13.02.2020 11:59

Месца сілы – крыніца Лешна

Крыніца ў Лешне прызнана адным з сямі цудаў Маладзечаншчыны. Гэты гідралагічны помнік прыроды мае не толькі экалагічную, але і сакральную значнасць. Многія прыязджаюць сюды набраць гаючай вады, памаліцца, выказаць павагу да гісторыі роднага краю. Адправіліся ў недалёкае падарожжа і мы.

Крыніца ля вёскі Лешна Маладзечанскага раёна. Крыніца ля вёскі Лешна Маладзечанскага раёна.

Ад Маладзечна да павароту на Лешна ўсяго некалькі мінут на машыне. Да вёскі едзем па асфальтаванай дарозе, потым паварочваем на грунтоўку. Трэба адзначыць, што наша паломніцтва адбылося ў наступны дзень пасля Вадохрышча. У час свята да крыніцы прыязджала мноства людзей, таму дарога была разбіта.

За некалькі сотняў метраў да помніка прыроды спыняемся. Побач спыніў сваё аўто і маладзечанец Аляксандр Кучаравы. Мужчына дастаў з багажніка некалькі пустых пяцілітровых бутэлек і накіраваўся за вадой.
— На крыніцу прыязджаю рэгулярна, — гаворыць маладзечанец. — Падабаецца мне тутэйшая вада, смак у яе асаблівы. Выкарыстоўваю вадзічку для прыгатавання ежы. Ды і месца гэта намоленае. Тут адпачываеш душой, становішся бліжэй да Бога. Самі паглядзіце, якая навокал прыгажосць! Дарэчы, тое, што лешненская вада гаючая, сцвярджаюць многія землякі. Некаторым яна дапамагла вылечыцца ад хвароб.

Крыніцу апякуюць прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай канфесій. Недалёка ад выхаду вады на паверхню вернікі ўстанавілі крыжы. Месца добраўпарадкавана. Для зручнасці і абароны ад непагадзі ўстаноўлены навес. Вада паступае ў бетонны рэзервуар, з якога выліваецца праз спецыяльны жолаб. Схіл забетанаваны, побач знаходзіцца лаўка. Ёсць планы абуладкаваць у гэтым раёне купель.

Пакуль фатаграфавалі і аглядалі наваколле, да крыніцы на міні-трактары пад’ехалі пенсіянеры Міхаіл і Ганна Іванкевічы. У прычэпе — некалькі пустых бутляў. Значыць, і яны за вадой.

— Пражыў у Лешна ўсё жыццё, — паведаміў Міхаіл Іосіфавіч. — Людзі заўсёды шанавалі крыніцу. Аднак не ўсім гэта падабалася. У перыяд барацьбы з рэлігіяй яе нават спрабавалі знішчыць. Але прырода і вера ўзялі сваё. Цяпер за крынічнай вадой прыязджаюць многія. І не дарма. Вада чыстая, доўга не псуецца. У наваколлі шмат крэмнію. Вада – сапраўдная «крамянёўка», натуральны антысептык.

Такім чынам мы пераканаліся, традыцыя шанавання крыніц на Маладзечаншчыне працягваецца. Аднак не менш важна і тое, што зберагаецца прырода роднага краю. Адной з мэтаў стварэння гідралагічнага помніка прыроды мясцовага значэння было захаванне гідралагічнага балансу тэрыторыі. Плошча помніка складае 0,2 гектара, а яго мяжа праходзіць у 25 метрах вакол выхаду вады на паверхню.

Многа цікавай інфармацыі пра крыніцу Лешна і іншыя святыя крыніцы Маладзечаншчыны размясціў у сацыяльнай сетцы «УКантакце» ў групе «Маладзечна праваслаўнае» наш зямляк Мікалай Шаўлюк. Выдатна, што ў раёне жывуць неабыякавыя людзі, якія любяць малую радзіму, клапоцяцца пра прыроду, адраджаюць духоўнасць.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/6252-mestsa-sily-krynitsa-leshna.html#sigProId3652bda926
Прочитано 60 раз Последнее изменение 13.02.2020 11:59
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить