20.12.2018 10:42

Даша Навасёлава з Маладзечна -- сярод пераможцаў міжнароднага конкурсу юных журналістаў

Сямікласніца гімназіі №10 Дар’я Навасёлава сярод пераможцаў V Міжнароднага конкурсу юных журналістаў «XXI стагоддзе. Час і мы».

Дар’я Навасёлава з кіраўніком гуртка «Юны журналіст» гімназіі №10 Кацярынай Ермаковіч. Дар’я Навасёлава з кіраўніком гуртка «Юны журналіст» гімназіі №10 Кацярынай Ермаковіч. "Маладзечанская газета"


Гэты конкурс праводзіцца ў горадзе Петразаводску Рэспублікі Карэлія (Расія). На яго было даслана звыш 260 работ падлеткаў і моладзі з шасці краін – Расіі, Беларусі, Нарвегіі, ЗША, Славеніі, Чэхіі. Даша годна прадставіла сваю краіну. Сярод шасці намінацый конкурсу яна выбрала «Самае незвычайнае падарожжа», сваю работу дасылала ў электронным варыянце. Падтрымала яе, дапамагла парадамі кіраўнік гуртка «Юны журналіст. Друкаваныя СМІ» настаўніца беларускай мовы і літаратуры Кацярына Ермаковіч.

-- Маёй вучаніцы падабаецца чытаць прыгодніцкую літаратуру, фантастыку, таму ў сваёй рабоце яна выкарыстала некаторыя элементы гэтых жанраў. Назвала яе «Таямнічы сон» і запрасіла чытачоў у незвычайнае падарожжа па роднай Беларусі, -- расказвае настаўніца. – Сутнасць апавядання ў тым, што дзяўчынка засынае ў сваім пакоі, а прачынаецца ў зусім іншых месцах, выконвае цікавыя заданні, даведваецца шмат захапляльнага пра знакавыя месцы нашай краіны – Мірскі замак, Нясвіж, Белавежскую пушчу, Мінск – і такім чынам знаёміць замежных гасцей з Беларуссю. Аднак самым важным, на мой погляд, стала тое, што Даша змагла адчуць асалоду ад работы са словам.

Задума Дашы ўдалася: яе «Таямнічы сон» высока ацаніла прадстаўнічае журы, у складзе якога былі вядомыя расійскія журналісты, дыпламаты, дзеячы культуры: сямікласніца ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені. Арганізатары запрасілі на ўрачыстую цырымонію, але даехаць да няблізкага Петразаводска праблематычна. Таму дыплом даслалі ў электронным варыянце, а таксама паведамілі, што твор юнай маладзечанкі мяркуецца ўключыць у зборнік лепшых работ конкурсу.

Даша Навасёлава займаецца ў гуртку «Юны журналіст. Друкаваныя СМІ». Адметна, што ў кожнага з «гурткоўцаў» ёсць магчымасць адчуць сябе сапраўднымі журналістамі: яны ўдзельнічаюць у выпуску гімназічнай газеты «Пачатак». Не выключана, што гэты вопыт дапаможа ім з выбарам будучай прафесіі.

Фота: архіў ГІМНАЗІІ №10.



Прочитано 2799 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить