12.03.2019 11:49

Талент быць жанчынай

«Бог даў жанчыне вялікі талент – дарыць жыццё дзіцяці. Але прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва валодаюць многімі іншымі талентамі, аб чым сведчыць гэта ўрачыстасць. Нашы жанчыны, быццам анёлы, нясуць радасць, імкнуцца ўсім дапамагчы, расквеціць наша жыццё» — сказаў епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел на цырымоніі ўзнагаро-джання пераможцаў абласнога конкурсу «Жанчына года Міншчыны – 2018», які на мінулым тыдні адбыўся ў гарадскім Палацы культуры.

Талент быць жанчынай "Маладзечанская газета"

Самыя таленавітыя, актыўныя, працавітыя, міласэрныя жанчыны сталічнай вобласці з’ехаліся ў Маладзечна на ўрачыстасць. У адзінаццаты раз Беларускі саюз жанчын праводзіць рэспубліканскі конкурс «Жанчына года Беларусі», у рамках якога прайшоў абласны этап. 28 прадстаўніц Міншчыны былі ўзнагароджаны ў пяці намінацыях. Дыпломы, памятныя статуэткі, падарункі ім уручылі першы намеснік старшыні БСЖ Святлана Сітнікава, намеснікі старшыні БСЖ Лілія Ананіч, На-дзея Ермакова, іншыя ганаровыя госці свята. Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая зачытала прывітальны адрас ад старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолія Ісачанкі.

Асабліва прыемна адзначыць, што высокага звання «Жанчына года Міншчыны – 2018» удастоены і тры нашы зямлячкі Святлана Чыжыкава, Вера Каханоўская, Валянціна Кісель. Акрамя таго, Ганна Найдзюк узнагароджана Ганаровай граматай Беларускага саюза жанчын. Журналіст МКТБ Ала Мархелава перамагла ў абласным конкурсе «Сям’я» сярод СМІ. Спецыяльны дыплом за папулярызацыю жаночага руху, сямейных традыцый на Міншчыне зацвердзіла рэдакцыя газеты «Мінская праўда». Галоўны рэдактар Максім Кароткін уручыў яго старшыні Мінскай абласной арганізацыі БСЖ Святлане Сарока.      

— Наша Міншчына багатая на ініцыятыўных, яркіх жанчын, якія паспяхова спалучаюць мацярынства з прафесійнай, грамадскай дзейнасцю, — зазначыла ў сваім выступленні Святлана Рыгораўна.

Яна падзякавала сваім па-плечніцам за актыўнасць, уручыла спецыяльную прэмію «Лепшая раённая арганізацыя Мінскай вобласці». Былі ўручаны таксама спецыяльныя прэміі «Грамадскае прызнанне 2018 года» ў намінацыі «Лідар жаночага руху Міншчыны».

Нямала чуллівых момантаў было на свяце. Знакамітая беларуская спявачка Жанэт разам з дачкой Лаурай прысвяці-ла песню пераможцам намінацыі «Мацярынская слава». Сярод іх – і яе мама Валянціна Рэзнік, у якой васьмёра дзяцей.

Падтрымаць яшчэ адну пераможцу конкурсу – маладзечанку Веру Каханоўскую – прыйшлі ўдзельнікі хору, якім яна кіруе. Візітная картка калектыву — «Малітва» Булата Акуджавы —гучала ў гэты дзень асабліва пранікнёна. Голас салісткі Вольгі Кохан нікога не пакінуў раўнадушным.

Вялікую асалоду атрымалі гледачы ад канцэртнай праграмы «Прысвячэнне жанчыне» заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра музычнага каледжа імя М.К. Агінскага пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі. Цудоўныя песні выканалі вядомы кампазітар Алег Елісеенкаў, ансамбль «Менестрэлі», Дзмітрый Рудык, Алеся Ушакова. Упрыгожылі свята ўдзельнікі студыі бальнага танца «Каскад».  Добрым настроем зараджалі публіку вядучыя Таццяна Тарасава і Аляксандр Крук. Перад пачаткам мерапрыемства працавалі  інтэрактыўныя пляцоўкі, выстаўкі-дэгустацыі. Госці маглі зрабіць маментальнае фота, каб гэта вясенняе мерапрыемства за-сталося не толькі ў памяці, але і на здымках.

Шмат фота --  тут.

Не проста работа, а стыль жыцця. Слова -- узнагароджаным

«У чым сакрэт вашага поспеху?» – спыталіся мы ў нашых зямлячак, якіх ушаноўвалі на свяце.

