04.05.2018 15:11

В музее в Молодечно хранится более тысячи наград Великой Отечественной

У фондах Мінскага абласнога краязнаўчага музея захоўваецца калекцыя фалерыстыкі – у ёй больш за тысячу ўзнагарод часоў Вялікай Айчыннай вайны. Вядома пераважная большасць герояў, якія былі імі адзначаны.

В качестве иллюстрации. В качестве иллюстрации. "Маладзечанская газета"


Найбольш актыўна калекцыя фалерыстыкі папаўнялася ў 70-90-я гады мінулага стагоддзя. Як правіла, узнагароды прыносілі блізкія і сваякі байцоў, якія пайшлі з жыцця ўжо ў мірны час. Падрабязнасці ваеннага шляху канулі ў вечнасць. Франтавікі не вельмі ахвотна расказвалі аб Вялікай Айчыннай сваёй радні.

— Канешне, кожная сям’я можа зрабіць уласны выбар – пакідаць узнагароды дома, прадаваць (што асабіста я катэгарычна не прымаю) альбо прынесці ў музей. Яшчэ больш уражвае, калі іх перадаюць людзі, якія выпадкова знайшлі баявыя адзнакі на ўласных сядзібах альбо жылі па суседстве з ветэранамі, у якіх не засталося сваякоў, —  расказвае намеснік дырэктара па навуковай рабоце Наталля Палтавец.



У фондах музея матэрыялы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай, не пыляцца: яны выкарыстоўваюцца ў тэматычных выстаўках. Такім чынам, наведвальнікі знаёмяцца з гісторыяй тых часоў і наогул сваёй радзімы. У літаратурных, энцыклапедычных і інтэрнэт-крыніцах ёсць звесткі пра найбольш значныя вехі Вялікай Айчыннай, але, як кажуць, малых подзвігаў не бывае.

Па крупінках супрацоўнікі абласнога краязнаўчага збіралі звесткі пра франтавікоў, лёс якіх звязаны з мала-
дзечанскім краем у ваенны альбо мірны час і якія былі адзначаны медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Увогуле ў музейнай калекцыі фалерыстыкі іх захоўваецца 9 і 14 адпаведна. Названыя адзнакі супрацоўнікі называюць «самымі баявымі», бо ўручаліся яны за асаблівыя франтавыя заслугі радавым і малодшаму каманднаму складу.  

У ліку тых, хто атрымаў медаль «За адвагу», — афіцэр Віталій Жараў, сяржант Канстанцін Дорах, партызанка Марыя Крэсава. Матэрыялы пра Віталія Дзмітрыевіча перадалі сваякі, пра Канстанціна Конанавіча — жонка, пра Марыю Захараўну – дачка Ларыса.

Пра капітана Уладзіміра Яфімавіча Каленчыца ўдалося сабраць звесткі дзякуючы яго жонцы Валянціне. Пра партызана Міхаіла Аляксеевіча Траскунова расказала яго дачка Маргарыта. Пра падпольшчыка Якава Аляксеевіча Каханоўскага – сваякі. Але на сваім фотаздымку ён сам пакінуў надпіс: «Молодечненскому краеведческому музею. Кохановский Яков Алексеевич». Гэтых байцоў з поўным правам можна назваць героямі Вялікай Айчыннай, яны былі адзначаны медалямі «За баявыя заслугі».

У кожнага франтавіка свой шлях. Але кожны з іх не раз глядзеў у вочы смерці. У сучасных рэаліях вельмі важна захаваць сувязь пакаленняў, усведамляць значэнне і веліч Вялікай Перамогі, каб зберагчы мір. А сённяшнім салдатам няхай даводзіцца страляць толькі на ваенных вучэннях і толькі па ўяўным ворагу.

— Да калекцыі фалерыстыкі мы ставімся з асаблівым трапятаннем. Дзяды і прадзеды многіх нашых супрацоўнікаў прайшлі франтавымі дарогамі. Наогул, тэма Вялікай Айчыннай вайны балючая і для сучаснага пакалення. У сённяшніх рэаліях паняцце міру зыбкае, — заўважае Наталля Палтавец.


Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 1522 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить