25.01.2019 12:17

«Міншчына, ты сэрца Беларусі, у стагоддзях славу памнажай!»

Абласное свята, прымеркаванае да 100-годдзя з дня ўтварэння БССР, адбылося ў гарадскім Палацы культуры.

Галоўная каштоўнасць краіны – людзі

Менавіта гэта падкрэсліў у сваім выступленні старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ісачанка.

Ён адзначыў, што 100-годдзе БССР з’яўляецца важнай датай як для ўсяго беларускага народа, так і для Мінскай вобласці. Двойчы – у 1967 і 1970 гадах — яна была адзначана самай высокай узнагародай савецкай дзяржавы ордэнам Леніна. Сёння Міншчына — цэнтр прамысловасці і культуры, развітай сельскай гаспадаркі, яна славіцца высокімі тэхналогіямі і інавацыямі. Але галоўнае багацце – людзі, якія прымнажаюць здабыткі папярэднікаў, усю душу ўкладаюць у сваю работу.

Кульмінацыяй свята стала цырымонія прысваення звання «Чалавек года Міншчыны» -- чытайце и глядзіце фота.

Яшчэ адзін сімвалічны момант – ушанаванне на сцэне былых старшынь Мінскага аблвыканкама: Альфонса Цішкевіча, Пятра Пётуха, Леаніда Крупца, Барыса Батуры. Кожны ўнёс годны ўклад у развіццё сталічнага рэгіёна.

Калі скульптуры ажываюць

— Пагартаем запісныя кніжкі гісторыі! – заклікалі вядучыя ўрачыстасці Алег Ціткоў і Паліна Шуба ўдзельнікаў мерапрыемства, якія з’ехаліся ў наш Палац з усіх раёнаў сталічнай вобласці.

Але яшчэ да пачатку свята старонкі слаўнай гісторыі нашай краіны ажывалі дзякуючы крэатыўным ідэям арганізатараў. Неспадзяванымі для ўсіх былі «бронзавыя» скульптуры ў фае, якія нібыта сышлі з фантана «Дружба народаў» на ВДНГ у Маскве. Калі людзі падыходзілі, скульптуры пачыналі рухацца: жнейка высока ўзнімала свой сноп, сейбіт здымаў свой саламяны капялюш…

Непадалёк круціў ганчарнае кола Мікалай Нупрэйчык з «Белмастацкерамікі», спрытна ўпраўлялася з кроснамі майстар па ткацтве Наталля Рудакоўская са Старых Дарог. Жадаючыя маглі пазнаёміцца з гісторыяй піянерскай арганізацыі, іншымі музейнымі экспазіцыямі. Святочную атмасферу дапаўнялі музычныя кампазіцыі мінулых гадоў, якія дарылі віртуозныя музыканты дзіцячай школы мастацтваў. Сустрэчы, поціскі рук, абдымкі, словы віншаванняў – арганізатары ўрачыстасці зрабілі ўсё, каб яна пакінула след у душы.

Успомнілі знакамітых землякоў, разгадалі віктарыну

Нягледзячы на масавасць і ўрачыстасць мерапрыемства, прайшло яно на адным дыханні. Шмат цікавых, пазнавальных, павучальных момантаў прадумалі арганізатары. Асобныя блокі прысвячаліся знакамітым людзям, якімі ганарыцца Беларусь: кампазітару Ігару Лучанку, касманаўту Уладзіміру Кавалёнку, Герою Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы Кірылу Арлоўскаму, алімпійскаму чэмпіёну Рамуальду Кліму, дыпламату і грамадскаму дзеячу Андрэю Грамыку.

Цікавы момант – віктарына, якую прама са сцэны прапанавалі разгадаць вядучыя. Гледачы без памылак адказалі, калі быў заснаваны «Беларуськалій», у якім годзе адкрыўся пасля рэканструкцыі Нясвіжскі замак, нават дакладна назвалі цану савецкай «Доктарскай» каўбасы – 2 рублі 20 капеек…

Песні – гэта таксама гісторыя

Лепшыя выканаўцы і калектывы радавалі сваёй творчасцю гледачоў. Сярод іх Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г. Цітовіча, Алёна Ланская, Уладзімір Правалінскі, Аляксандр Саванец, салісты Вялікага тэатра оперы і балета Людміла Хітрова і Ігар Артамонаў, музычная капэла «Санорус» і іншыя. Выступілі і калектывы нашага раёна — узорны хор «Журавачка» дзіцячай школы мастацтваў, народны вакальны ансамбль «Менестрэлі» Палаца культуры. Любімыя песні з вядомых кінафільмаў, харэаграфічныя кампазіцыі, творы Ігара Лучанка, сусветная класіка – кожны канцэртны нумар уражваў высокім прафесійным майстэрствам выканаўцаў, абуджаў гордасць за нашых таленавітых артыстаў.


Прочитано 1042 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить