12.08.2020 11:18

Вёска Лужок. «Тут мы нарадзіліся і жывём, бацькоўскую спадчыну беражом»

Няцяжка здагадацца, адкуль пайшла яе мілагучная назва: лугоў і сенажацей у наваколлі багата. Згодна з кнігай «Памяць», вёска Лужок вядомая з XIX стагоддзя як цэнтр маёнтка Лажаны Палачанскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні, які належаў Вітунскаму. У 1870 годзе было 35 жыхароў, а найбольш – 179 – налічвалася ў 1921-м. Цяпер тут 34 пастаянныя жыхары, астатнія – дачнікі.

Да свята гаспадары прывялі ў парадак свае сядзібы, запрасілі сваякоў, сяброў. Нельга не адзначыць і тое, што пасля сустрэчы жыхароў Гарадзілаўскага сельсавета са старшынёй райвыканкама Юрыем Горлавым было вырашана важнае для Лужка пытанне: нядаўна пабудавана аб’язная дарога для сельскагаспадарчай тэхнікі. У вёсцы стала цішэй, больш экалагічна і бяспечна, не псуецца асфальт, што быў тут пракладзены ў 2018 годзе.

Пачалося свята з гукаў баяна Генадзія Сыраквашына, з прывітальнай песні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Беразінскага дома культуры. Наталля Троцкая з паклонам паднесла хлеб-соль ганаровым гасцям, сярод якіх — старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Сяргей Бохан, старшыня Гарадзілаўскага сельвыканкама Віктар Станішэўскі, старшыня ААТ «Гарадзілава» Дзмітрый Грамовіч.

Прыемна было прайсціся па вёсцы, пазнаёміцца з яе гасціннымі жыхарамі.

Таццяна Аноп з дома №5, што на ўскрайку вёскі, выйшла сюды замуж.

— Муж – з Лужка, а я – з Лужан, што на Валожыншчыне, адсюль кіламетраў адзінаццаць, — гаворыць жанчына і адзначае, што ў гэтай вёсцы ёй добра і ўтульна.

— «Сто лят! Сто лят! Нех жые, жые нам!» — запелі галасістыя артысткі на адным з падворкаў.
І невыпадкова: прывітаць гасцей выйшла адна з самых старэйшых жыхарак вёскі 93-гадовая Ніна Навумава.

А што за гаспадар так спраўна касу кляпае? Побач з ім гаспадыня старадаўнім цэпам збожжа малоціць. Знаёмімся: сямейная пара Галіна і Аляксандр Конаны.

— Тут мы нарадзіліся і жывём, бацькоўскую спадчыну беражом. Калі наша ўнучачка нарадзілася, пасадзілі бярозавы гай, у гонар унукаў – 13 дубкоў…

Непадалёк дом яшчэ адной карэннай жыхаркі Зоі Шапель. Яна расказвае, што ў яе бацькоў было пяцёра дзяцей, і яна таксама мнагадзетная мама – чацвярых выгадавала. У часы яе дзяцінства ў Лужку працавала васьмігадовая школа. Яе дырэктарам быў Ілья Сакалоўскі. Памятае і першую настаўніцу Марыю Грыб з вёскі Парэчча. Адметна, што Зоя Канстанцінаўна 10 гадоў жыла ў Расіі, у далёкай Калмыкіі. Але ўсё ж вярнулася на радзіму.

— Ведаеце, якое ў Лужку самае прыгожае месца? Узгорак, на якім школа стаяла: з яе ўсё наваколле відаць. А на Купалле моладзь заўсёды там касцёр паліць, — падключаецца да размовы Вольга, дачка Зоі Канстанцінаўны.

Хлебам-соллю сустрэла на сваім падворку гасцей сям’я старасты вёскі Івана Карповіча. Жонка Таццяна, дачка Марыя, унучка Віка, прыбраныя ў нацыянальныя строі, частавалі гасцей і артыстаў верашчакай і мачанкай, хрушчамі і іншымі прысмакамі.

Многія сядзібы ў гэты дзень былі ўпрыгожаны вышыванкамі, саматканымі абрусамі, посцілкамі. Некаторыя вынеслі на двор партрэты сваіх бацькоў і дзядоў, быццам і яны прысут-нічалі на свяце, якое адбылося тут упершыню за многія дзесяцігоддзі. Мясцовыя жыхары прыгадвалі, што ў даўніну ля вёскі цякла вялікая рака Арлянка, а на гары стаяў панскі маёнтак, пасля на яго месцы пабудавалі школу. Жыў у вёсцы скрыпач Даніла Тынкевіч. Было ў яго пяцёра братоў, і ўсе музыканты…

На лузе на ўскрайку вёскі пад высокай бярозай размясцілі сцэну, устанавілі лаўкі. Вядучыя, сёлетнія выпускнікі Гара-дзілаўскай школы Ганна Бярнацкая і Яўгеній Іванчык, за-прасілі на сцэну старшыню Гарадзілаўскага сельвыканкама Віктара Станішэўскага, які аб’явіў пачатак свята. Павіншаваў прысутных з 150-годдзем вёскі старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, уручыў падзячнае пісьмо старасту вёскі Івану Карповічу. Падарункаў і віншаванняў, музычных нумароў ад ансамбляў «Беразіначка», «Вечарына», «Любавушка», «Вясёлка» Беразінскага СДК было ў гэты дзень нямала. Ушаноўвалі старэйшых жыхарак Ніну Конан і Ніну Навумчык. Радасна было вітаць самую юную жыхарку Софію, малодшую дачушку ў мнагадзетнай сям’і Сняжаны і Вадзіма Арловічаў. Віншаванні гучалі ў адрас сямейных пар Галіны і Міхаіла Чычэлісаў, Галіны і Мікалая Бязпалых, якія пражылі разам шмат дзесяцігоддзяў. Ушаноўвалі таксама сёлетніх юбіляраў, сярод якіх Яўгеній Барэйша, Людміла Гелаж, Іван і Таццяна Карповічы, Віктар Гелаж, Марыя Сяргейчык, Вяча-слаў Папельскі. Старшыня ААТ «Гарадзілава» Дзмітрый Грамовіч уручыў падарункі працаўнікам сельскай гаспадаркі, якіх нямала ў Лужку. Сярод іх нельга не адзначыць вядомага ў раёне агранома Лідзію Навумчык, якая ўсё жыццё працавала ў калгасе «Кастрычнік».

Па традыцыі былі падведзены вынікі конкурсу на лепшы па-дворак. Самая добраўпарадкаваная тэрыторыя вакол дома – у Лідзіі Тынкевіч, Галіны і Міхаіла Чычэлісаў, Марыі Сяргейчык. У намінацыі «За адраджэнне сяла» ўзнагароджаны Галіна і Аляксандр Конаны, Пётр Аноп, Васіль Навумчык, Зоя Шапель, Таццяна і Іван Карповічы. Лепшымі кветкаводамі прызнаны Часлава Аноп, Лілія Шыбека, Галіна Карповіч. За гасцінны прыём выказалі ўдзячнасць Зоі Шапель, Таццяне і Івану Карповічам, Любові Пронскай.

Невялікая вёска Лужок, але колькі добрых, працавітых людзей у ёй жыве! Няхай заўсёды гучаць тут песні і звіняць дзіцячыя галасы, сады і агароды радуюць добрым ураджаем, а буслы кожную вясну вяртаюцца ў сваю буслянку.


Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/mir-uvlechenij/item/7449-vjoska-luzhok-tut-my-naradzilisya-i-zhyvjom-batsko-skuyu-spadchynu-berazhom.html#sigProId1bb5ad8e55
Прочитано 273 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить