12.01.2018 14:16

Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Маладзечанскага раёна на 2018 год

Источник

У канцы 2017 года адбылося сумеснае пасяджэнне сесіі раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта. На разгляд прадстаўнічага і выканаўча-распарадчага органаў улады выносіліся прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэт Маладзечанскага раёна на 2018 год.

Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Маладзечанскага раёна на 2018 год "Маладзечанская газета"



Працэс гэты далёка не фармальны. І дэпутаты, і члены раённага выканаўчага камітэта з году ў год адзначаюць напружаны характар даведзеных заданняў, імкнуцца на падставе аналізу адшукаць шляхі іх выканання, вызначыць, скажам так, алгарытм дзеянняў, якія б прывялі да жаданых вынікаў. Але самыя розныя прычыны – ад непазбежных да суб’ектыўных – ператвараюць планы фармальныя ў рэальнасць.

Летась раёну ўдалося выканаць даведзеныя аблвыканкамам усе чатыры паказчыкі ацыяльна-эканамічнага развіцця – экспарт тавараў і паслуг, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове, працаўладкаванне грамадзян на зноў створаныя рабочыя месцы, і два з трох дадатковых. У «мінусе» аказалася вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі – 102,2% з даведзеных 114,5%. Хаця, як адзначалі многія, апошняя лічба была вельмі ўжо высокай.

Намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Актанаровіч нагадаў прапісную ісціну: выкананне прагнозных паказчыкаў у 2018 годзе будзе залежыць найперш ад работы рэальнага сектара эканомікі. З мэтай павелічэння экспартнага складальніка (102,6%) неабходна павялічыць загрузку вытворчых магутнасцей, рэалізаваць інвестыцыйныя праекты па тэхнічным пераўзбраенні і рэканструкцыі, што адаб’ецца на якасці і канкурэнтаздольнасці тавараў, актывізаваць маркетынгавую дзейнасць. Разам з традыцыйнымі рынкамі збыту – Расія, Украіна, краіны Еўрасаюза – павінны з’явіцца новыя, найперш Кітай.
На выкананне згаданага паказчыка ўплывае работа найперш трох прадпрыемстваў – ТАА «Велес-Міт», ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат», СП «Мінскі мэблевы цэнтр» – да 60% усяго экспарту Маладзечаншчыны.

Рост экспарту паслуг (103,5%) па-ранейшаму вызначаецца выгадным геаграфічным размяшчэннем рэгіёна: на транспартныя паслугі прыпадае асноўны аб’ём. Для выканання паказчыка па прыцягненні прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове (1,6 мільёна долараў) плануецца стварэнне новых прадпрыемстваў, развіццё імпартазамяшчальных і арыентаваных на экспарт вытворчасцей. Галоўным праектам 2018 года стане будаўніцтва завода па перапрацоўцы смецця з інвестыцыямі ў суме каля 75 мільёнаў еўра.

Аб’ём будаўніча-мантажных работ выкананы летась без малога на 180%. Сёлета прагноз куды больш сціплы – 100,1%. Плануецца нарасціць аб’ёмы жыллёвага будаўніцтва, а таксама ў рэальным сектары эканомікі.

Стратэгічнай лініяй у сельскай гаспадарцы раёна ў 2018 годзе стане фарміраванне бясстратнай, канкурэнтаздольнай і экалагічна бяспечнай вытворчасці сельгаспрадукцыі. Асноўная стаўка ў нарошчванні аб’ёмаў будзе зроблена на павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці малака (106,7%) і буйной рагатай жывёлы (101,4%).

Плануецца пашыраць сетку аб’ектаў гандлю, найперш крокавай даступнасці ў жылых кварталах. Тэмп росту рознічнага тавараабароту праз усе каналы гандлю чакаецца на ўзроўні 105%.

З праектам раённага бюджэту на 2018 год пазнаёміла прысутных начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Таццяна Варывончык. Яна адзначыла, што пры складанні найважнейшага фінансавага дакумента года давялося арыентавацца на бюджэт вобласці і на тэндэнцыі, якія складваюцца ў эканоміцы раёна. Так, даходы сёлета (адпаведна і расходы) прагназуюцца ў суме 126253486 руб. У структуры даходаў будуць пераважаць падаткі на даходы і прыбытак, падаходны падатак з фізічных асоб, падатак на тавары (работы, паслугі), на прыбавачную вартасць, падатак на ўласнасць і нерухомасць. Найбольшы аб’ём расходнай часткі складуць адлічэнні на сістэму адукацыі, медыцыну, сацыяльную палітыку, культуру і мастацтва. Бюджэт 2018 года, як і папярэднія, будзе мець сацыяльную накіраванасць.

Пасля абмеркавання дэпутаты «прагаласавалі» і зацвердзілі прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэт раёна на 2018 год. Засталося толькі рэальнай справай напаўняць палажэнні згаданых дакументаў, каб, як сказана ў прэамбуле першага, павышаць якасць жыцця насельніцтва.


Прочитано 1141 раз Последнее изменение 12.01.2018 14:16
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить