22.02.2018 16:12

«Засмучаюсь, калі разумею, што мог зрабіць больш»

Источник

Дзесяцікласнік гімназіі №7 Уладзіслаў Бажко перамог у алімпіядзе па хіміі на беларуска-сірыйскай змене для адораных дзяцей «Інтэлект. Творчасць. Спорт», арганізаванай на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня». Ён удзельнічае ў клубе ЮНЕСКА, захапляецца айкідо і псіхіятрыяй, чытае Рэя Брэдберы...

«Засмучаюсь, калі разумею, што мог зрабіць больш» "Маладзечанская газета"

Ведаць -- бачыць -- умець патлумачыць
Хіміяй ён захапіўся яшчэ ў 10-гадовым узросце, калі бацькі падарылі гульнявы набор юнага хіміка. Улада вельмі ўразілі доследы (тады ён называў іх не інакш як фокусы), у час якіх бясколерныя вадкасці ператвараліся ў каляровыя. Хімія канчаткова пакарыла яго з першых заняткаў у гімназіі. Неўзабаве стала поўніцца скарбонка дасягненняў Улада. Да інтэлектуальных турніраў дапамагае рыхтавацца хлопцу настаўніца Наталля Пашчук.

Нядаўна здольны вучань перамог у алімпіядзе па хіміі на беларуска-сірыйскай змене для адораных дзяцей «Інтэлект. Творчасць. Спорт». Маладзечанец абышоў 14 сапернікаў. З алімпіяднымі заданнямі ён справіўся за дзве з паловай гадзіны – на 30 хвілін раней за адведзены час. Узровень іх складанасці Улад параўноўвае з тымі, што прапануюць на «рэспубліцы».

Наогул, у цэнтры праводзіліся алімпіяды па трох кірунках – інтэлектуальным (тут і выступаў Улад), творчым і спартыўным. Таксама юнакі і дзяўчаты маглі абмяняцца вопытам у вывучэнні розных прадметаў, падрыхтоўцы да інтэлектуальных турніраў.

-- Прычым гэтыя сустрэчы праводзіліся на англійскай мове, -- дзеліцца ўражаннямі Уладзіслаў. – Пра хімію ніколі не даводзілася размаўляць па-англійску! Школьная праграма па гэтым прадмеце ў Сірыі адрозніваецца ад той, па якой навучаюцца беларускія дзеці. У нас упор на тэорыю, у іх – на візуалізацыю, дэманстрацыю доследаў. Мы нават крыху пазайздросцілі. У хіміі важны прынцып: ведаць -- бачыць -- умець патлумачыць, што бачыш. Вывучаюць гэты прадмет сірыйскія школьнікі з сёмага па дванаццаты клас. У праграме нямала менавіта той інфармацыі, якую можна скарыстаць на алімпіядах. У нас да інтэлектуальных турніраў трэба рыхтавацца па асобнай сістэме.

Цяпер, дарэчы, Уладзіслаў як пераможца абласной алімпіяды па хіміі рыхтуецца да «рэспублікі».
-- Трэба яшчэ падцягнуць англійскую мову і ўвогуле папрацаваць над самавалоданнем. Мяне засмучае, калі разумею, што мог у той ці іншай сітуацыі зрабіць больш, – самакрытычна гаворыць юны інтэлектуал.

Марыць стаць псіхіятрам
Хлопца вельмі цікавяць чалавечыя эмоцыі, уласцівасці і магчымасці памяці. Уладзіслаў марыць рэалізаваць сябе ў псіхіятрыі і такім чынам прадоўжыць сямейную дынастыю. На яго погляд, гэта галіна медыцыны мала даследаваная. Сярод захапленняў таксама -- айкідо і фотасправа.

Улад паспявае займацца грамадскай работай у Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА (адно з маладзёжных аб’яднанняў існуе ў нашым горадзе, і Уладзіслаў з’яўляецца віцэ-старшынёй). Ён абараніў тры сертыфікаты і зараз можа праводзіць трэнінгі для дзяцей, падлеткаў і моладзі па прававым лікбезе, прафарыентацыі і прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Кожны дзень гімназіста распісаны літаральна па хвілінах. Напрыканцы напружаных дзён ён любіць пачытаць навукова-папулярныя артыкулы па псіхіятрыі ці расказы Рэя Брэдберы. Уладзіслава ўзрушыў раман-антыўтопія «451 градус па Фарэнгейту». «У ім -- бачанне нашага свету ў максімалізацыі. Дзякуючы аўтару можна разгледзець чалавечыя парокі пад павелічальным шклом. Ёсць над чым паразважаць, -- філасофствуе Улад.

Фота: Ірына РАБУШКА.

Прочитано 3158 раз Последнее изменение 22.02.2018 16:12
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить