24.01.2020 10:42

На мехдвары аграфірмы «Лебедзева» заўсёды парадак

Сельскагаспадарчы філіял Аграфірма «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга» мы наведваем даволі часта. Гаспадарка перадавая, таму і станоўчых падстаў для візітаў шмат. Штораз адзначаем высокую арганізацыю працы ў розных вытворчых падраздзяленнях, у тым ліку на мехдвары.

— Машынна-трактарны парк у аграфірме адзін з самых вялікіх у раёне, — гаворыць галоўны інжынер філіяла Канстанцін Жданаў. — Толькі трактароў і пагрузчыкаў 46. А яшчэ 33 аўтамабілі. Сёлета гаспадарка атрымала два новыя МАЗы і самаходны апырсквальнік. Яшчэ паступяць пагрузчык «Амкадор», пасяўны агрэгат і раскідвальнік мінеральных угнаенняў. Цяпер частка тэхнікі выкарыстоўваецца на аб’ектах жывёлагадоўлі. Таксама вядзецца падрыхтоўка да вясенніх палявых работ.

Субяседнік адзначыў, што мяккая зіма можа паўплываць на тэрмін пасяўной — яна пачнецца раней, чым звычайна. Таму падрыхтоўка да яе павінна завяршыцца да 1 сакавіка.

— Рамантуюцца і рыхтуюцца да выхаду ў поле трактары, пасяўныя агрэгаты, дыскатары, культыватары, — адзначыў Канстанцін Алегавіч. – Вялікая ўвага надаецца якасці работ, пажарнай бяспецы, ахове працы. Рамонт праводзяць механізатары, якія будуць выкарыстоўваць тэхніку. Людзі разумеюць: прастой у час пасяўной паўплывае на іх зарплату, таму выконваюць усе патрабаванні і рэгламенты. Папярэднім экзаменам на гатоўнасць да выхаду ў поле будзе тэхагляд машынна-трактарнага парка.

На мехдвары створаны неабходныя ўмовы для захоўвання, рамонту і якаснай дыягностыкі сродкаў механізацыі. Рамонтныя майстэрні абсталяваныя ўсім неабходным, узведзены спецыяльныя навесы, на пляцоўцы пакладзена бетоннае або асфальтавае пакрыццё.


— Добраўпарадкаванне мехдвара і рэканструкцыя аб’ектаў на яго тэрыторыі прадоўжацца, — падкрэсліў Канстанцін Жданаў. – Дзякуючы гэтаму павышаецца якасць і камфортнасць працы работнікаў. Увогуле, адметнай рысай аграфірмы з’яўляюцца добрыя бытавыя ўмовы для персаналу. Так, на тэрыторыі мехдвара абсталяваны пакой для прыёму ежы, ёсць магчымасць прыняць душ, пераапрануцца. Работнікі забяспечаны спецадзеннем. Многія вытворчыя памяшканні ацяпляюцца. Вадзіцелі і механізатары рэгулярна праходзяць перадрэйсавыя агляды.

Галоўны інжынер адзначыў работу загадчыка машыннага двара Уладзіміра Пашкоўскага і загадчыка майстэрань маладога спецыяліста Яўгенія Кохана. Адны з лепшых работнікаў гаспадаркі – механізатары Віктар Кохан, Андрэй Касцюкевіч, Уладзімір Зяновіч, тэхнік-механік Дзяніс Ігнацьеў і іншыя. Дзякуючы ім гаспадарка эфектыўна рыхтуецца да пасяўной, а значыць, восенню лебедзеўцы атрымаюць важкі хлебны каравай.

Алег БЯГАНСКІ.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/6128-na-mekhdvary-agrafirmy-lebedzeva-za-sjody-paradak.html#sigProId0172fd5f11
Прочитано 626 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить