18.07.2019 14:44

На поле пад Заскавічамі зладзілі зажынкі

Настрой удзельнікаў свята цалкам адпавядаў значнасці падзеі. Людзі віншавалі адзін аднаго з пачаткам жніва, дзяліліся планамі, гаварылі аб перспектывах. На полі ў гатоўнасці прыняць збожжа выстраіліся камбайны і аўтамабілі. Ля тэхнікі сталі камбайнавыя экіпажы і вадзіцелі. Менавіта яны будуць на перадавой у час важнай для хлебаробаў кампаніі – уборкі ўраджаю.

У час зажынак. У час зажынак. "Маладзечанская газета"

Старт уборцы збожжавых і зернебабовых у раёне быў дадзены ў сераду на полі ААТ «Заскавічы». Удзел у зажынках прынялі старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, яго першы намеснік, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксей Раманюк, старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, кіраўнікі гаспадарак, механізатары, вадзіцелі -- усе, хто буддзе задзейнічаны на жніве.

Жніўнымі песнямі віталі ўсіх самадзейныя артысты з народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Крынічанька» і вакальнай групы «Суседкі». Перад пачаткам урачыстасці праз хмары прабілася сонейка. Усе палічылі гэта добрым знакам.

Да працаўнікоў звярнуўся Юрый Горлаў:

-- Ураджай гэтага года закладваўся загадзя. Вяскоўцы годна і ў аптымальныя тэрміны правялі асеннюю і яравую сяўбу, унеслі ўгнаенні, ажыццявілі мерапрыемствы па ахове раслін. Цяпер задача – якасна і без страт убраць вырашчанае. Трэба, каб жніво прайшло на адным дыханні, каб было захавана кожнае зярнятка. Упэўнены, і сёлета Маладзечанскі раён унясе значны ўклад у абласны каравай.

Юрый Мікалаевіч падкрэсліў, што ў час уборачнай вялікую ўвагу трэба надаваць тэхніцы бяспекі, бо няма нічога больш дарагога за чалавечае жыццё.

Важнасць хлебаробскай працы адзначыў Аляксей Раманюк. Ён нагадаў, што сёлета ў раёне трэба ўбраць звыш 18 тысяч гектараў збожжавых і зернебабовых. Пры гэтым валавы збор павінен скласці больш за 70 тысяч тон збожжа. Ад вынікаў кампаніі будуць залежаць фінансавы стан гаспадарак і дабрабыт работнікаў.

Шчыра віталі ўсіх з зажынкамі і жадалі вялікага ўраджаю кіраўнік ААТ «Заскавічы» Аляксандр Моклы, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Саланенка, лепшы камбайнер уборачнай кампаніі мінулага года Яўгеній Макарэвіч.
Усе добрыя справы заўсёды пачынаюцца з Божага благаславення. Гэта падкрэсліў айцец Мікалай, які правёў абрад асвячэння ўдзельнікаў жніва, тэхнікі, поля.
Зажынкі прайшлі ўрачыста, згодна з народнымі традыцыямі. Жанчыны з песняй зжалі першыя снапы і ўручылі іх старшыні райвыканкама, яго намесніку і кіраўніку ААТ «Заскавічы».

… І вось на палеткі выйшлі магутныя камбайны. Бункеры напоўніліся збожжам новага ўраджаю. Старт кампаніі даў Юрый Горлаў.

Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі свята.

-- Для мяне гэта ўжо шостае жніво, -- сказаў камандзір камбайнавага экіпажа ААТ «Заскавічы» Арцём Станілевіч. -- Двойчы ў мінулыя кампаніі пераадольваў тысячны рубеж. Пастараюся стаць «тысячнікам» і сёлета. Залог таму – старанная падрыхтоўка да ўборачнай і зладжанасць экіпажа. З памочнікам Дзянісам Лоўчым працуем у адным экіпажы чацвёрты год.

Работнік ААТ «Селеўцы» Мікалай Ціўновіч (для яго гэта трыццатае жніво) дадаў, што праца хлебаробаў ва ўсе часы была ганаровай і адказнай. Дзякуючы новай тэхніцы камфорт і прадукцыйнасць працы механізатараў павялічваюцца. Аднак чалавек заўсёды будзе галоўным звяном у любой сельскагаспадарчай кампаніі.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/4903-na-pole-pad-zaskavichami-zladzili-zazhynki.html#sigProIddb78e2535c
Прочитано 249 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить