13.01.2020 10:25

Адзін дома? Не, з сябрамі ў школьным лагеры!

У дні школьных канікулаў дзеці з захапленнем глядзяць папулярны навагодні фільм «Адзін дома», прымяраюць на сябе смеласць і вынаходлівасць хлопчыка, бацькі якога адправіліся ў шматдзённае падарожжа, а яго выпадкова забылі дома.

У рэальным жыцці мала якія мамы і таты рызыкнуць пакінуць дома свайго непаседу, і найперш таму, што для яго гэта можа быць небяспечна. Калі ў час канікулаў побач няма старэйшых братоў і сясцёр, бабулі з дзядулем, вялікай падмогай для бацькоў з’яўляюцца школьныя аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем. Яны не маюць патрэбы ў рэкламе: разнастайная культурная праграма, добрае харчаванне, пастаянны нагляд педагогаў і пры гэтым зусім невялікая бацькоўская даплата.

— У час зімовай аздараўленчай кампаніі такія лагеры працавалі ва ўсіх школах і гімназіях горада, у пяці навучальных установах раёна. Калі гаварыць аб выхаваўчай рабоце, то шмат увагі надавалася пытанням бяспекі, сумесна з цэнтральнай раённай бальніцай была праведзена акцыя «Скажам навушнікам «не!» па прадухіленні выпадкаў траўматызму і гібелі дзяцей і падлеткаў у грамадскіх месцах, на дарогах, чыгунцы, — расказвае метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі райвыканкама Сабіна Собаль, якая разам з вядучымі спецыялістамі прадстаўніцтва Мінскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Антанінай Рынкевіч і Аленай Лепшанковай праводзіла маніторынг школьных аздараўленчых лагераў дзённага знаходжання.

Мы пабывалі ў Хажоўскай сярэдняй школе, дзе працаваў лагер «Родник». Ён нешматлікі: 15 хлопчыкаў і дзяўчынак з першага па сёмы клас бавілі ў ім час.

— Справа ў тым, што пераважная большасць нашых вучняў жыве не ў Хажове, а ў навакольных вёсках, іх падвозіць на заняткі школьны аўтобус. У час канікулаў дабрацца ў школу дзецям праблематычна. Таму ў лагер запісаліся толькі хажоўцы. Адзін хлопчык з Капачаў, але ў яго мама працуе ў нашай школе, — расказвае начальнік лагера намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Юлія Пруднікава.
Дарэчы, лагер наведваюць чацвёра дзяцей з мнагадзетных сем’яў, якія заўсёды знаходзяцца ў прыярытэце ў арганізацыі аздараўленчай кампаніі. Як і дзеці-інваліды, дзеці з няпоўных, малазабяспечаных сем’яў.

Разам са сваім намеснікам педагогам-арганізатарам Аленай Лубнеўскай начальнік лагера распрацавала насычаную праграму на ўсе шэсць дзён яго работы.

— Што найбольш вам запомнілася? – пытаюся ў дзяцей.

— Вось, паглядзіце, якіх прыгожых мышак, сімвалаў новага года, мы зрабілі ў час майстар-класа! – дэманструюць яны свае вырабы.

— А нам найбольш падабаюцца розныя спаборніцтвы, — дзеляцца сямікласнікі Саша Табала і Максім Зарэўскі. – У нас праходзілі спартландыя, розныя гульні, эстафеты – вельмі здорава. У лагеры нашмат весялей, чым дома! А яшчэ мы любім гуляць у шахматы, асабліва вялікія, якія зрабілі нашы настаўнікі. Бачыце, якая шахматная дошка, па ёй разам з фігурамі і самім можна хадзіць!

— А кормяць вас смачна?
— Вельмі смачна! Мы ўсё з’ядаем, мы ж падлеткі, нашым арганізмам шмат энергіі трэба! – весела адказваюць хлопцы.

— Якія мерапрыемствы ў вас сёння па плане? – пытаюся ў педагогаў Аліны Грынкевіч і Таццяны Дашкевіч, якія ў дзень нашага візіту працавалі ў лагеры.
— Сёння ў школе навагодні ранішнік, і гэта асноўная падзея, якую дзеці вельмі чакалі, рыхтавалі карнавальныя касцюмы, праграму. Зранку яны гулялі ў настольныя гульні, у другой палове дня ў іх будзе эстафета з Дзедам Марозам.

— З задавальненнем ходзяць у камп’ютарны клас, які наша школа атрымала зусім нядаўна. І гэта цудоўны падарунак перад Новым годам. Супрацоўнікі Хажоўскага дома культуры праводзілі з імі гульнявыя праграмы. А яшчэ кожны дзень у нас абавязковыя «хвілінкі бяспекі»: пажарная, дарожная, навагодняя, у час якіх мы ў гульнявой форме вучым дзяцей правілам паводзін, прафілактыцы небяспечных здарэнняў, — дадае начальнік лагера.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/obrazovanie/item/6049-adzin-doma-ne-z-syabrami-shkolnym-lagery.html#sigProId63da0023b4
Прочитано 404 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить