У адзін з рэйдаў разам з вышэйзгаданай групай адправіўся карэспандэнт «Маладзечанскай газеты». Спецыялістам трэба было наведаць малочнатаварныя фермы ААТ «Заскавічы». Кожны ўдзельнік рэйду меў сваю задачу. Увага звярталася на выкананне заканадаўства аб працы, стан супрацьпажарнай бяспекі, бытавыя ўмовы работнікаў і гэтак далей. У час наведвання ферм правяраўся парадак на тэрыторыі аб’екта, удакладнялася, як праводзяцца інструктажы па тэхніцы бяспекі, ці ёсць збоі ў рабоце абсталявання.
Як вядома, практыка заўсёды абапіраецца на тэорыю. Таму адной з задач была праверка ведаў персаналу. Жывёлаводы расказвалі аб парадку дзеянняў у выпадку надзвычайнай сітуацыі, адказвалі на пытанні па выкарыстанні сродкаў пажаратушэння.
Комплексна ацаніць сітуацыю дапамагаў персанальны склад мабільнай групы. У рэйдзе ўдзельнічалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Барада, намеснік начальніка аддзела працоўных адносін упраўлення Марына Корсак, начальнік Маладзечанскай міжраённай інспекцыі працы Дзяніс Тамашоў, дзяржінспектар па энергетычным і газавым наглядзе Юрый Капуцкі, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Маладзечанскага ГРАНС Яўгеній Зянько.
Мабільная група ажыццявіла маніторынг МТФ «Готкавічы», «Беніца», «Конавічы» і «Заскавічы». Спецыялісты таксама наведалі мехдвор гаспадаркі, сустрэліся з работнікамі і адказнымі асобамі. Даваў тлумачэнні і знаёміў са станам спраў інжынер па ахове працы таварыства Аляксандр Буйноўскі.
Не ўсё ўбачанае задаволіла правяраючых. У кожным выпадку яны тлумачылі, на што трэба звярнуць увагу, да чаго могуць прывесці тыя ці іншыя недахопы. Адзначаліся і станоўчыя моманты.
Так, у гаспадарцы штодня праводзіцца перадрэйсавы медыцынскі агляд вадзіцеляў і механізатараў. Адпаведная работа вядзецца не фармальна. Вялікая ўвага надаецца вытворчай дысцыпліне. А без гэтага проста немагчыма атрымаць якаснае малако (ад чаго непасрэдна залежыць узровень заработнай платы работнікаў).
— Наша асноўная мэта — папярэдзіць парушэнні, якія могуць прывесці да вытворчага траўматызму, — адзначыла Марына Корсак. – Людзі павінны працаваць у бяспечных умовах, не ставіць пад пагрозу сваё жыццё і здароўе. Тады і матывацыя добрасумленна выконваць свае абавязкі будзе вышэйшая, і прадукцыйнасць працы значна ўзрасце.
Алена Барада нагадала, што маніторынгі малочнатаварных ферм у раёне праводзяцца пастаянна. Рэйдавая група правярае ўсе гаспадаркі Маладзечаншчыны. Такія мерапрыемствы карысныя для жывёлаводаў. Дзякуючы ім павышаецца культура вытворчасці. Вынікі маніторынгаў улічваюцца пры распрацоўцы планаў развіцця прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.