Вера КАХАНОЎСКАЯ, пераможца ў намінацыі «Духоўнасць і культура», кіраўнік змешанага хору музычнага каледжа імя М.К. Агінскага:

— Паняцце духоўнасць і культура для мяне — гэта найперш сумленныя адносіны да сваёй справы, да людзей. Наш каледж – сапраўдны храм культуры. Я шчаслівая, што кожны дзень пераступаю яго парог. У свой час я яго закончыла, і вось ужо 38 гадоў працую выкладчыкам харавых дысцыплін, кіраўніком змешанага хору. Лічу, што харавыя спевы – магутная сіла. Калі мы ўсе разам спяваем пра найлепшыя чалавечыя пачуцці, адчуваем водгук у сэрцах слухачоў.  

Святлана ЧЫЖЫКАВА, пераможца ў намінацыі «Актыўная жыццёвая пазіцыя», старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру:

— Міратворчая дзейнасць для мяне – стан душы, стыль жыцця. Трыццаць гадоў таму далучылася да руху Беларускага фонду міру, з 1992 года ўзначальваю раённае аддзяленне. Радасна, што ў мінулым годзе ўдалося набыць утульную канапу для выхаванцаў Радашковіцкай школы-інтэрната. На Каляды мы заві-талі з падарункамі да адзінокіх састарэлых, інвалідаў, якія знаходзяцца на ложках сястрынскага догляду ў бальніцах раёна. Па традыцыі дапамаглі арганізаваць калядныя сустрэчы сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з парушэннямі слыху з аб’яднання «Камертон». Яшчэ адна наша знакавая агульная акцыя – вярнулі з небыцця імя загінулага воіна, які пахаваны ў Красным у брацкай магіле, устанавілі на ёй новую мемарыяльную дошку.

Валянціна КІСЕЛЬ, пераможца ў намінацыі «Гаспадыня вёскі», старшыня Красненскага сельскага Савета дэпутатаў:

— Гэта не толькі мая перамога, але ўсяго нашага калектыву, нераўнадушных жыхароў сельсавета. У маі споўніцца дзевяць гадоў, як я яго ўзначальваю. Штодня іду на работу з такім жа запалам, як і ў першы год. Ведаць праблемы жыхароў сельсавета, знайсці з імі паразуменне, дапамагчы – мая паўся-дзённая работа. Радуе, што  будуюцца новыя дамы, на працягу двух апошніх гадоў у сельсавеце назіраецца тэндэнцыя да павышэння нараджальнасці. Цяпер у нас 5078 жыхароў. Вельмі хочацца, каб іх колькасць дасягнула шасці тысяч.

Ганна НАЙДЗЮК, ветэран жаночага руху, узнагароджана Ганаровай граматай Беларускага саюза жанчын:

— З удзячнасцю ўспамінаю тыя адзінаццаць гадоў, калі я ўзначальвала гарадскую, аб’яднаную раённую арганізацыю БСЖ. Гэта лепшы перыяд у жыцці, калі я працавала з цудоўнымі жанчынамі. Вельмі ўдзячная за дапамогу  Святлане Скапец, Паліне Вашкевіч, Данілеі Жук, Наталлі Гайковіч і многім іншым. З цеплынёй успамінаю як вялікія мерапрыемствы, так і камерныя шчырыя размовы з жанчынамі, якія звярталіся да нас па дапамогу. Памятаю, як прыйшла мама студэнткі, якая вучыла ў Мінску дачку і не магла справіцца з фінансавымі  цяжкасцямі. Нам удалося ёй дапамагчы, і гэта было цудоўна!

Ала МАРХЕЛАВА, пераможца абласнога конкурсу «Сям’я» сярод СМІ ў намінацыі «Лепшы тэлерэпартаж», журналіст МКТБ:

 — Гэта перамога для мяне нібы працяг мінулай «залатой» восені, калі я атрымала першыя месцы ў рэспубліканскіх конкурсах «Моцная сям’я – моцная дзяржава» і «Чырвоны крыж у Беларусі і ў свеце». На гэты раз была серыя рэпартажаў пра нашы сем’і, у якіх за-краналіся самыя розныя тэмы, праблемы. Гэта 70-годдзе шлюбу ветэранаў вайны, навучанне ў школах дзяцей-інвалідаў, працоўныя сямейныя дынастыі, цыклы праграм «Будзьце здаровыя!», «Святло душы» і многае іншае. Шаснаццаць гадоў працую на тэлебачанні, і кожны дзень – новыя сюжэты, новыя героі. А мая любімая тэма тая, якую яшчэ не здымала…


Прочитано 813 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить