10.07.2019 9:49

У Хоўхлаве да жніва гатовы

Акцыянернае таварыства «Хоўхлава» не раз займала лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці і раёне на ўборцы збожжавых і зернебабовых. Важкі каравай у гаспадарцы разлічваюць атрымаць і сёлета.

— На лінейцы гатоўнасці ўся тэхніка, што будзе задзейнічана на ўборачнай, — падкрэсліў дырэктар таварыства Андрэй Стадуб. – Гатовы выйсці ў поле экіпажы трох збожжаўборачных камбайнаў. Дарэчы, летась мы мелі два экіпажы-«тысячнікі». Збожжа новага ўраджаю прыме зернесушыльны комплекс. Працуе ён на дровах і будзе дзейнічаць у кругласутачным рэжыме.

Усяго сёлета ў гаспадарцы трэба ўбраць 110 гектараў рапсу. Збожжавы клін займае 750 гектараў. Нагрузка на ўдзельнікаў уборачнай значная. Аднак людзі гатовы да працы. Тым больш што таварыства забяспечыць ім камфортныя ўмовы. Гарачыя абеды і падвячоркі плануецца падвозіць прама на поле. Ды і расцэнкі стымулююць людзей працаваць з поўнай аддачай.

— Па-за ўвагай не застаецца і корманарыхтоўка, — дадаў Андрэй Віктаравіч. – Раней у гаспадарцы ўкаранілі новую кармавую культуру – сорга-суданковы гібрыд. Яна высокаўраджайная, адрозніваецца павышаным утрыманнем цукру. Сёлета пад яе адведзены 40 гектараў. Пасеяны гібрыд па асаблівай тэхналогіі, якая дазваляе яшчэ больш павялічыць ураджайнасць. Расліна дасць каля тысячы тон сянажнай масы.
Дырэктар паведаміў, што для зямель гаспадаркі сёлета надвор’е аптымальнае. Гэта яшчэ адзін фактар, які дазваляе прагназаваць добры ўраджай.

Андрэй Стадуб параіў наведаць зернесушыльны комплекс. Менавіта туды з палёў будзе сцякацца збожжавая рака. На месцы тлумачэнні даў інжынер па працаёмкіх працэсах Іван Леановіч.

— Для прыёму ўраджаю падрыхтаваныя дзве закрытыя пляцоўкі, — адзначыў спецыяліст. – Усё абсталяванне праверана, непаладкі выпраўлены. Нарыхтавана неабходная колькасць дроў. Абслугоўваць комплекс будуць два аператары. У час уборачнай прадугледжваецца пастаянны кантроль вільготнасці збожжа. Яно будзе дадаткова ачышчацца, даводзіцца да патрэбнай кандыцыі.

У час наведвання гаспадаркі сваімі ўражаннямі падзяліўся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Саланенка:

— У Хоўхлаве, як і ва ўсім раёне, напярэдадні ўборачнай праведзена значная работа. Вялікая ўвага надавалася сацыяльным і бытавым пытанням. Удзельнікі кампаніі атрымалі спецадзенне і спецабутак. Для іх прадугледжана гарачае харчаванне, абсталяваныя бытавыя памяшканні. За кошт прафсаюзнай арганізацыі закуплены камплекты сталовай мэблі для харчавання ў палявых умовах. За выкананнем тэхнікі бяспекі і санітарна-бытавых норм у час жніва будзе ажыццяўляцца прафсаюзны кантроль.

Уладзімір Саланенка дадаў, што ўсе аспекты падрыхтоўкі і правядзення ўборачнай разглядаліся ў час раённага дня аховы працы, што прайшоў на базе ААТ «Селеўцы». У ім удзельнічалі галоўныя інжынеры, старшыні прафкамаў, спецыялісты па кадрах і ахове працы гаспадарак Маладзечаншчыны. У праграме было азнаямленне з вытворчымі ўчасткамі таварыства, наведванне зернесушыльнага комплексу, сталовай, бытавых памяшканняў. Потым адбылася прадметная размова па пытаннях бяспекі працы.

— Мерапрыемствы такога фармату будуць праводзіцца і надалей. Яны даюць магчымасць пазнаёміцца з перадавым вопытам, выявіць хібы. Усё гэта трэба, каб падтрымаць аграрыяў у іх нялёгкай працы, — зазначыў субяседнік.

МОВАЙ ЛІЧБАЎ. На ўборачнай у Маладзечанскім раёне будуць задзейнічаны 78 збожжаўборачных камбайнаў і 94 адзінкі тэхнікі на перавозцы ўраджаю. Для часовага захоўвання збожжа падрыхтаваны 122 складскія памяшканні. На базе ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс» створаны мабільныя рамонтныя брыгады. Іх мэта – аператыўна ліквідаваць непаладкі тэхнікі ў час жніва.

Фота: Алег БЯГАНСКІ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/4853-u-kho-khlave-da-zhniva-gatovy.html#sigProId77058e674e
Прочитано 116 раз Последнее изменение 10.07.2019 9:49
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить