25.08.2020 9:21

Ля Маладзечна некалі была чыгуначная ветка

Маршрут чарговага падарожжа выхаднога дня падказала старая геаграфічная карта. На ёй была пазначана чыгуначная лінія, якая абыходзіла Маладзечна з паўднёвага ўсходу і злучала Мінскі і Лідскі напрамкі. Між тым, цяпер такой веткі няма. Куды ж яна дзелася? Пытанне зададзена, у самы час адправіцца ў дарогу.

Фёдар Матусевіч расказвае пра закінутую чыгуначную ветку. Фёдар Матусевіч расказвае пра закінутую чыгуначную ветку.

Стартаваў маршрут у ваколіцах Цюрлёў. Калі прайсці ўздоўж чыгуначных пуцей, можна ўбачыць былую развязку. Яна літаральна патанае ў зеляніне, яе абступілі дрэвы і кусты. Але ёсць сцяжынка, крочу па ёй.
Калі праходзіў адзін з участкаў, успомніў «тунэль кахання», які бачыў на Валыні. Там над чыгуначнымі пуцямі ўтвараецца сапраўдны зялёны шацёр з пераплеценых галін і ліян. Аказваецца, падобны тунэль ёсць і на Маладзечаншчыне.

Далей прайшоў міма ўкапаных у зямлю чыгуначных рэек. Магчыма, тут прадугледжвалася тупіковая ветка. З насыпу адкрываюцца цудоўныя краявіды. Там, дзе расліннасць перашкаджае руху, можна ісці побач з насыпам.

Маршрут перасякаюць аўтамабільныя дарогі з Маладзечна на Мойсічы і Раеўшчыну. На ўчастку паміж перасячэннем гэтых дарог каляіна «хаваецца» ад цікаўных поглядаў. Пракладзена яна ў штучнай лагчыне, схілы якой параслі яблынямі (у асноўным дзічкамі, але трапляюцца і дрэвы з буйнымі смачнымі пладамі). Некалькі мясцовых жыхароў збіралі ўраджай.

На апошнім участку маршруту «згубленая» чыгунка зноў узбіраецца на насып. У раёне вёскі Рухлі знаходзіцца развязка. Адна ветка ідзе да Селівонаўкі, другая – да Крыніцы. Насып праходзіць па забалочаных участках.

Паспрыяў Берлінскі крызіс

Пра гісторыю стварэння чыгуначнай веткі расказаў жыхар вёскі Раеўшчына Фёдар Матусевіч. Яго дом знаходзіцца якраз побач з насыпам.

— Чыгунку пачалі будаваць у 1958 годзе, — гаворыць мужчына. — Памятаю гэта дакладна, бо мяне тады прызвалі на тэрміновую службу ў армію. Узводзілі аб’ект салдаты. На будаўніцтве было задзейнічана многа тэхнікі, работы вяліся хуткімі тэмпамі. Аднак рэйкі пакладзены не былі.

Субяседнік адзначыў, што чыгуначная ветка была рэзервовая і будавалася на выпадак
узброенага канфлікту. Нагадаем, што ў 1958 годзе пачаўся Берлінскі крызіс, — адзін з найбольш напружаных момантаў халоднай вайны ў Цэнтральнай Еўропе. Новая ветка павінна была «падстрахаваць» чыгуначны вузел у Маладзечне на выпадак, калі б той быў разбураны.

— Чыгуначная ветка ніколі не выкарыстоўвалася па прызначэнні, — працягвае субяседнік. — Паступова яна зарастала травой. Мясцовыя жыхары нарыхтоўвалі на яе тэрыторыі сена, бралі пясок для гаспадарчых патрэб. Цяпер кароў не трымаюць, а на закінутую чыгуначную лінію ходзяць толькі па яблыкі.

Фёдар Матусевіч усё сваё працоўнае жыццё аддаў вёсцы. Быў памочнікам камбайнера, вадзіцелем. Працаваў у мясцовым калгасе. У памяць вяскоўца ўрэзаўся эпізод часоў Вялікай Айчыннай вайны.

— У 1944-м мне было шэсць гадоў, — гаворыць мужчына. — У нашай вёсцы спынілася адно з адступаючых падраздзяленняў гітлераўцаў. У час гульні я насыпаў жменю пяску ў мінамёт. Нямецкія салдаты гэта заўважылі, доўга лаяліся, пыталіся, хто мяне такому навучыў, называлі партызанам.

Турыстам на заметку

У апошнія гады ў свеце ўсё большую папулярнасць набіраюць вандроўкі па закінутых чыгуначных пуцях. Падобныя маршруты ёсць у Расіі, Англіі, ЗША, Германіі… Дзякуючы тэматычным падарожжам турысты лепш пазнаюць гісторыю мясцін, знаёмяцца з цікавымі людзьмі, аглядаюць славутасці.

Прапаную і жыхарам Маладзечаншчыны далучыцца да сусветнай тэндэнцыі. І адпаведны аб’ект у нашым раёне ёсць. Маршрут па закінутай чыгуначнай лініі не складаны. У мяне ён заняў чатыры гадзіны (з прывалам, роспытамі людзей, фатаграфаваннем). Пачалося падарожжа ў Цюрлях, а завяршылася яно ў Крыніцы (у кафэ «Крысціна»). Дадому вярнуўся на электрычцы.

Маршрут гэты і краязнаўчы, і экалагічны. Праходзіць ён па маляўнічых мясцінах. Сама чыгуначная ветка з’яўляецца артэфактам халоднай вайны. Яскравыя ўражанні ад падарожжа гарантаваныя, фінансавыя затраты мізэрныя.

Чыгунка на Цэнтральнай плошчы

На Маладзечаншчыне раней існавалі чыгуначныя пуці, якія не «дажылі» да нашага часу. Адпаведную тэму даследаваў краязнавец Уладзімір Садоўскі.

У прыватнасці, у сваім блогу ён піша, што ў час вайны ў Маладзечне была пабудавана чыгуначная лінія, якая праходзіла праз Цэнтральную плошчу. Акрамя гэтай чыгуначнай лініі за перыяд 1941-1944 гадоў у раёне Бухаўшчыны з’явіўся чыгуначны разваротны трохкутнік.

Пасля вайны амаль у цэнтры горада існавала злучэнне чыгунак Полацкага і Мінскага напрамкаў без заезду на станцыю Маладзечна. Недалёка ад пуцеправода да нашага часу захаваліся рэшткі той лініі.

Вывучаць гісторыю транспартных шляхоў цікава і павучальна. Тым больш на Маладзечаншчыне. Менавіта ўдалае іх размяшчэнне абумовіла вектар развіцця нашага горада.

Рэдакцыя будзе ўдзячная за дадатковыя звесткі па гісторыі транспартных шляхоў у горадзе і раёне. Цікавыя факты будуць апублікаваныя ў нашым выданні.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

 

 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/puteshestviya/item/7539-zniklaya-chygunachnaya-vetka-lya-maladzechna.html#sigProId3bc32f9894
Прочитано 1235 раз Последнее изменение 25.08.2020 9:21
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « «Паўлінка» ў Акопах

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить