26.01.2018 12:33

«Белая Русь». Калі мы разам

19 студзеня ў Мінску адбыўся ІІІ з’езд Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Яго ўдзельнікі, а гэта каля 450 дэлегатаў з усіх абласцей нашай краіны і сталіцы, прааналізавалі дзейнасць аб’яднання за апошнія пяць гадоў, зацвердзілі новыя рэдакцыі статута і праграмы, выбралі пашыраны склад рэспубліканскага савета РГА «Белая Русь».

«Белая Русь». Калі мы разам "Маладзечанская газета"

Маладзечанскую раённую арганізацыю, якая справядліва лічыцца лідарам як па колькасным складзе, так і па сваёй дзейнасці, прадстаўлялі 10 дэлегатаў. У тым ліку яе старшыня Анатолій Асманаў, старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец, намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская, выбраная ў склад рэспубліканскага савета аб’яднання. Удзел у рабоце з’езда прымала і Людміла КАНАНОВІЧ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, аўтарытэтны актывіст грамадскага руху.

– Людміла Мікалаеўна, дазволю сабе акцэнтаваць увагу на апошнім сцвярджэнні, бо ведаю: нават працуючы дэпутатам вы не перапынілі сваіх адносін з раённай арганізацыяй «Белай Русі», пастаянна ўзаемадзейнічаеце з ёю…

– Сапраўды. Я па-ранейшаму з’яўляюся членам раённай арганізацыі, стараюся ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, што праводзяцца ёю. Да прыкладу, прымаю ўдзел у сумесных са старшынёй і актывам прыёмах грамадзян у грамадскай прыёмнай «Белай Русі», пастаянна вяду дыялог з выбаршчыкамі па пытаннях, што іх хвалююць, з органамі выканаўчай улады. У выніку выкрышталізоўваюцца праблемы, якія патрабуюць заканадаўчага рэгулявання. Разам з членамі «Белай Русі» зроблены маніторынг сістэмы адукацыі ў нашым рэгіёне, прааналізавана праблема занятасці насельніцтва і жыццядзейнасці інвалідаў. Сябры грамадскага аб’яднання арганізоўвалі сустрэчы ў працоўных калектывах, круглыя сталы з ідэалагічным актывам, прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі з мэтай калектыўнага ўдзелу ў заканатворчасці, каб законы ў выніку адпавядалі чаканням грамадства і былі зразумелыя людзям.

Маладзечанцы ў складзе дэлегатаў Мінскай абласной арганізацыі на з’ездзе РГА «Белая Русь».



– Такім чынам і фарміруецца прававая дзяржава, калі цэнтральным у ёй з’яўляецца сацыяльны складальнік, калі ў цэнтры – клопаты пра сваіх грамадзян. Ці не так?
– Сёння сябры РГА «Белая Русь» могуць прапанаваць мноства ідэй, а мясцовыя ўлады і мы, дэпутаты, проста абавязаны чуць гэтыя прапановы, дапамагаць у іх рэалізацыі. Павінны ўмець весці дыялог, тлумачыць сваю пазіцыю, быць у непасрэдным кантакце з людзьмі, далучаць іх да вырашэння дзяржаўных задач. І як галоўная мэта – канструктыўнае, кампетэнтнае і выніковае ўзаемадзеянне ўсіх галін улады з грамадзянска-грамадскімі інстытутамі, якое працягне і ўмацуе гістарычныя прыярытэтныя пазіцыі Беларусі ў роўнасці і адзінстве ўсяго народа.

– Гэты пасыл прагучаў у вашым выступленні перад удзельнікамі з’езда ад імя дэлегатаў Мінскай вобласці?
– Так, калегі даверылі мне такую вялікую адказнасць – гаварыць ад імя абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» і ад раённай, якая аб’ядноўвае ў сваім складзе 166 «пярвічак» і 4870 членаў. Мы ўсе перакананы, што за дзесяць гадоў існавання «Белай Русі» – аднаго з прадстаўнічых, значных для краіны сацыяльна-палітычных грамадскіх аб’яднанняў, якое выражае інтарэсы ўсіх слаёў беларускага грамадства, зроблена вельмі многае. «Белая Русь» стала правадніком, своеасаблівым медыятарам паміж дзяржавай і насельніцтвам, які выводзіць прынятыя кіраўніцкія рашэнні за вузкія рамкі палітычнай эліты, арганізуе на месцах вывучэнне грамадскай думкі, садзейнічае публічнаму дыялогу па ключавых пытаннях развіцця краіны, пашырэнню самакіравання, зацвярджэнню актыўнай грамадзянскасці і адказнасці людзей і за ўласны лёс, і за лёс краіны. У якіх кірунках праяўляецца работа па ўзаемадзеянні дзяржаўных інстытутаў і РГА «Белая Русь»? Адкажу вельмі коратка: гэта актыўны ўдзел у распрацоўцы асноўных праграм і прагнозаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў і краіны ў цэлым; прадстаўніцтва ў рабоце навукова-кансультацыйных саветаў, іншых дарадчых структурах, створаных пры рэспубліканскіх і абласных органах дзяржаўнага кіравання; інфармацыйная работа з насельніцтвам; маніторынг грамадскай думкі; ініцыіраванне і рэалізацыя сацыяльных праектаў, накіраваных на паляпшэнне дабрабыту грамадзян. Новым у рабоце аб’яднання стала ажыццяўленне грамадзянскага кантролю ў сферы адносін грамадзяніна і ўлады. Яскравым прыкладам гэтага сталі грамадскія прыёмныя, створаныя ва ўсіх рэгіёнах краіны, існаванне якіх дазволіла аказваць рэальную дапамогу людзям у рамках дзеючага заканадаўства з актыўным удзелам дэпутатаў усіх узроўняў і службовых асоб – членаў РГА «Белая Русь».

– Новая мадэль работы такіх прыёмных дазваляе праз маніторынг аператыўна рэагаваць на актуальныя запыты грамадства. Але не толькі…
– А яшчэ дазваляе выявіць грамадскіх лідараў, эфектыўных менеджараў, прафесіяналаў, маладых людзей, якія здольны спалучаць свае інтарэсы з інтарэсамі дзяржавы, сфарміраваць, такім чынам, новае інтэлектуальнае асяроддзе. «Белая Русь» – надзейная платформа для тых, хто імкнецца рэалізаваць сябе ў грамадскім жыцці, у служэнні Ра-
дзіме. Выкладзеныя ў размове думкі і развагі я і пастаралася данесці да ўдзельнікаў з’езда.

– Дзякуй за шчырасць, Людміла Мікалаеўна!

Прочитано 2393 раз
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить