06.02.2019 7:45

Больш малака гатунку «экстра»

Прававы інспектар Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Лагвінец і старшыня райкама профільнага прафсаюза Уладзімір Саланенка наведалі малочнатаварны комплекс «Бортнікі» ААТ «Дубрава-2013».

Мэтай візіту было знаёмства з умовамі працы жывёлаводаў і ўзнагароджанне лепшых работнікаў.

На комплексе гасцей сустрэў кіраўнік гаспадаркі Дзяніс Сянько. Ён паказаў ім вытворчасць, расказаў пра перспектывы развіцця жывёлагадоўлі ў гаспадарцы.

— Жывёлаводы працуюць у нас сумленна, — адзначыў дырэктар. – Яны разумеюць, што ад якасці і аб’ёмаў мясной і малочнай прадукцыі залежыць іх заробак. А павялічваць паказчыкі дазваляюць механізацыя работ і забеспячэнне тэхналагічнай дысцыпліны.

У «Бортніках» абсталявана сучасная даільная зала на 24 галавы. Статак забяспечаны дастатковай колькасцю кармоў. Дарэчы, па кармавых адзінках на ўмоўную галаву гаспадарка сярод лідараў у раёне.

Вялікая ўвага надаецца племянной рабоце. Эфектыўна працуюць ветэрынарная і зоатэхнічная службы. Дзякуючы гэтаму калектыў упэўнена глядзіць у будучыню. Аптымізм кіраўніка гаспадаркі падзяляюць работнікі комплексу. Яны абслугоўваюць амаль 700 галоў дойнага статка. Да сваіх абавязкаў ставяцца адказна.

— Мая задача – праводзіць даследаванні проб малака перад адпраўкай на гармалзавод, — гаворыць лабарант хімічных аналізаў Таццяна Яроцкая. – Правяраю кіслотнасць, сытнасць, тлустасць малака, вызначаю шмат іншых параметраў. Работа падабаецца. Ды і калектыў падабраўся выдатны.

Таццяна Яроцкая працуе лабарантам два гады, Дзяніс Сянько ўзначаліў гаспадарку паўгода таму.



Сустрэча з калектывам не заняла шмат часу. Работа на комплексе бесперапынная. Паміж дойкамі трэба шмат што паспець зрабіць. Жывёлаводы пачулі ад прафсаюзных актывістаў словы ўдзячнасці. Лепшыя з іх атрымалі падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі. Не засталася ўбаку і адміністрацыя таварыства. Дзяніс Сянько падарыў работнікам электрачайнік.

За добрасумленнае стаўленне да выканання сваіх абавязкаў, дасягненне высокіх вытворчых вынікаў і адданасць абранай прафесіі падзякі Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі аператары машыннага даення Іна Харук, Жанна Глухоўская і Алена Барташэвіч.

— Такія сустрэчы стымулююць людзей працаваць яшчэ лепш, — заўважыў Андрэй Лагвінец. — Вяскоўцы бачаць, што іх працу цэняць, а дапамагаць вырашаць надзённыя пытанні гатовы і дзяржаўныя, грамадскія арганізацыі.

Прававы інспектар дадаў, што ў Мінскай вобласці практыкуюцца выязныя юрыдычныя прыёмы на прадпрыемствах АПК, рэгулярна праводзіцца прафсаюзны маніторынг сельскагаспадарчых арганізацый. Правяраюцца, у прыватнасці, умовы працы работнікаў, правільнасць налічэння заработнай платы… Адпаведная работа паказала высокую эфектыўнасць. Дзякуючы тым жа выязным прыёмам людзі на месцы атрымліваюць прававую дапамогу кваліфікаваных спецыялістаў.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 1105 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить