21.05.2020 14:50

Мядзельскі Іерусалім і іншыя дзівосы Нарачаншчыны

Нарачанскі край карыстаецца ў нашых землякоў вялікай папулярнасцю. Тут у любы сезон можна палюбавацца наваколлем, паправіць здароўе, пакаштаваць свежай рыбы, аднавіць сілы ў час водпуску або ў выхадныя. Пры гэтым кожны знойдзе занятак на свой густ і кашалёк. Мы вырашылі падказаць некалькі ідэй для падарожнікаў і расказаць пра некаторыя знакавыя аб’екты краю. Магчыма, пра некаторыя вы раней не чулі.

Нарачаншчына. Нарачаншчына. "Маладзечанская газета".

Ці ведаеце вы, што Мядзельская кальварыя ўваходзіць у дзясятку самых вядомых у Еўропе?

Пабываць тут цікава і павучальна. Можна не толькі прайсціся прыгожым маршрутам, але і абагаціцца духоўна. Кальварыя ўяўляе сабой адноўлены шлях Ісуса Хрыста на Галгофу. Пазначаны 14 этапаў гэтага шляху. Называюцца яны станцыямі. На кожнай узведзена невялікая капліца.

Першая станцыя знаходзіцца на выездзе з Мядзела ў бок Пастаў. Заканчваецца маршрут на вяршыні высокага ўзгорка, з якой бачныя адначасова Нарач, Мястра і Баторына. Тут жа абсталявана месца для набажэнстваў. Вядомая кальварыя з XVIII стагоддзя.
Від зверху зачароўвае. Калі перад вачыма адкрываюцца крыжы, а за імі – велічныя краявіды, пачынаеш больш цаніць жыццё, задумваешся пра вечнае.

У час своеасаблівага квэсту сустрэў на маршруце некалькі чалавек. Людзі з цікавасцю чыталі надпісы на капліцах. Бацькі тлумачылі змест напісанага дзецям. У адной жанчыны ў руках была Біблія.

Падарожнічаць у часе

З апошняй станцыі кальварыі сам раённы цэнтр бачны як на далоні. Дамінуе над горадам касцёл Маці Божай Шкаплернай. Знаходзіцца ён на ўзгорку.

касцёл Маці Божай Шкаплернай

Побач з касцёлам узведзены кляштар кармелітаў. Наведаў я і гэтыя славутасці.

Уразіла тое, наколькі збудаванні гарманіруюць з навакольным ландшафтам. Побач раскінулася возера, разбіты парк. Акружае святыню прыватны сектар. У такім антуражы можна ўявіць, як жыло мястэчка некалькі соцень гадоў таму — рыбакі прапаноўвалі пакупнікам свой улоў, мяшчане абменьва-ліся навінамі, шляхта вырашала пытанні дзяржаўнай важнасці.

Трэба адзначыць, што касцёл тыповы для мураваных храмаў ХVІІІ стагоддзя. Узведзены ён у 1754 годзе ў стылі ракако. Будынак спраектаваны ў форме квадрата, таму прыгожы з усіх бакоў. Прахожая жанчына паведаміла, што мясцовыя жыхары ганарацца такой славутасцю, рэгулярна наведваюць набажэнствы.

Да касцёла прымыкае плябань (дом святара). У яго вокнах выстаўлены скульптуры святых. У выніку складаецца незвычайнае ўражанне — быццам яны глядзяць на цябе, размаўляюць з табой. Адчуванне ўзнёслае і чуллівае адначасова.

Тэрыторыя кляштара цяпер добраўпарадкоўваецца. У двары складзіраваныя будматэрыялы. Калі работы завершацца, храмавы комплекс стане адным з самых прыгожых у Беларусі.

Мядзельская Галгофа знаходзіцца на вяршыні ўзгорка.

Мядзельская Галгофа

Партызанская памяць

Якая адна з найбольш удалых відавых кропак на возера Нарач? Пляцоўка помніка партызанам зямлі нарачанскай! У гэтым кожны можа пераканацца асабіста. Знаходзіцца славутасць ля дарогі Мядзел – пасёлак Нарач на паўночным беразе возера.

Да абеліска вядзе шырокая мураваная лесвіца (амаль як Пацёмкінская ў Адэсе). Калі падарожнік адолее яе, выйдзе на пляцоўку, з якой прыемна любавацца даляглядамі возера. Крышачку фантазіі — і можна ўявіць сябе капітанам вялікага круізнага лайнера. Аб’ект вельмі папулярны ў закаханых.

Людзі прыходзяць сюды не з пустымі рукамі. Ля падножжа абеліска ўскладзены жывыя кветкі, а сам помнік добраўпарадкаваны. Прыемна, што памяць пра народных мсціўцаў, якія набліжалі Вялікую Перамогу, жыве па ўсёй Беларусі.

Ля помніка ўстаноўлена некалькі гармат часоў Вялікай Айчыннай. Побач – паркоўка для аўтамабіляў. Усім раю пабываць на гэтым месцы: і гісторыю ўспомніце, і краявідамі палюбуецеся.

Ваенная гармата часоў Вялікай Айчыннай.

Некалькі мацерыкоў на адным полі

Нарачанскі край – гэта перш за ўсё чароўная прырода. Нездарма створаны аднайменны прыродны нацыянальны парк. Аднак у цікаўных падарожнікаў ёсць магчымасць ацаніць прыроднае багацце не толькі паўночнага захаду Мінскай вобласці, але і розных кантынентаў. Зрабіць гэта можна ў дэндралагічным садзе. Размешчаны ён паміж азёрамі Нарач і Мястра ля дарогі Мядзел – пасёлак Нарач.

Сад падзелены на пяць батані-ка-геаграфічных зон. У кожнай прадстаўлены расліны, характэрныя для пэўнага мацерыка. Усяго тут расце каля 400 відаў раслін, у тым ліку дэкаратыўных. Таксама працуе музей лесу.

Мне вельмі спадабалася гуляць па ўтульных садовых алеях, хадзіць па мастках, заходзіць у шматлікія альтанкі. У дзень падарожжа квітнелі рададэндраны. Водар быў яшчэ той! Вясенні настрой падзялялі ўсе наведвальнікі саду. Сярод такой прыгажосці думкі становяцца больш яснымі, душа – чыстай, а сэрца — добрым.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/puteshestviya/item/6903-myadzelski-ierusalim-i-inshyya-dzivosy-narachanshchyny.html#sigProId8e2b891063
Прочитано 203 раз Последнее изменение 21.05.2020 14:50
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить