14.04.2017 11:14

«Отъ товарищей и сослуживцев…»

У музейных фондах захоўваюцца два цікавыя экспанаты – сярэбраныя табакерка і запальнічка, якія ў свой час належалі вядомаму археографу, археолагу і этнографу, краязнаўцу і музея-
знаўцу Андрэю Снітку. Яго жыццёвы шлях пралягаў праз наш край і, у прыватнасці, праз вёску Краснае.

Асабістыя рэчы навукоўца    перадала ў 1961 годзе яго    малодшая дачка Вера Ніжанкоўская (у сям’і гадаваліся яшчэ двое сыноў). Вера Андрэеўна на той час жыла ў Радашковічах, была надзвычай адукаванай, ведала некалькі замежных моў.       

На табакерцы прыгожа выгравіраваны дароўны надпіс: «Отъ товарищей и сослуживцев». Але іх імёны невядомыя, як і нагода для гэтага падарунка. На абодвух прадметах згадваюцца ініцыялы «А. С.» — гэтыя літары нібы пераплятаюцца між сабой і азначаюць уладальніка Андрэя Снітку. Сярэбраныя вырабы ўпрыгожваюць мудрагелістыя ўзоры накшталт усходніх матываў.

— Хутчэй за ўсё табакерка і запальнічка былі зроблены на тэрыторыі Расійскай імперыі. У 2010 годзе ў Дзяржаўным прабірным наглядзе пры Міністэрстве фінансаў нашай краіны праводзілася экспертыза гэтых вырабаў. Яны з серабра 875-й пробы, табакерка важыць 178 грамаў, запальнічка – 53,6, — заўважае намеснік дырэктара па навуковай рабоце Наталля Палтавец.

Захавалася ў музеі і сціплая інфармацыя пра Андрэя Снітку, які родам з дваран Смаленскай губерні. Ён закончыў Рыжскі політэхнічны інстытут. У гісторыю ўвайшоў наперш як адзін са стваральнікаў Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага музея, які стаў правобразам сучасных музеяў краіны, а яго калекцыя з’яўляецца асновай фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

— Будынак гісторыка-археалагічнага быў узведзены з нагоды 300-годдзя дынастыі Раманавых. Верагодна, адсюль і другая яго назва – Юбілейны дом. Дзве фасадныя вежы сімвалізавалі праваслаўную і каталіцкую канфесіі. А сярод 1363 экспанатаў былі пераважна прадметы царкоўнага характару, этнаграфічныя матэрыялы, тэксты народных песень і казак, манеты, каля 2000 кніг і рукапісы, — гаворыць Наталля Іванаўна. — Музей уцалеў у гады Першай сусветнай вайны, экспанаты былі перавезены ў Разань. Вярнулі іх у 1922-м, але тагачасная ўлада не дазволіла яго аднавіць. Усе матэрыялы і экспанаты перадалі ў Беларускі дзяржаўны музей. Будынак царкоўнага гісторыка-археалагічнага ўцалеў і ў Вялікую Айчынную. У пасляваенны час тут спачатку размяшчаўся Дом работнікаў мастацтваў, потым – універсітэцкая бібліятэка. Цікавы і той факт, што ў 1965 годзе ля музея ішлі здымкі кінафільма «Любимая», і ён трапіў у адзін з кадраў. А ў 1999-м установу перадалі царкве. І сёння тут размяшчаецца Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя Святых Мяфодзія і Кірылы.

… Андрэй Снітка таксама настаўнічаў у гімназіі ў Глухаве Чарнігаўскай губерні. Вёў раскопкі ў Мінскім, Барысаўскім, Ігуменскім паветах, у Пінску, Тураве, Слуцку, абследаваў манастыры. Удзельнічаў у выданні зборніка дакументаў «Мінская даўніна», у 4-м выпуску якога апісаў дакументы Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра. Сярод найбольш адметных навуковых прац прысвечаныя Нікольскай царкве ў Смалявічах і Мінску часоў XVII стагоддзя. Андрэй Снітка таксама склаў радавод слуцкіх князёў Алелькавічаў. Наогул, гэтага навукоўца лічаць аўтарам «гісторыі Слуцка» (адпаведны рукапіс знаходзіцца ў архіве Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі) і артыкулаў па гісторыі Беларусі.

У Мінскім абласным краязнаўчым музеі захаваліся звесткі і аб тым, што ў канцы XVIII - пачатку XIX стагоддзя ля Краснага быў замак, які спачатку належаў роду Мыслінскіх, потым ад іх перайшоў да Буртынскіх. У другой палове XIX стагоддзя там асеў прадвадзіцель дваранства Вілейскага павета, аматар старажытнасці Канстанцін Міхайлавіч Снітка, а пазней і яго сын Андрэй. Да гэтага часу старажылы называюць лес, які належаў гэтай сям’і, «сніткавым». Пахаваны навуковец у Глухаве.

Фота: АЎТАР і архіў МІНСКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/muzejnyya-skarby/item/1164-ot-tovarishchej-i-sosluzhivtsev.html#sigProId1bde98fef9
Прочитано 1033 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить