30.11.2018 14:23

Харвестар, форвардар і сучасная сістэма назірання…

Источник

Інвестыцыі — кроў эканомікі. Без іх любая галіна перажывае спад, пазбаўляецца перспектыў. У Маладзечанскім лясгасе гэта разумеюць, таму і прыцягваюць у развіццё прадпрыемства дадатковыя рэсурсы. Прычым як у вытворчасць, так і ў зберажэнне лесу.


— У лясгасе створана добрая вытворчая база, — адзначыў намеснік дырэктара прадпрыемства Віталій Дземеш. – Усе работнікі маюць высокую кваліфікацыю. Калектыў пераймае перадавы вопыт сваіх калег з Фінляндыі, Польшчы, краін Балтыі. Аднак мы не спыняемся на дасягнутым.

Каб быць канкурэнтаздольным, трэба пастаянна рухацца наперад. У сучасных умовах гэта азначае выпускаць прадукцыю з высокай прыбавачнай вартасцю. І тут не абысціся без харвестараў і форвардараў. Агрэгаты ўнікальныя тым, што замяняюць брыгаду рабочых, працуюць у пяць разоў больш эфектыўна і адрозніваюцца павышанай праходнасцю.

У дадатак да наяўнага машыннага парка ў наступным годзе прадпрыемства плануе набыць яшчэ па адной адзінцы вышэйзгаданай шматфункцыянальнай лесанарыхтоўчай тэхнікі.

Добра сябе зарэкамендаваў шматаперацыйны комплекс па нарыхтоўцы драўніны «Вімек», што набылі сёлета. Прымяняецца ён для правядзення санітарных высечак і высечак догляду. Машыністам гэтых сучасных і надзейных міні-харвестараў і форвардараў камфортна ў любую пару года.

Аднак мала нарыхтаваць драўніну. Трэба яшчэ вырабіць з яе прадукцыю. З такой задачай выдатна спраўляецца лесапільная лінія на базе станкоў «Вальтэр», якую таксама набылі сёлета. Устаноўлена яна на вытворчым участку па перапрацоўцы драўніны «Краснае». За змену перапрацоўвае каля 50 кубаметраў круглага лесу. Важна і тое, што прымяняецца безадходная тэхналогія — абрэзкі, кара, іншыя адходы ператвараюцца ў трэскі. Як і асноўная прадукцыя, яны ідуць на экспарт.

Не забываюць лесаводы і пра зберажэнне лесу. Таму інвестыцыі ў сучасныя сістэмы відэаназірання не лішнія. Дзякуючы закупцы адпаведнага абсталявання відэаманіторынгам цяпер ахоплены Лебедзеўскае, Маладзечанскае, Радашковіцкае і Гарадоцкае лясніцтвы. Вядзецца назіранне і з вышкі на тэрыторыі лясгаса.

— Інвестыцыйная дзейнасць дазволіла прадпрыемству справіцца з наступствамі страшнага буралому 2016 года. Пасля разгулу стыхіі маладзечанскія лесаводы дапамагалі нарыхтоўваць паваленую драўніну калегам з іншых раёнаў. Аператыўна праводзяцца санітарныя высечкі ўчасткаў, якія пашкодзілі насякомыя-караеды. Створаны мабільны лесапункт. Дзякуючы высокай тэхнічнай аснашчанасці калектыву па сілах выканаць нават самыя складаныя заданні, — падкрэсліў Віталій Дземеш.

Прочитано 959 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить