Реклама на сайте - up
17.05 9:09

У Маладзечне захаваліся будынкі «польскага» часу. Працяг

Источник

Разам з краязнаўцам Уладзімірам Садоўскім падарожнічаем па Гелянове. Да 1939 года тут размяшчаўся гарнізон Войска Польскага.

У Маладзечне захаваліся будынкі «польскага» часу. Працяг "Маладзечанская газета"

Мы ўжо расказвалі аб архітэктуры міжваеннага часу ў Маладзечне. Гэта працяг.

З Вільні ў Маладзечна

Наша экскурсія пачынаецца на вуліцы Машэрава, дзе раней была трыумфальная арка. Па вуліцы Чкалава ідзём да воданапорнай вежы. Гэта добры арыенцір сярод гарадскіх кварталаў.

— Гарнізон, які размяшчаўся ў Гелянове, быў сфарміраваны ў 1922 годзе на базе 86-га пяхотнага палка Войска Польскага, — расказвае краязнавец. – Гэта падраздзяленне ў час савецка-польскай вайны ўваходзіла ў склад сіл «Самаабароны Літвы і Беларусі» пад назвай «Мінскі стральцовы полк» і ўдзельнічала ў бітве пад Варшавай. Яе яшчэ называюць «цудам над Віслай».

У 1920 годзе полк пад камандаваннем генерала Жалігоўскага прымаў удзел у паходзе на Вільню, у выніку якога паўстала новая дзяржава – Сярэдняя Літва. У Новай Вільні (адным з раёнаў Вільнюса) ваеннаслужачыя былі раскватараваны да сакавіка 1922 года, калі вышэйзгаданая краіна ўвайшла ў склад Польшчы. Тады стралковы полк стаў 86-м пяхотным палком Войска Польскага і быў пераведзены ў фальварак Гелянова, бліжэй да ўсходняй граніцы Другой Рэчы Паспалітай.

Казарма, абкам, каледж 

Cпачатку ў фальварку ўзводзіліся казармы і дамы для падафіцэраў. Вакол іх фарміраваўся ваенны гарадок.
Праходзім міма аднаго з карпусоў Маладзечанскага політэхнічнага каледжа, які раней служыў казармай для салдат тэрміновай службы. Казарма прызначалася для батальёна пяхоты (каля 700 чалавек). У першыя пасляваенныя гады ў будынку размяшчалася адміністрацыя Маладзечанскай вобласці. Да нядаўняга часу пабудова мела плоскі дах. Ля яе захаваліся масіўныя бетонныя ўваходы ў бамбасховішчы.

На супрацьлеглым баку вуліцы можна бачыць дамы для падафіцэраў. Узводзіліся яны па тыпавым праекце. Падобныя будынкі захаваліся ў Красным, Баранавічах і Вільнюсе.

— У міжваенныя гады на месцы спартыўнай пляцоўкі СШ №2 быў страявы пляц, — удакладняе Уладзімір. – Пляцоўка для выездкі коней знаходзілася на месцы сучаснага стадыёна. Частка пабудоў ваеннага гарадка былі драўляныя.

Надпісы на цэгле

Падыходзім да воданапорнай вежы. Яна таксама была ўзведзена ў міжваенны час і абслугоўвала гарнізон. На сценах бачныя сляды ад куль і снарадаў. Можна разабраць надпісы на цаглінах. Некаторыя з іх датаваныя 1940-м годам. Ёсць версія, што пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі ў ваенным гарадку некаторы час былі раскватараваны падраздзяленні Чырвонай Арміі.

Побач з вежай ля агароджы ЗАТ «Маладзечнамэбля» знаходзіцца гаспадарчая пабудова 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя. Па версіі экскурсавода, гэта былы гараж або склад для захоўвання фуражу.

— Хаця полк, раскватараваны ў Гелянове, быў пяхотны, у ім налічвалася некалькі кавалерыйскіх аддзелаў, — зазначыў краязнавец. — Быў у падраздзяленні і невялікі аўтапарк. Стайні ж знаходзіліся ўздоўж вуліцы Язэпа Драздовіча. Пасля вайны ў іх размясціўся цэх Маладзечанскай мэблевай фабрыкі. Пры расчыстцы плошчаў рабочыя разбурылі некалькі бетонных паілак для коней. Зроблены яны былі вельмі грунтоўна.

Пан камендант і лебядзінае возера

Вяртаемся на вуліцу Машэрава, пераходзім скрыжаванне, ідзём ля стадыёна, паварочваем у бок вуліцы Канстанцыі Буйло. Ля павароту бачым адзін з карпусоў цэнтральнай раённай бальніцы. Раней у гэтым будынку размяшчаўся штаб гарнізона.

Далей праходзім міма двухпавярховых дамоў з ужо знаёмымі архітэктурнымі асаблівасцямі – высокімі праёмамі вокнаў, стужкавым шкленнем лесвічных клетак. Такія ўзводзілі ў міжваенны час.
А вось і дзіцячы цэнтр культуры «Расток». У гэтым будынку жыў камендант гарнізона. Уздоўж вуліцы закладзена алея з лістоўніц.

— Цэнтр фальварка Гелянова з драўляным маёнткам і паркам вакол яго размяшчаўся на месцы зелянгаса. На аэрафотаздымку 1941 года яны занатаваныя. Паблізу было возера – адно з любімых месцаў адпачынку польскіх афіцэраў. З міжваеннага часу захаваліся два дамы па вуліцы Машэрава. Цяпер адзін з іх жылы, другі пераабсталяваны ў матэль, — паведаміў Уладзімір Садоўскі.

Па меркаванні краязнаўца, будынкі, узведзеныя паміж 1921 і 1939 гадамі, могуць не горш за падручнікі расказаць маладзечанцам гісторыю горада.   

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/kultura/item/1278-u-maladzechne-zakhavalisya-budynki-polskaga-chasu-pratsyag.html#sigProIdc1dacd1820
Прочитано 225 раз Последнее изменение 17.05 9:09
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Якая музыка ў вясны? Удалы творчы выбар »

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить