11.03.2019 11:15

Берагчы жыццё і павялічваць асабісты даход

Папярэджанне надзвычайных сітуацый, магчымасці грамадзян для ажыццяўлення дзейнасці без рэгістрацыі ў якасці суб’ектаў прадпрымальніцтва — тэмы чарговай нарады з ідэалагічным актывам раёна.

Па першым пытанні выступіў начальнік Маладзечанскага ГРАНС Дзяніс Ушацкі. Ён адзначыў, што сёлета ў раёне склалася напружаная сітуацыя з пажарамі. У выніку ўзгаранняў у жылым сектары загінулі людзі. Супрацоўнікі МНС ратавалі ад агню і вытворчыя памяшканні. Па ўсіх выпадках праводзіцца праверка.

— Асноўныя прычыны пажараў — неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраправодкі, — падкрэсліў ратавальнік. – Статыстыка сведчыць, што каля 70 працэнтаў ахвяр агню былі ў стане алкагольнага ап’янення. З мэтай папярэджання гібелі людзей з 1 па 28 лютага праводзіўся месячнік супрацьпажарнай бяспекі.

Дзяніс Ушацкі нагадаў важнасць устаноўкі ў дамах і кватэрах аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Ён адзначыў, што нельга дапусціць узгаранняў у экасістэмах (такіх выпадкаў летась на Маладзечаншчыне было зафіксавана 78). Таму трэба прадухіліць выпальванне травы, выконваць правілы супрацьпажарнай бяспекі пры спальванні смецця, не раскладаць агонь у неналежных месцах. Вялікую ролю ў прадухіленні пажараў мае навядзенне парадку на зямлі.

Па інфармацыі начальніка ГРАНС, паводкавая сітуацыя сёлета не выйдзе з-пад кантролю. Вясенніх падтапленняў у жылым сектары не чакаецца.

У рамках прапаганды бяспекі жыццядзейнасці летась у Маладзечанскім раёне створаны адзін арт-аб’ект і два супрацьпажарныя графіці. На базе Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка» прайшоў абласны фестываль тэатралізаваных пастановак па бяспецы жыццядзейнасці для дзяцей «101 лялька».
* * *
Загадчык сектара рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання аддзела эканомікі райвыканкама Алена Кажэка паведаміла, што без рэгістрацыі ў якасці суб’ектаў прадпрымальніцтва ў нашай краіне дазволена рамесная дзейнасць, дзейнасць у сферы аграэкатурызму, рэалізацыя асобных тавараў і выкананне некаторых работ (паслуг) насельніцтву, рэалізацыя сельскагаспадарчай прадукцыі, вырабленай у асабістай падсобнай гаспадарцы, і дзікарослай прадукцыі.

Самазанятасць папулярная сярод жыхароў горада і раёна. Яна дазваляе людзям рэалізоўваць свае здольнасці, мець афіцыйную крыніцу даходаў (асноўную або дадатковую). Усяго на Маладзечаншчыне афіцыйна зарэгістравана 850 рамесні-
каў, дзейнічаюць 30 суб’ектаў аграэкатурызму.

— Рамесны збор выплачваецца раз на год і складае адну базавую велічыню, — зазначыла Алена Кажэка. — Такі ж збор плацяць і суб’екты аграэкатурызму. Важна і тое, што дзяржава гарантуе самазанятым магчымасць забяспечваць сваю пенсіённую будучыню. Раней такія грамадзяне маглі разлічваць толькі на сацыяльную пенсію.

Каб удзельнічаць у сістэме пенсіённага страхавання, самазанятай асобе неабходна звярнуцца ў раённы аддзел фонду сацабароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Адпаведныя ўзносы можна ўносіць штотыдзень, штомесяц або раз на год. Іх памер за год складае не менш за 29 працэнтаў ад сумы вызначанага плацельшчыкам даходу за перыяд дзейнасці, але не менш за суму, вызначаную за названы перыяд з сумы памераў мінімальнай заработнай платы (з 1 студзеня — 330 рублёў).

Прочитано 1714 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить