12.11.2018 12:34

На брацкай магіле часоў Першай сусветнай вайны навялі парадак

Источник

Да 100-годдзя з дня заканчэння Першай сусветнай вайны неабыякавыя людзі навялі парадак на брацкай магіле загінулых воінаў у Беніцы.   

У 2018 годзе спаўняецца 100 гадоў пасля заканчэння Першай сусветнай вайны (1914-1918 гг.). Гэта быў канфлікт двух ваенна-палітычных блокаў: Траістага саюза і Антанты. Да пачатку ХХ стагоддзя чалавецтва не ведала такога маштабнага і кровапралітнага канфлікту. У ім прынялі ўдзел 33 дзяржавы і пяць калоній, у якіх жыло тры чвэрці насельніцтва свету. Загінула каля 10 мільёнаў чалавек: больш чым за ўсе войны, якія вяліся на Зямлі ў папярэднія тысячу гадоў.

11 лістапада 1918 года нямецкая дэлегацыя падпісала акт аб перамір’і ў штабным вагоне маршала Фоша ў Камп’енскім лесе (Францыя). Камп’енскае пагадненне  стала завяршальным актам Першай сусветнай вайны.

Яна пакінула свой крывавы след і ў нашым рэгіёне. У 1915 годзе, нягледзячы на вялікую колькасць франтоў, найважнейшыя падзеі Першай сусветнай вайны разгарнуліся на Усходнім фронце. Летам вайна прыйшла і на тэрыторыю Беларусі. 9 верасня 1915 года германскія войскі прарвалі Заходні фронт у раёне Свянцян (цяпер тэрыторыя Літоўскай Рэспублікі), які абараняў напрамак Мінск – Масква. Немцам удалося пранікнуць у тыл рускіх войскаў, захапіць Вілейку і дайсці да Маладзечна. 16-17 верасня вялікімі намаганнямі 2-я руская армія спыніла наступленне нямецкай кавалерыі, разбіла яе ў ваколіцах Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні. Пазней абодва бакі перайшлі да пазіцыйнай вайны.



У час даследавання «Палкавой іконы», якая належала фурштацкай роце 14-га грэнадзёрскага Грузінскага палка, а цяпер  знаходзіцца ў Лебедзеўскай Свята-Троіцкай царкве, мы мелі стасункі з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Па просьбе яго камандавання ў 2011 годзе спрабавалі знайсці воінскае пахаванне 1916 года на могілках у былым мястэчку Беніца. Справа ў тым, што сярод пахаваных там знаходзяцца і воіны 14-га грэнадзёрскага Грузінскага палка. Адразу знайсці брацкую магілу нам не ўдалося, бо з 20-х гадоў мінулага стагоддзя яе не даглядалі. Узгорак разбурыўся і зарос кустамі, непадалёк быў утвораны сметнік.

Аналізуючы архіўныя дакументы і матэрыялы, якія нам прыслалі з Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва, з дапамогай краязнаўцаў Аляксандра Мітуры і Дзмітрыя Карпіновіча было дакладна ўстаноўлена месца магілы памерлых і загінулых воінаў часоў Першай сусветнай вайны ля Беніцы.

Мерапрыемствы па ўвекавечанні памяці воінаў мелі калектыўны характар. Лебедзеўскі сельскі Савет арганізаваў суботнік па добраўпарадкаванні названага пахавання. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі працоўных калектываў СП «ММЦ» ТАА, Малінаўшчызненскага спіртагарэлачнага завода - «Аквадыў» і Маладзечанскага малочнага камбіната. Па нашай просьбе на «Аквадыве» быў зроблены памятны знак у выглядзе праваслаўнага крыжа. Памятную дошку са звесткамі аб пахаваных воінах заказаў індывідуальны прадпрымальнік Павел Марцюхоў. Транспарт выдзеліла аграфірма «Лебедзева».
Нам удалося знайсці рэдкі фотаздымак 1917 года магілы загінулым воінам. У час вайны магілы былі аднатыпныя: драўляны крыж з дошкай, на якой былі памятны тэкст і звесткі аб пахаваных. У адноўленай брацкай магіле ля Беніцы пахаваныя кананір, радавыя, грэнадзёры розных воінскіх падраздзяленняў рускай імператарскай арміі, усяго 17 воінаў.

На новым крыжы перад спісам загінулых мы захавалі тэкст той пары:  «Спите, орлы, со спокойной душой. Вы заслужили, родные, счастья и вечный покой».

Антон АПАНАСЕВІЧ,
настаўнік гісторыі Лебедзеўскай СШ.

Прочитано 538 раз Последнее изменение 12.11.2018 12:34
Отдел информации.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить