10.10 12:58

Маладзечанскі раён стаў трэцім па выніках жніва ў вобласці

Источник

У Смалявічы на абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2017» афіцыйная дэлегацыя Маладзечанскага раёна ехала з асаблівым настроем. Калі гэта было, каб столькі высокіх узнагарод чакала нашых хлебаробаў!? Сёлета ў рэйтынгу раёнаў Міншчыны з ураджайнасцю 42,3 цэнтнера з гектара па выніках жніва мы сталі трэцімі.

Маладзечанскі раён стаў трэцім па выніках жніва ў вобласці "Маладзечанская газета"


Ганаровае трэцяе месца ў спаборніцтве гаспадарак таксама занялі адкрытае акцыянернае таварыства «Хоўхлава» і яго галоўны аграном Леанід Давідзёнак. Першым сярод маладых вадзіцеляў, якія шчыравалі на адвозцы збожжа, стаў палачанец Дзмітрый Акульскі. Словам, маладзечанцы не аказаліся лішнімі на гэтым свяце жыцця, асновай якога быў, ёсць і будзе хлеб.

***
Ужо з самай раніцы раённы цэнтр, які з’яўляецца горадам-спадарожнікам сталіцы, разбудзіў людскі гоман. На вуліцы Савецкай, на галоўнай пляцоўцы свята, распачаўся кірмаш, пачалі працаваць гандлёвыя рады. Самадзейныя артысты ў нацыянальных строях, зазывалы запрашалі, як кажуць, на хлеб-соль і жыхароў райцэнтра, і гасцей. Цікава было прайсціся па гарадскіх вуліцах і маладзечанцам: хто-хто, а мы ў арганізацыі самых розных мерапрыемстваў ці не наперадзе ўсёй Міншчыны…

Кульмінацыяй абласнога фестывалю-кірмашу павінна было стаць святочнае шэсце дэлегацый пад дэвізам «А ў нас сёння Дажыначкі» ды ўзнагароджанне перадавікоў абласнога спаборніцтва. Але ў праграме свята былі і іншыя «фішкі», здольныя прыцягнуць увагу. Так, адметнай падзеяй для жыхароў райцэнтра стала адкрыццё будынка ЗАГСа. Як заўважыў старшыня Мінскага аблвыканкама Анатолій Ісачэнка, тут будуць нараджацца новыя сем’і і рэгістравацца самыя юныя жыхары Смалявіч. Тыя, што ў будучыні памножаць славу роднага краю.

Затым настаў час парада – урачыстага шэсця дэлегацый раёнаў. Прадстаўнікі кожнага з іх імкнуліся паказаць сябе ва ўсёй красе. Маладзечанцы і тут аказаліся на вышыні: наша калона выдзялялася і мастацкім афармленнем, і музычна-песенным суправаджэннем. А яшчэ вельмі прыгожымі курткамі, у якія былі апрануты члены афіцыйнай дэлегацыі. «Малайцы, маладзечанцы! Вы лепшыя!» – віталі калону юныя і дарослыя гледачы, якія выстраіліся ўздоўж вуліцы. Чуць такую ацэнку было прыемна: значыць, не дарма стараліся – і ў час жніва, і ў час падрыхтоўкі да «Дажынак».

Кульмінацыяй свята стала ўшанаванне перадавікоў жніва.

– Мінская вобласць многія гады ўтрымлівае славу галоўнай жытніцы краіны, – адзначыў у сваім выступленні старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ісачэнка. – Вось і сёлета сярэдняя ўраджайнасць збожжавых склала 37,6 цэнтнера з гектара – на два цэнтнеры вышэй за агульнарэспубліканскі паказчык. З кукурузай мы сёлета атрымаем больш за два мільёны тон збожжа.
Па выніках абласнога спаборніцтва на ўборцы бясспрэчным лідарам стаў Дзяржынскі раён. Самая высокая ўраджайнасць – звыш 65 цэнтнераў з гектара – у Нясвіжскім раёне. Важкі ўклад у агульны поспех унеслі хлебаробы Барысаўскага, Маладзечанскага, Мінскага і Слуцкага раёнаў.

У аснове сёлетняга поспеху, адзначыў далей А. Ісачэнка, ляжаць строгае захаванне тэхналагічнай дысцыпліны, зніжэнне вытворчых затрат, чалавечы фактар. Менавіта сельскія працаўнікі – кіраўнікі і спецыялісты сельгасарганізацый, інжынеры, аграномы, камбайнеры, механізатары, аператары збожжасушыльных комплексаў – былі на пярэднім краі змагання за ўраджай. Поспех таксама «кавалі» работнікі сілавых структур, МНС, гандлю і грамадскага харчавання, культуры, медыкі. Са словамі падзякі кіраўнік вобласці звярнуўся таксама да сем’яў, радні ўдзельнікаў жніва – за разуменне, падтрымку, спагаду.
***
Ва ўборачнай кампаніі 2017 года былі задзейнічаны 2153 камбайны.
Першымі на Міншчыне жніво завяршылі нясвіжскія хлебаробы і сталі лідарамі па ўраджайнасці – 65,1 ц/га.
Міхаіл Саладуха з агракамбіната «Ждановічы» Мінскага раёна намалаціў 5816 тон збожжа – рэкорд вобласці.
Пры сярэдняй ураджайнасці 42,3 ц/га на Маладзечаншчыне намалочана сёлета 77109 тон збожжа – на 11934 тоны больш, чым летась.
У ААТ «Хоўхлава» пры «скупой» на ўрадлівасць глебе (бал ворыва складае ўсяго 26,8) атрымалі збожжавых па 55,6 ц/га; прычым азімая пшаніца «Багатка» на асобных участках урадзіла да
84 ц/га.
***
Эстафету віншаванняў і ўзнагароджвання падхапілі ў кіраўніка вобласці прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прафесійных саюзаў. А заключным акордам афіцыйнай часткі стаў канцэрт з удзелам аматарскіх і прафесійных калектываў, асобных выканаўцаў сталічнай вобласці і рэспублікі.
Госці раз’ехаліся, а над райцэнтрам усё гучалі святочныя ноты – яны чуліся ў выступленні Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча, у песнях Дзмітрыя Калдуна (спявак, дарэчы, родам са Смалявіч), у водблісках лазернага шоу і святочнага феерверку.

… Сімвал жыцця, абярэг Беларусі. Такія эпітэты гучалі ў гэты дзень у адрас хлеба. Выказванні гэтыя няпроста аспрэчыць. Ды ці і трэба? Колькі людзей не шкадуюць ні часу, ні ведаў, ні сілы, каб з маленькага зярнятка нарадзіўся вялікі цуд. Няхай жа заўсёды спрыяе ім поспех!

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/glavnaya-novost/item/1718-maladzechanski-rajon-sta-tretsim-pa-vynikakh-zhniva-voblastsi.html#sigProIdd870cf1a49
Прочитано 965 раз Последнее изменение 10.10 12:58
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить