20.11.2018 15:02

Ідэалагічны актыў абмеркаваў пытанні харчовай бяспекі, абароны дзяцей, захавання маёмасці

У семінары ідэалагічнага актыву Маладзечаншчыны ўдзельнічалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Соф’я Філістовіч, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада і раёна, профільныя спецыялісты.


Важкі каравай 2018

Па першым пытанні выступіў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Саланенка. Ён адзначыў, што развіццё аграрнага сектара з’яўляецца адным з прыярытэтаў эканамічнай палі-
тыкі Рэспублікі Беларусь. Ад сітуацыі ў аграпрамысловым комплексе шмат у чым залежаць дабрабыт і сацыяльна-палітычная стабільнасць у краіне.

Як падкрэсліў дакладчык, харчовая бяспека ў Беларусі забяспечваецца ў поўнай меры. Яшчэ больш, па такіх прадуктах як яйкі, мяса, малако, узровень самазабеспячэння краіны ў 1,3-2,3 раза перавышае патрэбу. У аграрным сектары ствараецца каля 4 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту. Вытворчасць харчовых прадуктаў фарміруе яшчэ 5 працэнтаў ВУП Беларусі.

— На прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу актыўна праводзіцца мадэрнізацыя, штогод нарошчваецца аб’ём інвестыцый, укараняюцца прагрэсіўныя тэхналогіі. Расце геаграфія паставак сельскагаспадарчай прадукцыі. Прымаемыя меры дазволілі і сёлета атрымаць нядрэнны ўраджай, — паведаміў Уладзімір Саланенка.

Так, у гэтым годзе ў краіне намалочана 5,3 мільёна тон збожжавых і зернебабовых пры сярэдняй ураджайнасці 26,3 цэнтнера з гектара. Убрана больш за 760 тысяч тон бульбы, амаль 150 тысяч тон агародніны на адкрытым грунце, больш за 4 мільёны тон цукровых буракоў. Добра спрацавалі і аграрыі Маладзечаншчыны.

Своечасова выявіць сямейны недабрабыт

Як у раёне рэалізуецца дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях», расказала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Іна Драпеза.

Яна паведаміла, што на Маладзечаншчыне адпрацаваны механізм работы па ўсіх кірунках рэалізацыі патрабаванняў дакумента. Асноўная задача дзяржаўных структур пры гэтым — захаваць сям’ю, узмацніць адказнасць бацькоў за выхаванне непаўналетніх, гарантаваць правы і законныя інтарэсы дзяцей. Таксама важна забяспечыць вяртанне абавязанымі асобамі расходаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ва ўстановах або ў апякунскіх, прыёмных сем’ях, дзіцячых дамах сямейнага тыпу.

— Усе абавязаныя асобы ў раёне працаўладкаваныя. За імі ўстаноўлены жорсткі кантроль. Пры парушэнні працоўнай дысцыпліны гэтыя людзі прыцягваюцца да адказнасці, нават крымінальнай, — зазначыла дакладчыца.

Іна Драпеза дадала, што на Маладзечаншчыне эфектыўна працуюць усе суб’екты прафілактыкі. Вялікая ўвага надаецца ранняму выяўленню сямейнага недабрабыту. Па адпаведных фактах праводзіцца сацыяльнае расследаванне. У выніку доля сацыяльнага сіроцтва ў раёне памяншаецца.

Памятай пра дачу

Тэма выступлення намесніка начальніка Маладзечанскага РАУС Юрыя Кабакова – прафілактыка крадзяжоў з дачных участкаў. Цяпер, у халодны перыяд, людзі рэдка наведваюць свае дачы. А безнаглядная маёмасць спакушае зладзеяў.

На семінары прагучалі наступныя факты. Сёлета з пачатку года ў раёне зафіксавана 45 крадзяжоў з садовых таварыстваў. Найбольш часта зламыснікі крадуць інструменты, харчовыя прадукты, алкагольныя вырабы, грошы. Пранікненне на дачы ў асноўным адбываецца праз вокны і дзверы, якія пры гэтым пашкоджваюцца. Раскрывальнасць падобных злачынстваў складае 44,4 працэнта.

Супрацоўнік РАУС заклікаў гаспадароў дачных участкаў заключаць дагаворы з Дэпартаментам аховы і больш адказна ставіцца да захавання дачнай маёмасці.

Прочитано 1122 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить