іншымі матэрыяламі. Незвычайна глядзяцца пано «Кветкавы карагод» у… гліняных талерках. Вачэй не адарваць ад бісернага трыпціха «Зімовае чараўніцтва», выкананага ў стылі гжэль.

Настройвае на філасофскія разважанні «Усходняя сага», вяртаюць у лета чырвоныя макі, кліча ў нязведаныя далі трыпціх «Дарога мары». «Гэтыя пейзажы мне нагадалі Грузію. Вышывала і марыла там пабываць. І вось сёлета маё жаданне збылося, — расказвае майстрыха. — Летам не маю часу вышываць, жыву ў прыватным сектары, саджу агарод, кветкі, затое зімой не адмаўляю сабе ў радасці пасядзець вечарам перад тэлевізарам з пяльцамі ў руках. Як бачыце, вышываю крыжыкам і бісерам. Занятак гэты няспешны, працаёмкі. На адну карціну патрабуецца ад аднаго да трох месяцаў, а на вялікія работы – да дзевяці. Гатовыя камплекты  для вышыўкі не купляю. Карціны выбіраю сама ў інтэрнэце, затым апрацоўваю іх у спецыяльнай праграме, якая дае раскладку па памеры і колерах. Матэрыялы набываю на рынку «Лебяжий», там яны ўдвая таннейшыя, чым у Маладзечне. Бісерам вышываю пры дапамозе нямецкай шаўковай ніткі, лёскай не карыстаюся, бо нязручна», — дзялілася сакрэтамі майстэрства аўтар. Дарэчы, цікавы факт: яе малодшы сын Аляксандр у школьным узросце таксама вышыў дзве карціны, прычым вельмі прыгожыя.

Наведвальнікаў у першы дзень работы выстаўкі  было шмат — як чытачоў бібліятэкі, так і запрошаных гасцей. З дзяржаўнага каледжа прыйшлі трэцякурсніцы, якія асвойваюць спецыяльнасць «пашыўшчык вырабаў са скуры і майстар па манікюры». Дзяўчаты разбіраюцца ў рукадзеллі, могуць ацаніць творчыя работы. Падтрымалі Людмілу і калегі з хлебазавода, якія адзначылі, што сцены рабочага кабінета Людміла таксама ўпрыгожыла сваімі карцінамі. А падштурхнула яе паказаць свае шэдэўры шырокай аўдыторыі суседка Ніна Дуброўная, якая  дала параду звярнуцца ў раённы цэнтр рамёстваў. Творчую жанчыну сустрэлі тут вельмі прыязна, прынялі ў клуб майстроў «Вытокі», які аб’ядноўвае каля 80 умельцаў. Дырэктар раённага цэнтра рамёстваў Ларыса Ступіна павіншавала Людмілу Кот з дэбютнай выстаўкай, запрасіла надалей удзельнічаць у сумесных экспазіцыях на раённых святах, фестывалях.

Дарэчы, на мерапрыемства прыйшлі многія майстры з «Вытокаў» на чале з кіраўніком клуба Пятром Міхасёнкам. Яны дзяліліся сваімі ўражаннямі, адзначалі, як важна для творчага чалавека мець аднадумцаў, прымаць удзел у мерапрыемствах, знаёміцца з майстрамі, сучаснымі кірункамі, тэндэнцыямі. Гэта дае натхненне для новых твораў і вельмі ўпрыгожвае жыццё.    

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/kultura/item/2123-vyshytyya-mary-lyudmily-kot.html#sigProId5746ff3bdd
Прочитано 555 раз Последнее изменение 09.01 15:55
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить