08.11.2018 9:05

«Беларусь мая сінявокая» -- КВЗ у Маркаўскай школе

Як дзяцей ад смартфонаў адарваць? Прыдумаць цікавы конкурс!

Удзельнікі КВЗ Віка Бажко, Уладзіслаў Жалевіч, Саша Слуцкая і Надзея Міхалка. Удзельнікі КВЗ Віка Бажко, Уладзіслаў Жалевіч, Саша Слуцкая і Надзея Міхалка. "Маладзечанская газета"

Вяртаюцца дадому з заняткаў маркаўскія школьнікі, а насустрач ім  — дырэктар Дома культуры Людміла Асіповіч.

— Скажыце, у якім мерапрыемстве вам хацелася б паўдзельнічаць? Што цікавае для вас правесці?
Дзеці на хвілінку задумаліся, а потым Надзя Міхалка адказвае:

— Мы ў якой-небудзь конкурснай праграме паўдзельнічалі б!

Падтрымалі яе Уладзіслаў Жалевіч, іншыя вучні. Гэта пажаданне ўзялі за аснову культработнікі ў час падрыхтоўкі да штогадовага справаздачнага мерапрыемства перад землякамі.

— За 29 гадоў маёй работы ў якой толькі форме мы ні праводзілі справаздачы. А вось конкурсна-канцэртная праграма ў стылі Клуба вясёлых і знаходлівых была ўпершыню, — расказвае дырэктар Маркаўскага СДК.

Людміла Леанардаўна была вядучай захапляльнай гульні КВЗ пад назвай «Беларусь мая сінявокая», прысвечанай Году малой радзімы.

Бібліятэкар Марына Чарняўская падрыхтавала тэматычную выстаўку «Радзіма мая Беларусь». На сцэне – дзве каманды: «Тарнада» на чале з капітанам Уладзіславам Жалевічам і «Іскра» са сваім лідарам  Дзмітрыем Чарняўскім. Дома ўдзельнікі намалявалі прыгожыя эмблемы, якія раскрывалі сутнасць назвы каманд, вывучылі вершы на беларускай мове, каб прачытаць іх са сцэны. У зале – аднакласнікі, сябры, настаўнікі, бацькі, суседзі. Групы падтрымкі былі вялікія.

Усе конкурсы прысвячаліся гісторыі, культуры, літаратуры нашай краіны. Найбольш спадабаўся ўдзельнікам «Беларускі каляндар», у час якога неабходна было расказаць пра дзяржаўныя, рэлігійныя, народныя святы. Трэба за-значыць, што найлепш школьнікі ведаюць дзяржаўныя святы, а вось пра Сёмуху ці Каляды нямногія маглі сказаць. Дапаўняла іх педагог Вольга Капіца. А ў перапынках паміж конкурсамі юныя і дарослыя ўдзельнікі мастацкай сама-дзейнасці прапаноўвалі гледачам беларускія вершы і песні. Сярод выступоўцаў – Мікіта Стасяловіч, Мілана Шарафановіч, Ангеліна Вятлова, Насця Літвінковіч, Ірына Карташэвіч, Марыя Баран, удзельнікі драматычнага гуртка «Паўлінка». Як заўсёды, усцешылі душу галасістыя спявачкі народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Маркаўчанка». Рады былі вітаць стваральні-цу калектыву, яго былога кіраўніка Веру Дорах. Прыгожы танец падрыхтавала з удзельнікамі харэаграфічнага гуртка «Вясёлка» мастацкі кіраўнік СДК Анастасія Літвінковіч.

Калі журы на чале з вядучым метадыстам па вакальна-інструментальным жанры цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна Аленай Фокінай падвяло вынікі, аказалася, што з вельмі нязначнай перавагай перамагла каманда «Тарнада». Падарункі – салодкія прызы – атрымалі ўсе ўдзельнікі, іх уручыў старшыня Маркаў-скага сельвыканкама Іван Мацэвіч. Весела было камандам сабрацца разам за кубкам гарбаты, абмеркаваць баталіі, што разгарнуліся на сцэне. А ў зале яшчэ доўга гучалі баян Леаніда Алейніка, акардэон Віктара Сыракваша, бубен Людмілы Асіповіч. І мала хто з гледачоў уседзеў на месцы, не пусціўся ў скокі, калі загучалі полька ды кракавяк…

Фота: архіў Маркаўскага СДК.

Прочитано 36 раз Последнее изменение 08.11.2018 9:05
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить