20.10 8:34

Лён убіраюць…

Источник

Лён убіраюць двойчы. Першы раз, калі цярэбяць і абмалочваюць на насенне. Другі -- калі паднімаюць трасту са сцелішча, пасля жнівеньскай расы. Праўда, цяпер у прыродзе многае памянялася: збіраць і звозіць лён на перапрацоўку нярэдка даводзіцца і ў верасні, і ў кастрычніку. Як сёлета, да прыкладу. Асноўную работу выконвае тэхніка. Але і без ручной працы пакуль не абыходзіцца.

Лён убіраюць… "Маладзечанская газета"

У аўторак на льняным полі ля Турэц-Баяр было мнагалюдна. І шмат тэхнікі: адных толькі трактароў з прэс-падборшчыкамі налічылі трынаццаць. А яшчэ пагрузчыкі рулонаў, аўтамабілі для адвозкі… Як выказаўся нехта з калег, тут, нібы на Курскай дузе, сфарміраваны ўдарны кулак.

– Мы вырашылі не распыляць сілы, а паднімаць трасту найперш там, дзе эфектыўна можа працаваць тэхніка, – расказвае Аляксандра Харук, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па раслінаводстве. – Сёння, да прыкладу, такім з’яўляюцца Турэц-Баяры. Затым Гарадок і гэтак далей. Пад гэту каштоўную тэхнічную культуру ў раёне было адведзена 370 гектараў. Яе вырошчваннем займаецца Красненскі льнозавод.

Галоўны аграном ААТ «Красненскі льнозавод» Міхаіл Верацейка сёння першым прыехаў на поле і апошнім яго пакіне. Чалавек, які прысвяціў сябе сельскай гаспадарцы, які апошнія трынаццаць гадоў працуе на льнозаводзе, перажывае – ад тэмпаў і якасці работы на гэтым участку тэхналагічнага ланцужка будзе залежаць далейшы лёс калектыву.
У размове з карэспандэнтам Міхаіл Іванавіч не абмежаваўся дзяжурнымі фразамі, а выказаўся пра набалелае, пра тое, што ляжыць – павінна ляжаць! – у аснове вырошчвання беларускага даўгунцу.

– Лён нярэдка лічаць стратэгічнай культурай, а Прэзідэнт нават назваў яе «палітычнай». І калі да яго ставіліся падобным чынам, то і праблем асаблівых не было, – прыгадвае субяседнік. – Я цвёрда перакананы: ільнозавод павінен лён перапрацоўваць. Сваёй зямлі для вырошчвання гэтай культуры няма. Калі гаспадаркі і прапануюць гектары, то аддаленыя і не самыя ўрадлівыя. Адсюль праблемы эканамічнага характару – высокі сабекошт, нізкая рэнтабельнасць. Такая практыка ўжо стала сістэмай і не спрыяе развіццю галіны. Задайце сабе пытанне: чаму цукровыя камбінаты не стратныя? Таму што не вырошчваюць сыравіну, а толькі яе перапрацоўваюць.

На заводзе, працягвае далей М. Верацейка, створаны мехатрад. Ён займаецца сяўбой культуры, доглядам, церабленнем, затым пад’ёмам і адвозкай трасты. Людзі занятыя пэўны час, а ў міжсезонне альбо ў непагоду тэхніка прастойвае. А зарплату плаціць трэба.

І яшчэ адзін момант.
– Сёлета некалькі разоў ставілася пытанне аб закрыцці завода, аб далучэнні нас да Валожынскага льнокамбіната, – прыгадвае Міхаіл Іванавіч. – Размова зусім не пра тое, хто галоўны, каго з кім злучаюць. Справа ў іншым: такая нявызначанасць не магла не адбіцца на настроі людзей, некаторыя пачалі сыходзіць з прадпрыемства. А добры лён могуць вырошчваць толькі добрыя спецыялісты – да дзесяці аперацый даводзіцца выконваць на льняным палетку. Пралікі нават у адной адмоўна адбіваюцца на якасных і колькасных характарыстыках насення, трасты і валакна.

Нявызначанасць з лёсам ільнозавода адбілася і на фінансаванні ў перыяд падрыхтоўкі тэхнікі да палявых работ, набыцці запчастак. Праблем сёлета дадало і не зусім спрыяльнае для вырошчвання гэтай культуры надвор’е.

Але, як кажуць, лён любіць паклон. Таму і кланяюцца яму гэтымі днямі і вяскоўцы, і гараджане, імкнуцца скарыстаць кожную спрыяльную хвіліну, каб сабраць і звезці на захоўванне і перапрацоўку льнотрасту.

Што да надвор’я, то яно ад бога залежыць. А вось будучыня стратэгічнай і «палітычнай» культуры на Маладзечаншчыне залежыць толькі ад людзей.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/glavnaya-novost/item/1754-ljon-ubirayuts.html#sigProId325eb3f76a
Прочитано 915 раз
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить