08.11 10:05

Пісьменніца Наталля Батракова сустрэлася з чытачамі ў Чысці

Источник

Папулярная беларуская пісьменніца ўпершыню сустрэлася са сваімі чытачамі з пасёлка Чысць.

Пісьменніца Наталля Батракова сустрэлася з чытачамі ў Чысці "Маладзечанская газета"


Кнігі Наталлі Батраковай даўно з’яўляюцца бестселерамі і лідарамі продажу. Пісьменніца жаданы госць на літаратурных сустрэчах, графік выступленняў у яе распісаны на некалькі месяцаў наперад. Тым больш прыемна, што яна знайшла час і прыехала ў Чысцінскую сельскую бібліятэку па запрашэнні яе загадчыцы Наталлі Янчаўскене. «Для мяне не так важна, вялікая бібліятэка ці не вельмі, шмат збярэцца слухачоў ці не. Я гатова весці размову і з дзесяццю чалавекамі, галоўнае, каб яны былі зацікаўленыя», — скажа пазней госця.

Прыхільнікаў таленту Батраковай сабралася шмат, зала была поўная. Але самае галоўнае, што на сустрэчу прыйшлі не выпадковыя наведвальнікі бібліятэкі, а вялікія прыхільнікі творчасці пісьменніцы. Адна з чытачак нават адпрасілася з бальніцы, другая спецыяльна прыехала з Мінска да сяброўкі ў Чысць. Пытанняў да пісьменніцы было столькі, што яна ледзь паспявала адказваць. Многія тычыліся пачатку яе творчага шляху. Наталля расказала, што яшчэ школьніцай пісала вершы для сябе, але саромелася іх каму-небудзь паказваць. Родам яна з Бялыніч, што на Магілёўшчыне. З дзяцінства вельмі шмат чытала, у бібліятэку яе бацькі запісалі ў шэсць гадоў. І любоў да літаратуры пранесла праз усё жыццё. Між тым захаплялася фізікай, паступіла ў Гомельскі ўніверсітэт інжынераў чыгуначнага транспарту, доўгі час узначальвала прадстаўніцтва замежнай транспартнай кампаніі. Прозу пачала пісаць бліжэй да сарака. Пісьменніца расказвала, што піша свае раманы доўга, над першым — «Тэрыторыя душы» — працавала пяць гадоў.

Перад тым як аддаць кнігу ў выдавецтва, шмат разоў перачытвае і выпраўляе яе. Прыхільнікі творчасці з вялікім нецярпеннем чакалі працяг яе апошняга рамана «Миг бесконечности», і вось нарэшце атрымалі магчымасць даведацца пра лёс герояў, якія ім так палюбіліся. Над працягам пісьменніца працавала паўтара года. У бібліятэку яна прывезла некалькі дзясяткаў экзэмпляраў апошняй кнігі, разышліся ўсе, як і зборнікі з вершамі. Для кожнага, хто падыходзіў па аўтограф, творца знаходзіла асаблівыя словы.

У гэты асенні вечар Наталля Батракова не толькі вельмі даверліва і шчыра расказвала пра сваё жыццё і творчасць, але і чытала вершы, выканала некалькі прыгожых песень. І сказала, што зацікаўленыя, добразычлівыя чысцінцы і іх пасёлак ёй вельмі спадабаліся. «Магчыма, у сваіх наступных творах я каго-небудзь са сваіх герояў «пасялю» ў Чысці», — сказала пісьменніца.


Фота: архіў ЧЫСЦІНСКАЙ СЕЛЬСКАЙ БІБЛІЯТЭКІ.

Прочитано 1301 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить