27.10.2017 10:52

Будзе арэшнік, будзе і лыжня

Источник

Кіраўнік ТАА «Вязавецкі сад» патлумачыў сітуацыю з устаноўкай агароджы і відэаназірання пры пад'ездзе да Бярозавага гаю.

Будзе арэшнік, будзе і лыжня "Маладзечанская газета"

З пытаннем «хто і чаму загарадзіў Бярозавы гай?» мы звярталіся ў землеўпарадкавальную службу райвыканкама. А  праз некалькі дзён пасля публікацыі рэплікі ў рэдакцыю патэлефанаваў Генадзій Гаўрыс, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў таварыства з абмежаванай адказнасцю «Вязавецкі сад». Ён прапанаваў сустрэцца: сітуацыя патрабуе тлумачэння. Я пагадзіўся без ваганняў. Па-першае, галоўны рэдактар падпісвае газету ў свет і адказвае, у тым ліку, за змест матэрыялаў. Па-другое, Генадзія Баляслававіча ведаю гадоў можа з дваццаць, хаця столькі ж часу і не бачыўся з ім.

Ужо ў салоне аўтамабіля Г. Гаўрыс паведаміў, што для ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці – вырошчвання фундуку – таварыству на законных падставах выдзелена 50 гектараў сельгасугоддзяў ААТ «Палачаны».

Вырошчванне фундука -- сумесны праект з Акадэміяй навук 

– Рашэнне аб перадачы зямлі ў карыстанне ТАА «Вязавецкі сад» было прынятае ў ліпені, а ў жніўні мы прыступілі да работы па навядзенні парадку на зямлі, – тлумачыў суразмоўца. – Пачалі высякаць кусты, знішчаць баршчэўнік, збіраць смецце. Адно толькі будаўнічых адходаў вывезлі тры велікагрузныя аўтамабілі. У асноўным працавалі ў пасадках ля чыгункі і каля Бярозавага гаю. Не дзялілі зямлю на «сваю» і «чужую», убіралі ўсюды. Каб не дапусціць далейшага забруджвання тэрыторыі і захаваць маёмасць на ўездзе, паставілі вароты, абсталявалі сістэму відэаназірання. Гэта першыя крокі. Будуць і наступныя. А пакуль раскажам вам і чытачам газеты пра будучы сад.

У Беларусі фундук не вырошчваецца (лясны арэх у разлік не бяром). Для патрэб кандытарскай вытворчасці і на продаж насельніцтву арэхі даводзіцца купляць за мяжой. Вядома ж, за валюту. Таму і ўзнікла ідэя разам з інстытутам пладаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі закласці такі сад. Канчатковая мэта праекта – селекцыя беларускага гатунку арэха. Тэма прарыўная, навуковае суправаджэнне работы ўзяла на сябе доктар сельскагаспадарчых навук прафесар Зоя Казлоўская. Цяпер, як вы бачыце, агароджваем тэрыторыю, паднімаем зябліва, каб вясной прыступіць да пасадкі саджанцаў фундуку.

Калі расліны прыжывуцца ў беларускім клімаце, працягваў далей Генадзій Гаўрыс, пастараемся вырошчваць арэх без прымянення «хіміі», каб патрапіць у Еўрапейскі рэестр экалагічных вытворцаў. Але гэта праца і праца.

Да дыялогу далучыўся Аляксандр Пасюкевіч:

– Мы з Генадзіем Баляслававічам выраслі ў Беразінскім. І хоць цяпер жывём у сталіцы, радзіму не забываем, перажываем за Маладзечаншчыну. Сустрэліся нядаўна з аматарамі здаровага ладу жыцця, даведаліся, дзе звычайна праходзіць лыжная траса. Адразу ж пусцілі ўздоўж яе трактар, выраўнялі профіль. Вырашылі на некалькі метраў перанесці будучую агароджу, каб лыжнікі не адчувалі нязручнасці ў час забегаў і прагулак. Словам, мы за спорт і актыўны адпачынак не на словах.

– Ёсць задума абсталяваць пры ўездзе на ўчастак з боку Цюрлёў аўтамабільную стаянку, добраўпарадкаваць пешаходны праход, зманціраваць навес для пераапранання. Мажліва, нават гарбату гарачую прапаноўваць спартсменам станем, – падзяліўся планамі Генадзій Гаўрыс. – І доступ да Бярозавага гаю будзе і маладзечанцам, і спецыяльнай тэхніцы – гэта ж дзяржаўны лясны фонд. Адным толькі заклапочаны: каб усе наведвальнікі падтрымлівалі парадак, не смецілі, вызначаліся культурай паводзін. Для таго і відэаназіранне, і дзяжурства арганізаваныя.

Прызнаюся, аўтару гэтых радкоў прыемна было чуць аргументаваныя, пераканаўчыя довады суразмоўцаў. Калі людзі аднолькава зацікаўлены рухаць бізнес, культуру і здаровы лад жыцця, калі ўмеюць слухаць і дзейнічаць, значыць, не ўсё ў нас згублена! Значыць, Бярозавы гай і надалей будзе гасцінна сустракаць маладзечанцаў. Толькі б ішлі мы сюды з добрымі памкненнямі і чыстымі рукамі.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/glavnaya-novost/item/1779-budze-areshnik-budze-i-lyzhnya.html#sigProIdadf6745586
Прочитано 1456 раз Последнее изменение 27.10.2017 10:52
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить