16.05 16:14

Якая музыка ў вясны?

Источник

З лепшымі народнымі калектывамі Мінскай вобласці знаёмяць землякоў супрацоўнікі Чысцінскага Дома культуры ў рамках фестывалю «Музыка вясны».

Якая музыка ў вясны? "Маладзечанская газета"


У сакавіку прайшоў першы канцэрт, на якім сваю творчасць прадставілі ансамблі з Маладзечанскага, Вілейскага і Стаўбцоўскага раёнаў. У маі культработнікі падарылі землякам яшчэ адну сустрэчу з самабытнымі музыкантамі і выканаўцамі, прымеркаваную да майскіх свят. З прывітальнымі словамі да гледачоў звярнуўся ветэран працы, былы работнік «Забудовы» Аляксандр Бросаў. Ён пажадаў, каб прыгожы пасёлак Чысць квітнеў з кожнай вясной, а яго працавітыя жыхары заўсёды мелі добры настрой.

У гэты вечар ён ва ўсіх быў цудоўным. З першых акордаў разварушылі публіку ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні «Асалода» Раёўскага Дома культуры. Гэты адзін з самых запатрабаваных на сцэнах раёна калектыў створаны ў 2011 годзе, ім кіруе Наталля Вараўка. У яго рэпертуары каля 70 твораў — беларускіх народных, рускіх, казацкіх, эстрадных. З канцэртнымі праграмамі «Гаворка беларуская», «Руская душа» і іншымі «Асалода» аб’ездзіла нямала населеных пунктаў і паўсюдна атрымлівала гарачыя апладысменты.

Не менш знакаміты народны ансамбль народнай музыкі «Сакавінка» Чысцінскага СДК. Нязменны з 1989 года яго кіраўнік таленавіты музыкант Валерый Сальнік творча падыходзіць да падбору рэпертуару, на высокім прафесійным узроўні апрацоўвае музычныя творы. Удзельнікі калектыву – віртуозныя выканаўцы, якія шмат гадоў нястомна прапагандуюць беларускую музыку, прывіваюць землякам добры густ.


Яшчэ адзін самабытны калектыў прыехаў у Чысць з Валожыншчыны. Гэта народны агітацыйна-харэаграфічны ансамбль «Журавінка» Івянецкага Дома культуры, які стварыў у далёкім 1961 годзе заслужаны работнік культуры БССР Іосіф Ляшчынскі. Аснову рэпертуару артыстаў складае беларуская народная творчасць, а таксама культурная спадчына суседзяў – палякаў, рускіх. Песні, танцы, мастацкае слова – рознымі жанрамі валодаюць удзельнікі «Журавінкі», якім на працягу пяці дзесяцігоддзяў удалося захаваць ансамбль, стварыць рэпертуар, актуальны і сёння. Некалькі пакаленняў жыхароў Івянца вырасла на яго песнях і танцах, ведаюць ансамбль і далёка за межамі раёна.

Калектывы з задавальненнем адгукаюцца на запрашэнне прыняць удзел у нашым фестывалі, адзначае яго ініцыятар дырэктар Чысцінскага СДК Генадзь Сушко. Гаворыць ён і аб тым, што «Музыка вясны» са зменай сезона не закончыцца, яна будзе гучаць і ў іншыя поры года.

Фота: архіў Чысцінскага СДК.       

Прочитано 586 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить