10.09.2019 10:36

Педагог з Маладзечна - сярод стваральнікаў даведніка па беларускай мове

Лозунг даведніка: «Шануй мову пісьменнікаў».

Дар’я Хацкевіч  з дзецьмі. Фота мінулага года. Дар’я Хацкевіч з дзецьмі. Фота мінулага года.

Сёлета выйшаў у свет даведнік па літаратурным чытанні для 2-4 класаў. Адным з аўтараў стала наша зямлячка магістр педагагічных навук Дар’я Хацкевіч. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка яна вярнулася ў родную гімназію №7. Працуе настаўніцай пачатковых класаў, далучае дзяцей да скарбніцы роднай мовы, нацыянальнай культуры.

Даведнік для настаўнікаў

— Вельмі насычаным для мяне быў 2016 год, — расказвае Дар’я Іванаўна. — Я вучылася ў магістратуры, працавала ў студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі. У складзе каманды з пяцярых чалавек пад кіраўніцтвам кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры беларускага і рускага мовазнаўства БДПУ Вольгі Качан рыхтавала да выдання даведнік па літаратурным чытанні. Ён змяшчае больш за 700 слоў, незразумелых па значэнні або цяжкіх да ўспрымання малодшымі школьнікамі. Адрасаваны вучэбны дапаможнік настаўнікам, студэнтам факультэтаў пачатковай адукацыі, а таксама ўсім, хто цікавіцца беларускай мовай. Лозунг даведніка: «Шануй мову пісьменнікаў».

Ад пачатку работы да выдання мінулі тры гады. Працяглы час шукалі спонсара для аплаты друку. Каманда Вольгі Качан перамагла ў кірмашы інавацыйных праектаў, у конкурсе грантаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на выкананне навукова-даследчых работ. А яшчэ ў рэспубліканскім конкурсе даследчых стартап-праектаў (намінацыя «Лепшы адукацыйны праект»). Яго праводзіла анлайн-платформа «Талака.бай», якая садзейнічала размяшчэнню і прасоўванню праекта, пошуку аднадумцаў, што дапамаглі з фінансаваннем. У маі гэтага года ў педагагічным універсітэце ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны аўтар-скія экзэмпляры.

Кіёк зусім не… кіёск

Дашкольнікі мала чуюць родную мову ў штодзённым ужытку. Іх слоўнікавы запас бедны, а маўленне знаходзіцца пад уплывам рускай мовы. Дзецям бывае цяжкавата зразумець, што такое цукерка, кішэня, шкарпэткі. Яны думаюць, што кіёк – гэта кіёск, здзіўляюцца, што конікам завецца насякомае, якое скача і стракоча крыламі.

— У маім класе, цяпер 3 «В», дваццаць сем чалавек. Стараюся працаваць так, каб у хлопчыкаў і дзяўчынак і думак не ўзнікала пра тое, што беларуская мова ім не патрэбная. Тлумачу, што калі кожны з нас бу-дзе беражліва ставіцца да сваіх каранёў, то мова захаваецца, не згіне. Два дні на тыдзень, па аўторках і пятніцах, мы размаўляем толькі па-беларуску. А хто не можа падабраць адпаведныя словы, той… маўчыць. Некаторы час. Потым з дапамогай аднакласнікаў пачынае выказваць свае думкі. Я ніколі не дакараю, што вучань ужыў слова няправільна. Наадварот, прапаную дзецям разам дапамагчы, — гаворыць Дар’я.

— Не магу пахваліцца, што сама з малога ўзросту добра ведала мову. Вельмі ўдзячная настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі №7 Ірыне Лагвіненка. З пятага класа яна прывівала павагу да свайго, нацыянальнага, паказвала асабісты прыклад. Любімым маім творам застаецца раман «Людзі на балоце» Івана Мележа. У ім такая мова сакавітая, столькі напружаных момантаў, што хочацца перавесці дух і чытаць далей. Не пакідаюць абыякавымі ваенныя творы Васіля Быкава. Думаю, не лішнім будзе перачытаць беларусам раман у вершах Ніла Гілевіча «Родныя дзеці», кнігу Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар», сатырычную камедыю Кандрата Крапівы «Хто смяецца апошнім».

З шармам па жыцці

У свой час Дар’я закончыла мадэльную школу «Шарм» Палаца культуры. Разам з іншымі выхаванцамі Зінаіды Владыка ўдзельнічала ў паказах моды. Цяпер выкладае рыторыку, праводзіць трэнінгі ў мала-дзечанскім філіяле мадэльнага агенцтва Сяргея Нагорнага. На ўроках рыторыкі прапануе самыя розныя заданні: разабрацца ў сітуацыі, «смачна» расказаць аб прадукце ці рэчы.

— Не ўсім удаецца быць упэўненым у сабе, лёгка наладжваць стасункі з людзьмі. З такой праблемай я сама сутыкнулася ў падлеткавым узросце. Пераадолела яе і цяпер рада дапамагчы іншым, — адзначае субяседніца.

Французскі мадэльер Коко Шанэль сказала: «У вас не будзе іншага шансу на першае ўражанне». Таму трэба пастарацца, каб з табой захацелі сустрэцца яшчэ раз.

— Захапленне ў школьныя гады шахматамі і шашкамі дапамаглі развіць лагічнае мысленне, — прызнаецца Дар’я. — А заняткі лёгкай атлетыкай дазволілі пабываць з камандай у розных гарадах Беларусі. Цяпер я вельмі люблю адкрываць для сябе новыя краіны. Нядаўна вярнулася з Італіі, наведала Рым, Сан-Марына, Венецыю і Фларэнцыю. Змагла ацаніць мілагучнасць італьянскай мовы, з якой нярэдка параўноўваюць нашу беларускую. Як сапраўдны скарб, яна дасталася нам у спадчыну.

Фота: Аляксей ПЛАТКО і архіў Дар’і ХАЦКЕВІЧ.

Прочитано 1423 раз Последнее изменение 10.09.2019 10:36
Людміла Цар

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.