16.11.2018 17:31

За два гады выйшлі на самаакупнасть. Феномен «Гарадзілава»

Источник

Менш за два гады спатрэбілася дырэктару ААТ «Гарадзілава» Дзмітрыю Грамовічу, каб вывесці гаспадарку на самаакупнасць.

Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу мы сустрэліся з Дзмітрыем Мікалаевічам і яго падначаленымі, пагаварылі пра новаўвядзенні і дасягненні.

Малако – толькі экстра-класа

У кабінеце дырэктара адразу звярнулі ўвагу на керамічныя фігуркі кароў – «статак» у некалькі дзясяткаў размясціўся на тумбачцы, сталах, паліцах.

— Многія калегі, сябры ведаюць пра маю калекцыю, прывозяць фігуркі з розных краін, — усміхаецца Дзмітрый Мікалаевіч. – А першым быў вось гэты сімпатычны бычок у пінжаку, мне яго дзесяць гадоў таму падарылі.

Калекцыя вельмі сімвалічная. Дзмітрый Мікалаевіч сапраўдны ас у жывёлагадоўлі. Пра сябе гаворыць: «Я тут як рыба ў вадзе». У Селеўцах у яго была фермерская гаспадарка: 60 кароў і столькі ж цялушак. Свая справа ішла паспяхова, аднак з часам зразумеў, што трэба выходзіць на іншы маштаб. Таму прыняў прапанову ўзначаліць Лагойскі СК «Трайпл-агра», за некалькі гадоў вывеў гаспадарку на першыя пазіцыі ў раёне. А з 1 студзеня 2017 года пачаў працаваць у ААТ «Гарадзілава». Прыйшоў сюды з камандай: аграномам Ігнатам Ігнатавым, заатэхнікам Ільёй Галадзько, галоўным інжынерам Аляксандрам Дземашкевічам, намеснікам дырэктара па тэхніцы бяспекі Генадзіем Грышанам. Большасць спецыялістаў мясцовыя. Праўда, за два гады калектыў скараціўся з 200 да 136 чалавек, аднак яны паспяхова спраўляюцца з аб’ёмам работы і нават пастаянна яго павялічваюць.

— Першае, з чаго мы пачалі – навялі парадак, адрамантавалі даільныя сістэмы на ўсіх малочнатаварных фермах, — расказвае кіраўнік. — Палепшылі ўмовы ўтрымання жывёлы: нашы каровы стаяць у чысціні, накормленыя, напоеныя.



Крыху пазней мы самі ў гэтым пераканаліся, калі наведалі МТФ «Гарадзілава». Але ў і кабінеце дырэктара можна ўбачыць любую ферму. На іх устаноўлена 70 відэакамер, дзякуючы чаму кіраўнік бачыць у сваім кабінеце ўсё, што там адбываецца. Ды і наведвае кожную з пяці ферм штодня і не раз. Сам з кагорты працаголікаў, поўнай аддачы патрабуе і ад падначаленых. Дзмітрый Мікалаевіч жыве ў Мінску, штораніцы ў пяць гадзін выязджае з дома, вяртаецца іншы раз у дзесяць вечара. У яго, дарэчы, вялікая сям’я: пяцёра дзяцей – трое студэнтаў і двое школьнікаў, прыёмны сын вучыцца ў ваеннай акадэміі. Жонка Алена – надзейны тыл, берагіня сямейнага ачага.

Кіраўнік не ўтойвае, што спачатку было не проста, нават звольніўся, калі адпрацаваў два тыдні. Але потым вярнуўся. Давялося прымаць жорсткія меры да парушальнікаў дысцыпліны, тых, хто злоўжываў алкаголем. Некаторых нават закадзіравалі за кошт гаспадаркі, большасць з іх трымаецца, працуе.

Вынікі не прымусілі сябе чакаць. Намеснік дырэктара па эканоміцы і ідэалагічнай рабоце Алена Макрыцкая прыводзіць лічбы: калі ў 2016 годзе сярэдні ўдой на карову быў 3900 кілаграмаў за год, то сёння – 5350, да канца года тут плануюць выйсці на 6500 кілаграмаў. І малако самай высокай якасці – 100 працэнтаў экстра-класа. ААТ «Гарадзілава» штодня пастаўляе 16200 кілаграмаў малака на Нясвіжскі малочны завод дзіцячага харчавання. Патрабаванні там вельмі высокія, таму і цана адпаведная.

— За продаж малака мы атрымліваем 400 тысяч рублёў за месяц, у той час як усе расходы гаспадаркі складаюць 500-600 тысяч, — знаёміць нас са статыстыкай Алена Тадэвушаўна.

Яна з гордасцю гаворыць, што сёння ААТ «Гарадзілава» працуе на поўнай самаакупнасці, мае добры прыбытак. Сярэдняя зарплата работнікаў — 900 рублёў.

Сярод лепшых жывёлаводаў кіраўнік называе брыгадзіра таварнай фермы Наталлю Шпіль, даярак Алену Галавач, Іну Крыгер, Анастасію Пятрову, Таццяну Дземеш, Таццяну Дунец.

— За гэтыя два гады ў нас значна вырасла зарплата. У мяне статак у 50 кароў, працаваць даводзіцца шмат, але ж і стымул ёсць: атрымліваю 750-800 рублёў, — гаворыць Алена Галавач, даярка МТФ «Гарадзілава».

З нагоды прафесійнага свята яна прадстаўлена да падзякі міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Пятнаццаць гадоў таму Алена Васільеўна пераехала з траімі дзецьмі з Браслаўшчыны, тут ёй далі катэдж. Старэйшы сын Вацлаў працаваў у гаспадарцы зваршчыкам, хутка пойдзе ў армію. Акрамя яго, у ААТ «Гарадзілава» яшчэ двое навабранцаў. Кожнаму з іх гаспадарка выдзеліла па тысячы рублёў.

— Каб цанілі сваё месца працы і захацелі вярнуцца назад, — тлумачыць гэта рашэнне дырэктар.

«Пракормім дзве такія гаспадаркі»

Яшчэ адзін «канёк» «гарадзілаўцаў» — корманарыхтоўка. Сёлета, як і ў мінулым годзе, тут назапасілі столькі сена, сіласу, сенажу, што хапіла не толькі на свае патрэбы, але і на продаж. Гэта вельмі выгадна – рэнтабельнасць прадукцыі складае 100 працэнтаў. Па кармы прыязджалі не толькі з суседняга Валожынскага раёна, але нават з Гродзенскай вобласці.

— Сёння мы можам пракарміць дзве такія гаспадаркі, як у нас, — не без гордасці гаворыць дырэктар.
Між тым, калі ён пачынаў тут працаваць, кармоў не хапала.

Дзмітрый Мікалаевіч зазначае, што землі, на якіх знаходзіцца «Гарадзілава», цяжкія, няпростыя для апрацоўкі, але пладародныя. Выкарыстоўваць іх па максімуму – такая ставіцца задача. Сёлета атрымалі 6200 тон збожжа, 1500 тон рапсу, 3000 тон кукурузы. Раней сеялі 400 гектараў рапсу, цяпер – 600, пасяўныя плошчы азімай пшаніцы з 600 гектараў павялічаны да 1100. Добра паказала сябе люцэрна: яе ў нямногіх гаспадарках сеюць, між тым гэта крыніца бялка.

Каб пашырыць пасевы, узялі ў арэнду 350 гектараў у суседнім Валожынскім раёне. Тэхніка ў гаспадарцы добрая, інвестары забяспечылі ёю яшчэ да прыходу Дзмітрыя Грамовіча. Але і цяпер машынна-трактарны парк абнаўляецца. Як расказвае галоўны інжынер Аляксандр Дземашкевіч, у мінулым годзе набылі энерганасычаны трактар Fendt-936, сёлета плануецца купіць новы трактар на ферму, а таксама два МАЗы, ГАЗ. Працуе тут больш за 40 механізатараў, слесараў. Камбайнавы экіпаж у складзе Юрыя Арловіча і Юрыя Варпаховіча прадстаўляў наш раён на абласных «Дажынках» у Мядзеле, як і брыгадзір участка №1 Жанна Маркоўская. Выдатныя вынікі паказалі на жніве Уладзімір Свянціцкі, Уладзімір Гайковіч, Аляксандр Стэфановіч, Яўгеній Гнілазуб.

Ёсць тут і свае сямейныя дынастыі. Сярод іх – Юрый і Дзяніс Гнілазубы. Юрый Міхайлавіч усё жыццё за рулём трактара. Вось ужо чатыры гады як пайшоў па яго слядах сын Дзяніс, які працуе на кормараздатчыку.

Скутары для брыгадзіраў

Алена Юрэвіч больш за 20 гадоў з’яўляецца брыгадзірам участка №2. Ён знаходзіцца не блізка, ажно ў Пекарах, якія раней былі асобным калгасам. Пятнаццаць гадоў таму жанчына асвоіла скутар, які вельмі выручае, дае магчымасць аператыўна аб’ехаць усе палі, а яны раскінуліся на 1400 гектарах. Ды яшчэ травы… Транспарт ёй, а таксама брыгадзіру Жанне Маркоўскай купіла гаспадарка.

— Гэты скутар у мяне трэці па ліку. Выдатна ходзіць! — расказвае Алена Васільеўна. – Вельмі зручна на ім ездзіць, настолькі прывыкла, што іншай тэхнікі не трэба.

Брыгадзір гаворыць, што з усіх сельскагаспадарчых работ найбольш любіць уборку, калі ўся тэхніка ў полі, кіпіць работа, залатыя струмені збожжа з камбайнаў сыплюцца ў машыну. Больш прыгожага відовішча для хлебароба не бывае.

Прыемна адчуваць сваю прыналежнасць да вялікай агульнай працы. Радасна ўсведамляць, што ў гаспадаркі, якой аддадзена столькі гадоў, добрыя перспектывы. Алена Юрэвіч, як і ўсе яе калегі, з аптымізмам глядзіць у заўтрашні дзень, з добрым настроем збіраецца на ўрачыстасць з нагоды прафесійнага свята. Граматы і падзякі, падарункі – усё гэта, безумоўна, прадугледжана для лепшых работнікаў.

Прыміце самыя шчырыя віншаванні і ад нашай газеты, паважаныя «гарадзілаўцы», усе сельскія працаўнікі раёна! Журналісты «Маладзечанскай газеты» заўсёды рады расказваць пра вашы поспехі.
Будзем разам!

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/3594-za-dva-gady-vyjshli-na-samaakupnast-fenomen-garadzilava.html#sigProIdd6211f5a2b
Прочитано 1082 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить