11.06.2018 15:42

Яго песні гучаць, як малітва

Источник

6 жніўня народны артыст СССР і Беларусі Ігар Лучанок адзначыць сваё 80-годдзе. Юбілею знакамітага кампазітара прысвячаўся прэм’ерны канцэрт «Мелодыя лёсу», падрыхтаваны салістамі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Ён з вялікім поспехам прайшоў у першы фестывальны вечар на сцэне Летняга амфітэатра.

Міністр культуры Беларусі Юрый Бондар адкрыў музычны форум, зачытаў віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Сірэнка паведаміў прыемную навіну -- Ігару Лучанку прысвоена званне ганаровага жыхара Мінскай вобласці, уручыў кампазітару дыплом, пасведчанне і памятную стужку. На прэм’еру ў Маладзечна Ігар Міхайлавіч прыехаў разам з жонкай і сынам. Маэстра віншавалі народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг, вядомыя паэты Васіль Жуковіч, Леанід Дранько-Майсюк, дэлегацыя з Мар’інай Горкі, дзе прайшлі дзіцячыя гады кампазітара. Але найлепшай узнагародай за творчасць сталі песні ў выкананні салістаў аркестра, якія падхоплівала трохтысячная зала амфітэатра. Слушна сказаў Леанід Дранько-Майсюк: «Калі мы спяваем «Ад прадзедаў спакон вякоў…», то словы Купалы, пакладзеныя на музыку Лучанком, гучаць як малітва». Нездарма паэт Максім Танк у свой час называў Лучанка чарадзеем, які дае крылы нашай паэзіі. Ён адчуў яе глыбінны сэнс і сваімі мелодыямі падняў на новую вышыню. Яго песні «Спадчына», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Мой родны кут», «Полька беларуская» і многія іншыя ведае кожны. «Яны гаючыя, кладуцца на душу і клічуць здзяйсняць добрыя справы», -- трапна адзначыў паэт Васіль Жуковіч.

ЦІ ВЕДАЕЦЕ ВЫ, ШТО…
Ігар Лучанок стаў першым беларусам, у гонар якога адкрыта імянная зорка на Плошчы зорак эстрады ў Маскве.
Вось ужо 14-ы год куранты на Мінскай ратушы кожную гадзіну адбіваюць мелодыю «Песні пра Мінск», напісаную Ігарам Міхайлавічам.
Маэстра ведае свой род да сёмага калена па бацькавай лініі і да дзясятага -- па матчынай.
Два гады таму Ігар Міхайлавіч і яго жонка Аляксандра Рыгораўна адзначылі залаты юбілей свайго шлюбу. Яны выгадавалі сына і дачку.   
Усесаюзнае прызнанне малады кампазітар атрымаў пасля таго, як яго песня «Памяць сэрца» заваявала першае месца на Усесаюзным конкурсе савецкай песні.
Жыццю і творчасці кампазітара пісьменнік Уладзімір Ліпскі прысвяціў дзве кнігі: «Басанож па зорках» і «Мелодыя душы».



САМЫЯ ВЯДОМЫЯ ПЕСНІ ЛУЧАНКА
«Мой родны кут», «Спадчына», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Алеся», «Вераніка», «Майскі вальс», «Полька беларуская», «Зачарованая мая».

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 318 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить