18.04.2018 10:10

Дыялог у шырокім фармаце

Источник

Ужо сама прыналежнасць да журналістыкі дыктуе неабходнасць быць у курсе падзей – палітычных, эканамічных, сацыяльных, культурных, што вызначаюць жыццё краіны. Тым больш калі сваімі поглядамі на іх дзеліцца Прэзідэнт, ды яшчэ ў асяроддзі маіх калег-журналістаў з найбуйнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Вось чаму 10 красавіка з цікаўнасцю чакаў размовы ў вялікай студыі Белтэлерадыёкампаніі.

Дыялог у шырокім фармаце "Маладзечанская газета"

Яна, размова гэта, у пэўнай ступені павінна была даць адказ на многія пытанні, якія апошнім часам хвалююць грамадзян, у тым ліку прадстаўнікоў айчынных мас-медыя. Як будаваць сваю работу сёння і ў перспектыве, як выжываць ва ўмовах татальнай інфарматызацыі? Урэшце, якімі маральнымі прынцыпамі кіравацца ў журналісцкай дзейнасці, што ставіць на першае месца?..

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка высока ацэньвае  ролю СМІ ў сучасным свеце, дзе  на першы план выходзяць не ўзброеныя сутыкненні, а інфармацыйныя войны. Аб гэтым ён заявіў 10 красавіка на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі буйных дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

«Сродкі масавай інфармацыі ператварылі ў зброю. І ведаеце, гэта зброя больш магутная, чым ядзерная. Таму што малы зарад у выглядзе нейкай навіны імгненна ахоплівае ўсю планету. І па сіле знішчальнага ўздзеяння не факт, што ядзерная зброя больш магутная», – адзначыў Прэзідэнт.

У гэтых умовах галоўная задача – барацьба за розум і душы людзей. Без авалодвання імі суверэнную і незалежную краіну ў класічным выглядзе не пабудаваць. У гэтым кірунку і трэба дзейнічаць, перакананы кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь – выключна мірная краіна. «Ніякая агрэсія ніколі не будзе зыходзіць з нашай зямлі. Але і ў крыўду мы сябе не павінны даваць як у ваенных, так і ў інфармацыйных адносінах. Усё пачынаецца з вас. На пярэдні план выходзіце вы – журналісты. Ваша задача – фарміраваць канструктыўнае грамадскае меркаванне праз своечасовую і аб’ектыўную падачу матэрыялу, шчыры і ўдумлівы дыялог з аўдыторыяй».

Фото: Белта.



Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава абавязкова павінна надаваць увагу сродкам масавай інфармацыі, падтрымліваць іх. «СМІ – гэта святое. І калі дзяржава можа трымаць іх у руках, фінансуючы, падтрымліваючы і гэтак далей, дзяржава гэта павінна рабіць. А з прыватнымі мы павінны так дамовіцца, каб прыватнік абавязкова выконваў сваю дамоўленасць».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што СМІ могуць як стварыць і падняць дзяржаву, так і ўміг яе разбурыць. «А калі мы дзяржаўнікі, мы павінны берагчы нашу дзяржаву. Іншага ў нас не будзе. І каштоўнасць наша будзе, нашага пакалення, калі мы ўмацуем сваю дзяржаву і дзецям перададзім», – адзначыў беларускі лідар.

Не адгароджвацца ад СМІ

Чыноўнікі павінны ўмець размаўляць з журналістамі і прапаноўваць ім неабходную інфармацыю. Аб гэтым таксама заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі буйных дзяржаўных СМІ. «Я не ведаю, як гэта вы будзеце рабіць, але калі я пачую або ў інтэрнэце прачытаю, што чыноўнік не размаўляе з журналістам і не прапануе тую інфармацыю, якую павінен, і перш за ўсё асноўным нашым журналістам і сродкам масавай інфармацыі, уносьце неадкладна прапановы аб яго замене. Таму што другі раз будзе вельмі балюча для яго», – папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка

Адміністрацыю Прэзідэнта і Міністэрства інфармацыі. Прэзідэнт адзначыў, што часам з-за няўмення чыноўнікаў пракаменціраваць нейкую праблемную сітуацыю гэта даводзіцца рабіць кіраўніку дзяржавы. «Калі ты прыйшоў міністрам, намеснікам, кіраўніком прадпрыемства, будзь ласкавы размаўляць з журналістамі, як ні было б цяжка і складана», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым, паводле яго слоў, і самі журналісты павінны быць больш настойлівымі, дабіваючыся каментарыяў у чыноўнікаў.

Канстытуцыя – жывы арганізм
Каменціруючы перспектывы ўнясення змяненняў у Канстытуцыю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з яго пункту гледжання частка функцый павінна перайсці ад Прэзідэнта іншым галінам улады. Асабліва, на яго думку, трэба ўзмацніць ролю выканаўчай улады. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што момант для змянення Канстытуцыі яшчэ не настаў. СМІ будуць не апошнімі сярод тых, хто вызначыць гэты час, дадаў ён. Пры карэкціроўцы Асноўнага закона краіны, перакананы Прэзідэнт, важна не перакрэсліць усё тое, што ўжо зроблена, захаваць гэты здабытак, дасягненне, перадаць іх дзецям і ўнукам.

Работа без шоку

Кіраўнік дзяржавы адзначыў правільнасць таго, што ў свой час Беларусь не пайшла па шляху шокавых рэформ і пераўтварэнняў. «Мне ўжо вас не трэба пераконваць у гэтым. А тады мне даводзілася гэта рабіць. Усім расказваць, што не спяшайцеся, у нас свае асаблівасці, сваё жыццё. Мы будуем сваю краіну. Не трэба бегчы за Расіяй у тым ліку па гайдараўскіх рэформах. Каб мы па гэтай шокавай тэрапіі прайшлі, краіны сёння не было б. Без работы нічога не будзе. Ніякі рынак не выратуе. І мы не балбатнёй стварылі незалежную Беларусь, а рэальна. З намі лічацца!» – сказаў Прэзідэнт.

Закон развіцця мас-медыя

Гаворачы аб задачах, якія сёння стаяць перад сродкамі масавай інфармацыі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што частка з іх адлюстравана ў новым законе аб СМІ. У прыватнасці, размова ідзе аб развіцці айчыннага кантэнта на тэлебачанні. Пры гэтым сам закон, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, прызначаны «абараніць нашых людзей ад патоку неправеранай, непраўдзівай, дэструктыўнай інфармацыі». Па словах Прэзідэнта, сёння ўсё больш запатрабаванай становіцца якасная журналістыка з аўтарскай пазіцыяй, дакладнымі фактамі, глыбокай аналітыкай. «Абудзіць цікавасць, утрымаць чытачоў, гледачоў – гэта ваша задача.
Разумна расстаўце прыярытэты і падумайце аб тэматычнай, жанравай разнастайнасці тэлеканалаў, газет, каб прыцягнуць людзей розных узростаў і настрояў», – арыентуе СМІ кіраўнік дзяржавы. На яго думку, адарваць моладзь ад тэлефонаў і камп’ютараў і прымусіць чытаць газету ўжо наўрад ці атрымаецца. «Але ў такім выпадку ў інтэрнэце мы павінны прапанаваць ім нешта цікавае, правільнае
і аб’ектыўнае», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў, што адобрыў абмеркаванне ў парламенце пытання змяненняў у закон аб сродках масавай інфармацыі з удзелам прадстаўнікоў СМІ. «Вы павінны для сябе зрабіць гэты закон. Калі ён да мяне паступіць, я хачу, каб вы былі задаволеныя гэтым законам», – сказаў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што плануемыя змяненні неабходна абмяркоўваць. «Але галоўнае, каб усе працавалі ў роўных умовах, каб канкурыравалі. Нехта з вас выходзіць на экран і гаворыць адкрыта, сумленна. Усе бачаць, камусьці падабаецца, камусьці не... А чаму хтосьці хаваецца за нейкі кручок? Чаму ён у інтэрнэце адкрыта недзе не напіша і не паставіць свой подпіс?». Прэзідэнт за-
клікаў усіх адкрыта выказваць сваю пазіцыю і абмяркоўваць праект змяненняў у закон. Але разам з гэтым будзе захоўвацца кантроль за тым, каб не распаўсюджвалася інфармацыя тэрарыстычнага плана і заклікі або папулярызацыя іншых негатыўных працэсаў.

Воля да незалежнасці

Беларусам яшчэ трэба будзе зразумець ролю БНР. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі буйных дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што як гісторык па адукацыі звяртаўся да гэтай тэмы і прыйшоў да высновы, што ў Беларусі пакуль не разумеюць, што такое БНР і якую ролю яна адыграла. На думку Аляксандра Лукашэнкі, у гэтай частцы беларускай гісторыі не ўсё відавочна. З аднаго боку, стваральнікі БНР хацелі адзінства для краіны, з іншага – звярталіся па дапамогу да нямецкага кайзера. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі ўжо ёсць Дзень Незалежнасці. «У нас ёсць Дзень Незалежнасці, і каб мы тады не перамаглі, то сапраўды ніякай незалежнасці не было б», – сказаў кіраўнік дзяржавы. Дзень Незалежнасці ў Беларусі адзначаецца 3 ліпеня. У гэты дзень у 1944 годзе Мінск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Курапаты – не сцэна для паліттусоўкі

Пытанне аб Курапатах у адрас кіраўніка дзяржавы паступіла ад грамадзян напярэдадні мерапрыемства. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што даручыў сваёй Адміністрацыі разабрацца з гэтым пытаннем. «Пара заканчваць гэту валтузню на касцях. Вы зацягнулі прадстаўленне Прэзідэнту макета гэтага ўрочышча. Пакладзіце мне на стол дакументы, каб я мог зацвердзіць і мы стварылі там месца для душы. Трэба аператыўней скончыць гэта, прывесці ў парадак гэты лес, урочышча, паставіць самы просты помнік, або капліцу, або яшчэ нешта — мы прымем рашэнне. Каб чалавек, які спачувае сем’ям і пакутуе, што загінулі людзі, прыйшоў туды, прынёс кветкі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што недапушчальна выкарыстоўваць гэту тэму з палітычнай мэтай. «Чаго топчамся па касцях і робім на гэтым палітыку?» – задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

Падрыхтаваў Аляксандр ЛАЗОЎСКІ.

Прочитано 1687 раз Последнее изменение 18.04.2018 10:10
БЕЛТА

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить