23.08.2019 11:43

Вада ў азёры маладзечанскага парка падаецца ачышчаная і пазбаўленая жалеза

Здараецца, за суткі з іх выцягваюць па 15 кілаграм смецця.

Ачыстка азёр. Ачыстка азёр. "Маладзечанская газета".

Пра гэта паведаміў начальнік цэха водазабеспячэння КУП «Маладзечнаводаканал» Аляксандр Жалняровіч, якога мы папрасілі расказаць, як камунальныя службы падтрымліваюць належны санітарны стан водных аб’ектаў у гарадскім парку.

— Узбярэжжа штучных азёр заслужана стала любімым месцам адпачынку маладзечанцаў і гасцей нашага горада, — зазначыў Аляксандр Дзмітрыевіч. — Тут лёгка дыхаецца, можна выратавацца ад спёкі, палюбавацца фантанамі. Працуе пункт пракату лодак і катамаранаў, робіцца ўсё для прыемнага правядзення часу гараджан. Вялікая ўвага ўдзяляецца і падтрыманню чысціні вады.

Спецыяліст адзначыў, што ў азёры яна падаецца пітная, пасля станцыі ачысткі. Летам у залежнасці ад надвор’я дабаўляецца ад 2 да 3,5 тысяч кубаметраў у месяц. Расходуецца яна, у асноўным, на выпарэнне, прасочвацца ў грунт не дае гідра-
ізаляцыя. Цыркуляцыя вады ў сістэме замкнёная, што яшчэ больш павышае санітарную бяспеку.

Дарэчы, дзякуючы перакатам і вадаспадам на штучным ручаі, а таксама фантану вада дадаткова насычаецца кіслародам. Гэта станоўча ўплывае на яе санітарны стан. Наяўнасць у вадаёмах пэўнай невялікай колькасці водных раслін лічыцца нармальным. Вадаёмы ж адкрытыя, паверхневыя, на іх уплываюць прыродныя працэсы.

— Тут жывуць рыбы, сустракаюцца і ракі (прыродныя індыкатары чысціні вады). Стан азёр пастаянна кантралюецца. Таму перадумовы для непакою наконт забруджвання няма, — падкрэсліў Аляксандр Жалняровіч.

Субяседнік дадаў, што ў акваторыю азёр могуць трапляць пластыкавыя пакеты, бутэлькі, галлё... Іх прыносіць вецер або выкідаюць нядбайныя адпачывальнікі (абсалютная большасць людзей у парку паводзіць сябе культурна, не засмечвае тэрыторыю, карыстаецца урнамі для смецця).

Прадметы, якія трапілі ў ваду, падбірае спецыяльная брыгада. Уборка праводзіцца кожны дзень. Пасля асабліва моцных вятроў камунальнікі «вылоўліваюць» з кожнага вадаёма да 15 кілаграмаў смецця. У выніку азёры зноў набываюць прыгожы выгляд.

— Работнікі водаканала робяць многае, каб азёры ў парку і надалей заставаліся папулярным месцам для адпачынку, — зазначыў Аляксандр Жалняровіч. – Аднак іх чысціня залежыць ад усіх. Таму заклікаю жыхароў і гасцей Маладзечна клапаціцца пра наваколле, праяўляць высокую культуру ў парках, скверах, на вуліцах і іншых грамадскіх месцах. Разам мы зробім горад яшчэ больш утульным і камфортным.

Цікава ведаць. Плошча «ніжняга» возера ў гарадскім парку – 9800 квадратных метраў, «верхняга» — 6900. Аб’ём вады — 15650 і 11020 кубаметраў адпаведна. Розніца ўзроўняў паверхні азёр складае 3,5 метра. Сярэдняя глыбіня водных аб’ектаў – 1,6 метра.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/5150-vada-azjory-maladzechanskaga-parka-padaetstsa-achyshchanaya-i-pazba-lenaya-zhaleza.html#sigProId6be783a3d1
Прочитано 1526 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.