09.10 10:23

Международный симфонический молодежный форум прошел в Молодечно

Источник

У Маладзечне на базе музычнага каледжа імя М.К. Агінскага з 26 па 30 верасня праходзіў ІІІ Міжнародны сімфанічны семінар-форум маладых кампазітараў, выканаўцаў і музыказнаўцаў.
Мерапрыемства стала сапраўднай падзеяй для нашага горада і выклікала вялікую цікавасць у асяроддзі музычнай грамадскасці.

Уражвае геаграфія ўдзельнікаў: Масква, Санкт-Пецярбург, Урал, Алтай, Паволжа Расійскай Федэрацыі, рэгіёны нашай краіны… У Маладзечна прыехалі многія вядомыя дзеячы музычнага мастацтва, а таксама студэнты кансерваторый і члены маладзёжных творчых аб’яднанняў. Некаторых гасцей мы папрасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі.

— Праграма вельмі насычаная, часу агледзець горад было мала, — адзначыла выкладчыца кафедры інструментоўкі і кафедры сучаснай музыкі Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Чайкоўскага Вольга Бачыхіна. — Аднак дружалюбнасць маладзечанцаў, іх гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу, клопат пра месца, дзе яны жывуць, адразу бачныя. Незабыўнае ўражанне выклікалі і арганізацыя навучання ў каледжы, кваліфікацыя выкладчыкаў, узровень падрыхтоўкі навучэнцаў, матэрыяльная база. Дзякуючы дырэктару навучальнай установы Рыгору Сароку для нас была створана творчая атмасфера. У час семінара мы адчувалі сябе адной дружнай сям’ёй.

На думку заслужанага артыста Расіі Марка Пякарскага, падобныя міжнародныя праекты надзвычай запатрабаваныя сярод музыкантаў. Яны дазваляюць творцам яшчэ больш раскрыць свой патэнцыял. А прафесіяналізм работнікаў нашага музычнага каледжа гэтаму толькі спрыяе.



— Міжнародны семінар у Маладзечне – унікальная з’ява для музыкантаў. Мерапрыемствы такога ўзроўню і накіраванасці ў краінах былога СССР раней не праводзіліся. Тым больш прыемна, што форум прымае культурная сталіца Мінскай вобласці, горад, дзе ствараюцца оперы, зберагаецца і папулярызуецца сусветная і беларуская музычная спадчына, — падкрэсліў прэзідэнт міжнароднай асацыяцыі маладых кампазітараў Яраслаў Судзілоўскі.

На думку кіраўніка беларускага таварыства сучаснай музыкі Аляксея Пілатава, у Маладзечне створаны сапраўдны культурны аазіс для людзей творчых і крэатыўных. Да таго ж ёсць адпаведная інфраструктура для правядзення мерапрыемстваў міжнароднага маштабу. А выканаўцы сімфанічнага аркестра каледжа і выпускнікі навучальнай установы праславіліся далёка за межамі Беларусі. Дзякуючы гэтаму горад і быў выбраны для рэалізацыі праекта.

Студэнту Уральскай дзяржаўнай кансерваторыі Яўгенію Прытужалаву дні, праведзеныя ў Маладзечне, запомняцца назаўсёды. Творчая атмасфера, прыгажосць наваколля, добразычлівасць педагогаў натхнілі маладога чалавека на стварэнне арыгінальных музычных твораў.

Выкладчыца музычнай школы з Барнаула Вольга Дзюжына адразу ўлюбілася ў Беларусь, Маладзечна і музычны каледж.

— Жыць у такой краіне – сапраўднае шчасце, а вучыцца ў каледжы – вялікі гонар! Музыка ў час семінара пісалася надзвычай лёгка. У свой твор я ўключыла беларускія цымбалы, — паведаміла дзяўчына.

Студэнтка Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Рымскага-Корсакава Вікторыя Гавяйновіч у семінары ўдзельнічала ўпершыню. Яна ацаніла магчымасць вучыцца ў вядучых спецыялістаў, слухаць лекцыі па дысцыплінах, якія не выкладаюцца ў кансерваторыі, і пераймаць вопыт іншых удзельнікаў. У выніку нараджаюцца прыгожыя думкі, якія ператвараюцца ў лірычную музыку.

— Правядзенне ў нашым горадзе маладзёжнага форуму кампазітараў стала ўжо традыцыяй, — падкрэсліў дырэктар музычнага каледжа галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра навучальнай установы Рыгор Сарока. – Акрамя музыкантаў з Беларусі і Расіі ў мерапрыемствах прымалі ўдзел прадстаўнікі Малдовы, Казахстана, іншых краін. Кожны семінар складаецца з дзвюх сесій. У час асенняй для ўдзельнікаў арганізуюцца майстар-класы, лекцыі, творчыя лабараторыі, рэпетыцыі з дырыжорамі сімфанічных аркестраў. Вялікае значэнне мае культурная праграма, у тым ліку экскурсіі па знакавых мясцінах Маладзечаншчыны. Вынікам сумеснай работы з’яўляюцца сімфанічныя творы, якія выконваюцца на канцэрце вясной. Так, летась семінарысты пісалі музыку на вершы Максіма Багдановіча.

Рыгор Сямёнавіч дадаў, што ў наступным годзе ў рамках святкавання 60-годдзя каледжа плануецца даць канцэрт з лепшых твораў, напісаных удзельнікамі семінараў. А перад гэтым семінарысты і іх выкладчыкі наведаюць славутасці Беларусі, пабываюць у Аборку, дзе пасадзяць алею ля адноўленага месца былога касцёла Святого Роха і пахавання роду Ходзькаў-Дадэркаў.

Фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 703 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить